Чым падкупляеш, сімфонія Кавачыцы?

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

7 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася святочная прэзентацыя выстаўкі “Славацкая сімфонія майстроў з Кавачыцы”, якая была арганізавана ў рамках афіцыйнага візіту ў нашу краіну міністра замежных спраў Славацкай Рэспублікі Міраслава Лайчака пры садзейнічанні Пасольства Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Пасольства Сербіі ў Рэспубліцы Беларусь.

 /i/content/pi/cult/226/3007/8-4.jpg
П.Гайка. “Дарога на поле”. 
 /i/content/pi/cult/226/3007/8-5.jpg
 Я.Глозік. “Праз раку”.
 /i/content/pi/cult/226/3007/8-6.jpg
 М.Маркаў. “Пудзіла”.
 /i/content/pi/cult/226/3007/8-7.jpg
 П.Цыцка. “Рыбакі ў лодцы”.
Свае творы прадставілі майстры так званай "кавачыцкай школы". Заснаваная славакаміэмігрантамі, гэтая школа аб'ядноўвае мастакоў-непрафесіяналаў, майстроў-самавукаў - простых сялян, "людзей зямлі", якія займаюцца мастацтвам у вольны час. Гэта сапраўды унікальная з'ява ў культуры славацкага народа, свайго роду самабытны астравок наіўнага, інсітнага жывапісу, слава аб якім разнеслася далёка за межы Кавачыцы. Дарэчы, у Кавачыцы працуе Галерэя наіўнага мастацтва, якая аб'ядноўвае мясцовых майстроў. Калі правесці нейкія аналогіі, дык жывапіс прадстаўленых у экспазіцыі чатырох мастакоў - Паўла Гайкі, Яна Глозіка, Марцы Маркава і Паўла Цыцкі - адносіцца да той інсітнай прасторы, у якой працавалі харваты-самавукі У.Генераліч, М.Вірыус, Ф.Мраз, К.Хегедуш, грузін Н.Пірасманашвілі, француз А.Русо, беларуска А.Кіш... Самабытная аснова карцін ідзе ад глыбінных вытокаў народнай творчасці. Работы падкупляюць гледача сваёй непаўторнай шчырасцю, лагоднасцю і, галоўнае, дзіцячай непасрэднасцю. Сюжэты для сваіх твораў гэтыя мастакі чэрпаюць з навакольнага асяроддзя, узнаўляючы жыццё сялян - рыбакоў, зборшчыкаў ураджаю, аратаяў, вінаробаў, касцоў, дрывасекаў, хлебаробаў - у іх штодзённай працы ў полі, у садзе і гародзе, у хвіліны адпачынку, у святах і буднях, і ўсе дзействы адбываюцца, як правіла, на фоне сялянскіх пейзажаў. Безумоўна, арганізацыя такой мастацкай акцыі спрыяе ўмацаванню культурных сувязей са Славацкай Рэспублікай і Рэспублікай Сербія. І, як заўважыў у сваім выступленні на вернісажы дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў, "гэтай выстаўкай мы адкрываем новы раздзел у адносінах паміж нашымі краінамі". Ён таксама адзначыў, што яе сёлета пабачаць гледачы Магілёва, Гомеля і Віцебска, і, магчыма, у Беларусь прыедуць і гэтыя чатыры мастакі - Павел Гайка, Ян Глозік, Марцы Маркаў і Павел Цыцка, якія нядаўна завяршылі сумесную "аўтапартрэтную" карціну - будучы дар нашаму музею. На адкрыцці выстаўкі выступілі міністр замежных спраў Славацкай Рэспублікі Міраслаў Лайчак, Пасол Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мар'ян Серватка, Пасол Сербіі ў нашай дзяржаве Срэчка Джукіч, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны Наталля Аўдзеева.