Мастацтва Бацькаўшчыны — у Літве

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

У Літоўскай нацыянальнай філармоніі ў межах Дзён эканомікі, навукі і культуры Беларусі ў краіне-суседцы адбыліся мерапрыемствы з удзелам беларускіх музыкантаў і жывапісцаў. Паводле інфармацыі Пасольства нашай дзяржавы ў Літоўскай Рэспубліцы, 18 верасня ў фае Вялікай залы філармоніі адкрылася выстаўка нашых жывапісцаў, што будзе экспанавацца тут да 2 кастрычніка, а ў самой зале прагучаў канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь.

Пад час святочнай праграмы былі выкананы Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Сяргея Рахманінава і сімфанічная сюіта "Шахеразада" Мікалая Рымскага-Корсакава. Салістам выступіў Андрэй Сікорскі (фартэпіяна), лаўрэат міжнародных конкурсаў у Беларусі і Італіі, а дырыжыраваў аркестрам Аляксандр Анісімаў, мастацкі кіраўнік калектыву. Арганізатарамі мерапрыемства з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Пасольства нашай краіны ў Літве, Беларуская дзяржаўная філармонія.