Не для “паглынальнікаў поп-корну”

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Нязменны шматгадовы мастацкі кіраўнік усім вядомага кіначасопіса “Ералаш” — часты госць у беларускай сталіцы. Барыс ГРАЧЭЎСКІ наведвае Мінск звычайна напрыканцы восені, прывозіць свежыя выпускі кароткаметражак для “мальчишек и девчонок, а также их родителей” на Міжнародны фестываль “Лістападзік”. Гэтым разам ён завітаў з іншай нагоды: каб асабіста прапанаваць беларускаму гледачу свой рэжысёрскі дэбют — фільм “Дах”.

Так, як ні дзіўна гэта гучыць, але шасцідзесяцігадовы Барыс Грачэўскі, чалавек, якога ведаюць на ўсіх студыях былога Саюза, - пачатковец у вялікім кіно. І, трэба адзначыць, дэбют у яго атрымаўся гучным і не зусім чаканым. Галоўныя дзейныя асобы стужкі - падлеткі, але прызначана яна, у першую чаргу, дарослым. Дарэчы, тым дарослым, якія ўжо чатыры дзесяцігоддзі глядзяць "Ералаш". Стужка заснавана на рэальнай гісторыі: тры трынаццацігадовыя сяброўкі, засмучаныя няўвагай з боку дарослых, кінуліся з даху шматпавярховага будынка... Жудаснай трагедыі магло б і не быць, калі б дарослыя былі больш уважлівыя да праблем сваіх нашчадкаў, сцвярджае сваёй карцінай рэжысёр, які за час працы ў дзіцячым кіно дасканала вывучыў нюансы ўзаемаадносін розных пакаленняў. Паводле жанру "Дах" - драма пра адносіны бацькоў і дзяцей ды недахоп любові. У добрым сэнсе стужка з'яўляецца нашчадкам таго "падлеткавага" кіно, якому ў свой час надавалася шмат увагі. Цяперашні кінематограф звяртаецца да такой тэматыкі не так часта, таму сам факт з'яўлення "Даху" ў рэпертуары кінатэатраў - добрая навіна. Карэспандэнт "К" задаў шэраг пытанняў Барысу Грачэўскаму, які аказаўся вельмі эмацыянальным суразмоўцам. Па ўсім было відаць, што дзіцячая і падлеткавая тэма ў кіно для Грачэўскага - сапраўдны сэнс жыцця. Ды і... Ці ж магло быць інакш?..

Для дзяцей і дарослых

- Барыс Юр'евіч, мы сустрэліся літаральна праз дзень пасля таго, як адбылася прэм'ера вашай стужкі ў Маскве. Вы неяк адрозніваеце беларускага гледача ад іншых? Чаму прыехалі прадстаўляць стужку менавіта ў Мінск?

- Таму, што вельмі люблю ваш горад і хачу асабіста паглядзець у вочы сваім першым гледачам. Ведаеце, глядач у Мінску і сапраўды незвычайны: ён куды больш добры, чым у той жа Маскве. Тое ж магу сказаць наконт Казані, Краснадара, іншых гарадоў, куды паедзем прадстаўляць нашу карціну. Цяжка сказаць, чаму, але ў вялізным мегаполісе людзі больш жорсткія. Мінск у гэтым сэнсе - куды больш прыемнае месца.

- Беларускае кіно ў свой час было вядомае ў Савецкім Саюзе, у тым ліку і сваімі дзіцячымі карцінамі...

 - Так! Стужкі "Беларусьфільма", якія знялі Леанід Нячаеў і УладзімірБычкоў, - класіка ўсяго савецкага кіно. Але яны здымалі казкі, а я лічу, што дзецям, асабліва падлеткам, патрэбны і больш сур'ёзныя сюжэты. Тыя размовы, якія ім прапаноўвалі цудоўныя, на вялікі жаль, ужо сышоўшыя з жыцця, рэжысёры Дзінара Асанава і Валерый Прыёмыхаў. Не магу сказаць, што з'яўляюся іх непасрэдным пераемнікам, бо "Дах" у першую чаргу прызначаны для дарослых. Таму назваць сваю карціну цалкам "дзіцячай" мне вельмі цяжка: у ёй узнімаюцца вельмі складаныя пытанні, у тым ліку і праблема падлеткавых самазабойстваў. Гэта толькі ў кіно ўсё заканчваецца добра, і гераіні-дзяўчынкі ў апошні момант вырашаюць не кідацца з даху. Выпадак жа, які лёг у аснову сцэнарыя, скончыўся трагедыяй... Таму калі стужку паглядзяць і самі падлеткі, лепш за ўсё - разам з бацькамі, - гэта будзе проста цудоўна! Ведаеце, пасля першых сеансаў я назіраў, як шмат якія гледачы, прычым розных узростаў, хапаліся за мабільныя тэлефоны і, не адыходзячы ад кіназалаў, званілі сваім родным. Пагадзіцеся, варта здымаць сур'ёзнае кіно, каб яно стварала падобны эфект! І, трэба сказаць, неблагі.

