Экскурсія ў сховішчы

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

У Дзень горада Мінска жыхарам і гасцям сталіцы Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прапануе экскурсіі па тэматычных раздзелах пастаяннай экспазіцыі і па выстаўках, што будуць прысвечаны мужнасці абаронцаў горада ў чэрвені 1941 года, Подзвігу мінчан у гады акупацыі, героям баёў за вызваленне Мінска ў ліпені 1944 года.

Пад час экскурсіі па выстаўцы "Трафеі вайны" наведвальнікі даведаюцца, як аднаўляўся разбураны Мінск, аб адкрыцці ў Мінску 22 кастрычніка 1944 г. музея, і змогуць пазнаёміцца з першымі музейнымі экспанатамі і калекцыямі. Прыемным падарункам для наведвальнікаў музея будзе і тое, што яны змогуць пабываць на экскурсіі ў музейных сховішчах. У час акцыі "Фота памяці пакаленняў" можна будзе сфатаграфавацца з музейнымі экспанатамі, ваеннымі рэліквіямі і патрэніравацца ў меткай стральбе на электронным ціры. У кіназале музея прадэманструюць мастацкія фільмы "Дзяўчынка шукае бацьку" і "Чаклун і Румба", створаныя на кінастудыі "Беларусьфільм".