З Драгічына пачатак

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

Выстаўка жывапісу нашага земляка, заслужанага дзеяча мастацтваў РБ Уладзіміра Кожуха, якая адкрылася 25 красавіка і прымеркавана да Дня памяці ахвяр Чарнобыльскай трагедыі, паклала пачатак цыкла экспазіцый твораў мастакоў — ураджэнцаў Брэсцкай вобласці.

 /i/content/pi/cult/114/301/Z-Dragichyna.jpg
50 палотнаў жывапісца прадстаўлены ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Адкрываў выстаўку начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Рыгор Бысюк, падкрэсліўшы асаблівую лірычнасць і высокую грамадзянскасць работ мастака.
Дарэчы, палотнам мастака на Чарнобыльскую тэматыку адведзена ў экспазіцыі асаблівае месца: “Палеская плашчаніца”, “Аплакванне”, “Павадыр”, “Хутарок над Прыпяццю”, “Ачышчэнне”.
Словы падзякі і захаплення ў адрас Уладзіміра Кожуха выказалі старшыня Брэсцкай арганізацыі БСМ Мікалай Кузьміч, заслужаны дзеяч мастацтваў Пётр Данелія, вядомы графік Леў Алімаў, прафесар БрДУ імя А.С. Пушкіна, дзядзька мастака Іван Кожух. Усе яны гаварылі пра У.Кожуха як пра выдатнага майстра каларыту і кампазіцыі, які ўмее таленавіта ператвараць убачанае ў яскравыя паэтычныя вобразы.
Простыя, здавалася б, немудрагелістыя кампазіцыі карцін, — а колькі ў іх цеплыні, чароўнасці, музыкі і чалавечай шчодрасці! Амаль у кожнай працы гучыць песня, народжаная роднай беларускай зямлёй, беларускім побытам, прыгажосцю пейзажаў Палесся. У дзяцінстве Уладзімір Кожух часта прыязджаў да бабулі ў Драгічын, з той пары зберагае ў памяці карцінкі вясковага ладу жыцця. На многіх палотнах цэнтральнае месца займаюць жаночыя вобразы, здавалася б, проста напісаныя, але Яны нясуць у сабе глыбокі філасофскі сэнс, гавораць пра сапраўднае прызначэнне чалавека на зямлі.
Захапляюць і светлыя, натхнёныя пейзажы мастака, поўныя некранутай пяшчоты навакольнага свету: “Светлы дзень”, “Возера”, “Белая птушка”, “Падарожжа ў ночы”, “Прастор”… 

Аксана КЛУНІНА,
вядучы метадыст ДУП “Брэсцкі
грамадска-культурны цэнтр”