С.Рымашэўскі. “Твой лёс у тваіх руках”. |
Т.Копша. “Люстэрка”. |
Дагэтуль у Беларусі сучаснае мастацтва было прадстаўлена толькі асобнымі выстаўкамі, розныя яго віды не сутыкаліся. Асноўная мэта "ДАХа" - паказаць гледачам, як змяняецца ўдзеянне твораў на чалавека, калі побач суіснуюць музыка і фота, графіка і відэа-арт, перформанс і паэзія. Гэтая ідэя, ды, прынамсі, добрая рэклама прывабілі шмат гледачоў з самага пачатку працы фестывалю. У выстаўцы прынялі ўдзел актыўныя беларускія мастакі, незалежна ад узросту. Галоўны крытэрый адбору - уменне эксперыментаваць, быць наватарам. Камітэт фестывалю вылучыў наступных творцаў: Леаніда Шчамялёва, Гаўрылу Вашчанку, Уладзіміра Хобатава, Уладзіміра Зінкевіча, Андрэя Савіча, Аляксандра Сільвановіча, Алега Скавародку ды іншых. Можна ўбачыць нават маляваны дыван Язэпа Драздовіча: арганізатары выказалі даніну павагі класіку. Пад час вернісажу ў Палацы панаваў сапраўдны ажыятаж. Тут можна было адчуць сябе ўдзельнікам вельмі значнай падзеі. Народныя мастакі Беларусі, кіраўніцтва Саюза, пастаянныя наведвальнікі галерэі і, верагодна, тыя, хто прыйшоў упершыню, - усе імкнуліся раскрыць інтрыгу, якую абяцалі арганізатары. Абурэнне ад з'едлівых інсталяцый, смех ад нечаканых супастаўленняў прадметаў, што мастацтвам раней не былі, цікавасць да шыльдачак - інтэрпрэтацый выстаўленых рэчаў - з'яўляюцца самымі частымі рэакцыямі на ўбачанае. - Выстаўка стала добрым полем для крытыкаў і мастацтвазнаўцаў, - гаворыць намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці Сяргей Цімохаў. - Тут можна вызначыць і прафесіяналаў, і пачаткоўцаў. Дасведчаныя людзі таксама лёгка адрозняць беларускіх мастакоў ад замежных. Наша адукацыя дае шырокі дыяпазон магчымасцей для творцы: ён можа выбраць патрэбныя фарбы, фактуру, гаму, вобразы, бо ўвесь гэты "арсенал" яму далі ў Акадэміі. У тых, хто яго не мае, а таксама ў некаторых замежных мастакоў, гэты "арсенал" звужаны: яны пераарыентаваліся на знаходжанне шакіруючай ідэі. Нягледзячы на тое, абстрактны гэта твор ці належыць да рэалістычнага мастацтва, узровень валодання пэндзлем заўсёды бачны. Бачны і тут. Але пазнаёміць нашу публіку з сучаснымі заходнімі тэхнікамі неабходна, і арганізатары выбралі вельмі арыгінальны і дзейсны спосаб". Рашучая змена форм, сапраўдныя колеравыя канфлікты і дысгармонія ў прапорцыях, насычаны каларыт прымушаюць адчуваць напружанне, якое не знікае на працягу ўсёй выстаўкі. Няшмат тут выяў канкрэтных праблем рэчаіснасці, але і за эстэтычнай асалодай сюды не варта прыходзіць. Аўтары нібызапрашаюць дасягнуць таго ж эмацыйнага ўзроўню, які адчувалі яны пад час напісання твораў. Але ўсплёскі гэтых эмоцый могуць хаваць у сабе ўсё, што заўгодна, і... нічога. Паміж зухаватым арт-брутам і лірыкай, постэкспрэсіянізмам і старадаўнімі сімваламі, поп-артам і прыгожым партрэтам адчуваеш сябе на скрыжаванні. Але, падумаўшы, аддаеш перавагу не гэтым агульным азначэнням, а густой пластыцы Леаніда Шчамялёва, таемнай колеравай гаме Мацвея Басава, стыльнай сімвалічнасці Аляксандра Сільвановіча... Справа - у асобе, у тым, што нясе яна гледачам, ці застаецца сабою, асаблівай, прапускаючы праз душу ўвесь свет. Новае патрэбна, але яно, нягледзячы на прыгожыя яркія фарбы і спробы нешта вынайсці ў тэхніцы, не застанецца ў памяці, калі не будзе несці ў сабе глыбіню, нешта асэнсаванае, шматзначнае. "Мастацтва - гэта складаны працэс, што прымушае маральна пакутаваць людзей, якія ім займаюцца. Але пад час гэтага працэсу, у няспынных пошуках, яны атрымліваюць асалоду". Гэтыя словы Зміцера Юркевіча, аднаго з арганізатараў фестывалю, адлюстроўваюць назву шэрагу выставак, што будуць змяняцца тут кожны тыдзень, - "Ахвяры мастацтва".