У рамцы мінскага акна

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Кожны, хто прыйшоў на вернісаж у Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, звярнуў увагу: большасць карцін напісана... з вокнаў кватэры ў цэнтры беларускай сталіцы. Назва гэтай выстаўкі — “Саборная плошча. Барыс Аракчэеў/Аксана Аракчэева”.

 /i/content/pi/cult/226/3010/9-2.jpg
А.Аракчэева. “Мірнае неба над Мінскам”.
 /i/content/pi/cult/226/3010/9-3.jpg
 Б.Аракчэеў. “Заход. Кафедральны сабор”.

Дынастыя мастакоў Аракчэевых даўно вядомая. На вернісаж прыйшлі родныя і сябры, калегі па пэндзлі, мастацтвазнаўцы, журналісты, студэнты, педагогі. Сярод ганаровых гасцей - старшыня Крупскага райвыканкама Міхаіл Амельянчук. Зусім нядаўна заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Аракчэеў, якому сёлета споўнілася 83 гады, менавіта ў Крупках арганізаваў сваю персанальную выстаўку. Работы мастак падарыў мясцоваму музею. Нягледзячы на салідны ўзрост, мастак у любую пару года пастаянна стварае. І на доўгі час Мінск і Міншчына становяцца ягонай майстэрняй пад адкрытым небам. А сярод яго апошніх палотнаў - найбольш значныя "Возера Свіцязь", "Вечар у Жыровічах", многія іншыя вясеннія, летнія, асеннія пейзажы. У зімовы ж перыяд жывапісец "перасяляецца" ў сваю майстэрню ў цэнтры сталіцы. На адкрыцці выстаўкі Барыс Уладзіміравіч сказаў: "Мая родная вёска знаходзіцца на Яраслаўшчыне, на беразе Рыбінскага вадасховішча, дзе засталіся толькі тры драўляныя гнілыя хаты. Сёлета на Троіцу быў на сваёй малой радзіме, дзе наведаў магілу маці, пахаваную ў сяле Пакроўскае. З блізкіх сваякоў нікога не засталося. Наша сялянская сям'я рана асірацела. Некаторыя мае карціны з выявамі родных мясцін я перадаў музеям Рыбінска і Тутаева, у Яраслаўлі - музею Максіма Багдановіча. А мая другая Радзіма - Беларусь, з якой я звязаны амаль 60 гадоў свайго жыцця, і яна падарыла мне ўсё: прафесію мастака і педагога, сям'ю, вядомасць, высокае творчае задавальненне..." Побач з карцінамі бацькі экспануюцца карціны і яго дачкі Аксаны, напісаныя з вокнаў мінскай кватэры. Прыцягвае ўвагу палатно "Мірнае неба над Мінскам", прысвечанае дзеду Ягору, які загінуў на вайне ў 1944 годзе. Сярод іншых яе работ - "вобразы" сталіцы ў розныя поры года: ратуша і гасцініца "Еўропа", вежы Кафедральнага сабора і будынкі цэнтра горада.

 Іван АРХІПАЎ