- На ваш погляд, чым адрозніваецца праца ў "дзіцячым" і "дарослым" кіно? Існуе меркаванне, што здымаць кіно для дзяцей куды больш складана...

- Хто вам такое сказаў? Ніякай розніцы паміж здымкамі для дзяцей і здымкамі для дарослых няма. Калі рэжысёр - таленавіты чалавек, то для яго не так істотна, як і для каго здымаць. Галоўнае, каб ён быў упэўнены ў сваіх сілах, апантаны тым, што хоча данесці да аўдыторыі. У кіно "для дзяцей" ёсць свае асаблівасці, нюансы, але ў глабальным сэнсе ад кіно "для дарослых" яно нічым не адрозніваецца.

- А ці магчыма абазначыць гэтыя самыя нюансы?

- Заўсёды вельмі складана знайсці выканаўцу на дзіцячую ролю. Калі дарослыя акцёры ўвесь час "пад рукой", патэнцыйныя маленькія акцёры могуць нават не падазраваць, што іх чакаюць у свеце кінематографа. Напрыклад, трох дзяўчынак для "Даху" мы знайшлі, прагледзеўшы амаль пяць тысяч прэтэндэнтаў! Канешне, у мяне было шмат памочнікаў, але ўсё роўна: зрабіць канчатковы выбар было вельмі-вельмі цяжка. Па іроніі лёсу, выканаўца галоўнай ролі - дзяўчынкі Дашы - была літаральна "пад носам": Соф'я Ардава - дачка актрысы Ганны Ардавай. Мне выпадкова патэлефанавалі і прапанавалі паглядзець дзяўчынку. У выніку маці і дачка сыгралі ў "Даху" разам, прычым маці і дачку!

Нюансы выхавання

 - У савецкі час кінапракат не толькі забаўляў, але выконваў і адукацыйную ролю: у кінатэатрах праводзіліся адпаведныя лекторыі, ранішнікі, дзе падрастаючае пакаленне сустракалася з цікавымі людзьмі і глядзела сацыяльна значную, не выпадковую стужку. У нашай краіне такая практыка існуе па сённяшні дзень. Як вы да яе ставіцеся?

- Вельмі станоўча. Прыемна чуць, што ў Беларусі кінатэатры існуюць не толькі для "паглынальнікаў поп-корну"! Сучасная забаўляльная індустрыя, тэлебачанне, відэагульні не ставяць сабе за мэту выхаванне. Пасля "апрацоўкі" "фільмамі жахаў, баевікамі дзіця вырастае жорсткім, не здольным да чулых адносін да іншых людзей. Дзякаваць Богу, пракатчыкі паступова адумваюцца: у Маскве, напрыклад, пачала адраджацца практыка спецыяльных сеансаў для дзяцей і падлеткаў. Што з таго, калі школьнікі трапяць у кіназал са сваім класам? Галоўнае - што яны там пабачаць. А вось з апошнім у сучаснай Расіі вялікія праблемы: глыбокіх, кранаючых душу стужак амаль не здымаюць...

 - Мяркуючы па "Даху", вас нельга назваць суровым "маралістам". Вы не баіцеся закранаць і "небяспечныя" раней тэмы, такія, напрыклад, як узаемаадносіны полаў у раннім узросце...

 - Таму што гэтыя ўзаемаадносіны існуюць! Ад іх нікуды не падзецца, і самае кепскае, што можна зрабіць, - пакінуць падлетка з гэтым пытаннем сам-насам. У "Даху" разам з маім сааўтарам, таленавітым сцэнарыстам Ірынай Бурдзянковай, мы якраз і паспрабавалі паразмаўляць з гледачом на гэтую тэму, зрабіць пэўнае пасланне бацькам: калі не будзеце цікавіцца тым, чым цікавяцца вашы дзеці, - апынецеся ў небяспечнай сітуацыі!

