“Рамантык — бо беларус, рэаліст — бо чалавек зямлі...”

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Народнаму мастаку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі краіны Арсену Кашкурэвічу 15 верасня споўнілася 80.

/i/content/pi/cult/227/3033/3-2.jpg
З гэтай нагоды на імя мастака міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка даслаў віншавальную тэлеграму, у якой гаворыцца:
"Паважаны Арсен Міхайлавіч! Прыміце мае шчырыя віншаванні з Вашым юбілеем - 80 годдзем з Дня нараджэння. Менавіта на Беларусі адбыліся станаўленне і росквіт Вашага таленту, які станоўча ўплывае на прафесійны рост маладых мастакоў краіны. Ваш яскравы талент, уклад у беларускае выяўленчае мастацтва, творчая і педагагічная дзейнасць ацэнены Урадам і грамадскасцю краіны. Жадаю здароўя, шчасця, натхнення і новых творчых здзяйсненняў!"
Выдатны графік-станкавіст, віртуозны рысавальшчык, бліскучы ілюстратар, А.М. Кашкурэвіч на працягу сваёй плённай творчай дзейнасці ў прасторы беларускай выяўленчай культуры раскрыў не толькі новыя, вострахарактарныя філасофскія "зрэзы" нашага складанага, супярэчлівага часу, але і глыбока адлюстраваў вобразы гераічнага і драматычнага мінулага роднай Беларусі. Напрыклад, серыя афортаў "Партызаны", зробленая амаль 30 гадоў таму, і сёння, асабліва- у юбілейны год вызвалення нашай краіны ад нямецкафашысцкіх захопнікаў, выклікае вялікае душэўнае хваляванне. Яна - як горкі боль, адчуты праз гады, як памяць пра тое, што перажыў наш шматпакутны народ. Аб гэтым, аб Вялікай Айчыннай, - і цыклы "Балада", "Напалм", "Прысвячэнне Васілю Быкаву", ілюстрацыі да кніг беларускіх пісьменнікаў-франтавікоў- І.Шамякіна і А.Адамовіча. А хто ж не ведае графічнай Купаліяны Кашкурэвіча, яго ілюстрацый да ўсіх купалаўскіх паэм, праз якія мастак увайшоў у свет твораў Песняра не староннім назіральнікам, а спасціг яго "знутры" - усхвалявана і натуральна.
 У сувязі з гэтым успамінаюцца ёмістыя словы Уладзіміра Караткевіча: "Кашкурэвіч - мастак гісторыі і сучаснасці, рамантык і рэаліст. Рамантык- бо беларус, рэаліст - бо чалавек зямлі. А можа, і наадварот..." Мастацтва для А.Кашкурэвіча - гэта барацьба праз пакуты да радасці, як гаварыў Бетховен. І гэты пасыл чырвонай ніткай праходзіць праз усе "галоўныя"творы мастака: фундаментальныя ілюстрацыі да "Новага Запавету" ("Евангелле паводле Лукі" і "Апакаліпсіс"), "Найвышэйшай песні Саламонавай", "Фауста" Гётэ і самастойныя станковыя лісты "Споведзі ад Фауста", якія не звязаны непасрэдна з творам Гётэ, але знітаваны з духоўнай і душэўнай патрэбай самога мастака пабачыць свет ва ўсёй яго складанасці і вялікасці. А побач - бліскучыя ілюстрацыі да кнігі У.Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха" і зборніка твораў пісьменніка "Ладдзя роспачы", да ісландскага эпасу "Эда" і рамана "Буранны паўстанак" Ч.Айтматава.
 Ды хіба можна пералічыць усё, што зрабіў Арсен Кашкурэвіч, якога па звычцы называюць Арленам, у галіне мастацтва на карысць нашай Бацькаўшчыны!
 "К"