Плён творчых праектаў

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Дырэктар Чавускай ЦБС Алена Петракова гатова распавядаць пра бібліятэчную справу бясконца. Пры гэтым у паперкі-справаздачы не заглядае. Кожная лічба ці факт — як частка творчага жыцця. Яно і не дзіва: Алена Уладзіміраўна скончыла ў свой час Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, потым — Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “бібліятэчная справа”. Прафесіяналка!

/i/content/pi/cult/226/3021/12-4.jpg

Дык вось, лічбы і факты. Бібліятэчныя ўстановы цягам апошніх 10 гадоў у раёне не скарачаліся. Бібліобус дзейнічае з 2007-га, у рэйс адпраўляецца 2 - 3 разы на тыдзень. Графік выездаў у кожную з 50-ці вёсак раёна ёсць у кожным сельсавеце. Усе 44 бібліятэкары дзейнічаюць на поўных стаўках, адказнасць усведамляюць цудоўна. Доказам таму - шматлікія аўтарскія праекты. Напрыклад, пры бібліятэцы аграгарадка "Антонаўка" дзейнічае клуб "Прырода і фантазія", які заняў трэцяе месца ў Рэспубліканскім конкурсе бібліятэчных фарміраванняў. Сапраўды, вырабы з прыродных матэрыялаў - унікальныя, а сістэма экалагічнага выхавання вартая пераймання ў ЦБС іншых раёнаў. І яшчэ пра адзін праект, што дзейнічае на Чавусчыне. Называецца ён "Ты і твая бібліятэка". Мэта - прафарыентацыя школьнікаў. У выніку гэтай работы некалькі юных чытачоў з сяла паступілі ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Красамоўнай заслугай Алены Петраковай з'яўляецца і тое, што ў бібліятэках раёна існуе на сёння 20 відаў платных паслуг, а летась па ЦБС зароблена ў выніку іх аказання 11 мільёнаў рублёў. Частка грошай, натуральна, пайшла на развіццё бібліятэчнай справы Чавусчыны.

 А.С. На здымку: дырэктар Чавускай ЦБС Алена Петракова.

Фота аўтара