- На ваш погляд, ці можна даваць дзецям абсалютную волю? Не сакрэт, што ў час Інтэрнета аб некаторых рэчах яны могуць даведацца зарана ды пашкодзіць сваю, яшчэ канчаткова не сфарміраваную, псіхіку?

 - Я не прыхільнік нейкіх там забаронаў і абмежаванняў. Тым больш цяпер, калі праз Сеціва і тэлебачанне дзеці атрымліваюць інфармацыю нават раней за дарослых. Я- чалавек сталага ўзросту, у мяне дарослы сын, цалкам самастойны чалавек, які займаецца сур'ёзнымі рэчамі. Але калі б ён быў падлеткам, і я, напрыклад, застаў яго за праглядам "кепскіх" сайтаў, то сеў бы побач і даказаў: глядзець там няма чаго, ёсць мноства больш цікавых заняткаў.

Перажываем разам

- Сучаснае кіно збольшага прапануе гледачу забаўляльны прадукт. Ваша ж стужка выклікае нашмат больш складаныя эмоцыі. Вы не баіцеся таго, што яна будзе незаўважанай на фоне шматмільённых галівудскіх праектаў?

- Баюся! Вельмі хвалююся за лёс гэтай карціны. Не толькі з-за таго, што яна - мой першы рэжысёрскі досвед, але і таму, што ў яе ўкладзена так шмат працы, сіл, грошай! З гэтай прычыны і суправаджаю прэм'еру амаль што ва ўсіх гарадах, дзе "Дах" выходзіць на экраны. Дарэчы, хачу яшчэ раз падзякаваць "Мінскаму кінавідэапракату", які пагадзіўся не толькі ўзяць нашу стужку, але і прапанаваў ёй лепшыя залы.

- Ці цяжка было здымаць драму чалавеку, імя якога шчыльна звязана з самым вясёлым кінасерыялам?

 - Цяжка. Але не таму, што нечага не хапала ў досведзе (дзякаваць Богу, больш за сорак гадоў у кіно!). Цяжкасці былі цалкам псіхалагічныя. Сама тэма, за якую я ўзяўся, надзвычай складаная. Эмацыянальна вельмі няпроста перажываць трагедыю сваіх герояў. Тое ж самае адчувалі і дзяўчынкі, якія ігралі ў стужцы. Асабліва няпростымі аказаліся здымкі апошняй, кульмінацыйнай, сцэны на тым самым даху. Надвор'е не спрыяла: было вельмі холадна, дзьмуў моцны вецер. Юныя актрысы ў такіх умовах замярзалі літаральна за пяць хвілін. Ім даводзілася адагравацца ў пастаўленым на даху буданчыку, дзе працаваў ацяпляльнік. Але самым цяжкім для іх стала - перажыць эмоцыі сваіх гераінь. Таму слёзы, якія вы бачыце на экране, - сапраўдныя, як і паўсюдна ў стужцы: гліцэрын, як заведзена ў кіно, мы ні разу не выкарыстоўвалі. На маю вялікую радасць, у "Даху" вырашылі ўдзельнічаць вельмі добрыя акцёры. Маша Шукшына, якую я ведаю з маленства, бо пэўны час працаваў з яе бацькам Васілём Макаравічам, сыграла ў карціне надзвычай цікавую ролю. Тое ж можна сказаць наконт Валерыя Гаркаліна, Вольгі Пракоф'евай - вельмі сур'ёзных, дарэчы,акцёраў, якім, аднак, звычайна дастаюцца камедыйныя вобразы. Толькі захапленне магу выказаць на адрас Еўдакіі Германавай: не сумняваюся, яе праца будзе ацэнена "на выдатна". А што да "Ералаша" - так, ён вясёлы, але не "пусты", як большасць сучасных "падлеткавых камедый". Пустая забава забываецца адразу пасля прагляду, а змест нашых выпускаў памятаюць дзесяцігоддзямі. Бывае так, што да мяне звяртаюцца са словамі падзякі зусім дарослыя людзі: аказваецца, некалі глядзелі "Ералаш"!

- Гэта значыць, можна чакаць новых серый кіначасопіса?

- Безумоўна! "Ералаш" застаецца маім галоўным дзецішчам. Упэўнены, ён будзе цікавы яшчэ не аднаму пакаленню малых і дарослых. Вось заўтра вяртаюся ў Маскву і адразу - на здымкі чарговай серыі...