Інтэрнет і інтэрнат

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Падышла да канца першая дэкада верасня. Студэнты, у тым ліку і першакурснікі, ужо засяліліся ў інтэрнаты. “К” вырашыла даведацца пра ўмовы пражывання ў сталічных інтэрнатах ВНУ культуры і мастацтваў — Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

Няма толькі Інтэрнета

Спярша наш карэспандэнт наведаў інтэрнат Акадэміі мастацтваў. Як кажа загадчык інтэрната Надзея Ламака, рэканструкцыя іхняга будынка завяршылася адносна нядаўна - у канцы 2007 года, - таму ўсе ўмовы пражывання студэнтаў - найлепшыя. У пачатку года закуплена неабходная колькасць інвентару (а менавіта: паліц для кніг і для абутку), а тумбачак, сталоў, бялізны, чысцячых сродкаў хапае, так што студэнтам грэх скардзіцца. Сапраўды, пабачыўшы пакоі і пагутарыўшы са студэнтамі, магу сцвярджаць: умовы для пражывання тут - вельмі добрыя. Светлыя пакоі, дзе звычайна жывуць па тры чалавекі, прасторы хапае, кухні чыстыя, як і калідоры. Адзінае, што іх засмучае, - адсутнасць Інтэрнета. Як сказаў мне Віталь, студэнт факультэта дызайну, яны хутка звернуцца да адміністрацыі, каб Сеціва ў іх усё ж такі з'явілася. Як пракаменціравала загадчык інтэрната, да канца года пытанне з сучаснай камунікацыяй павінна вырашыцца.

 Без вады - і ні туды, і ні сюды

 А вось у інтэрнаце Акадэміі музыкі сітуацыя зусім іншая. Калі падняўся на восьмы паверх будынка, дык "сутыкнуўся" з такой дзіўнай сітуацыяй: дзве дзяўчыны стаялі ў калідоры, паставіўшы свае ноўтбукі на халадзільнік. Аказалася, што толькі тут, "ля халадзільніка", ды яшчэ на першым паверсе каля вахты, можна "злавіць" бесправадны Інтэрнет Wi-Fi. Як расказалі аспіранткі Таццяна і Алена, у ранішнія часы і вечарам на гэтым м е с ц ы - гармідар: многія займаюць нават чаргу да халадзільніка, каб скарыстацца сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. - З Інтэрнетам у нас пытанне будзе ў хуткім часе вырашана, - кажа загадчык інтэрната Варвара Касько. - А ўвогуле працуем над папаўненнем сваіх фондаў: сёлета атрымалі новую бялізну, аднавілі электрапліты, на сёмым і восьмымпаверхах замянілі электраправодку, закупляем мэблю, зрабілі касметычны рамонт кухняў і калідораў. Але не ўсё так добра: з канца ліпеня ў інтэрнаце адсутнічае гарачая вада ў сувязі з рамонтам цеплатрасы. Зразумела, што чакаць, пакуль нагрэецца каструля вады на пліце, хоча не кожны студэнт. І вось вынік: трэці дзень запар зранку і ўвечары прыкладна на гадзіны тры адключаецца электраэнергія. - А якім чынам абыходзіцца без гарачай вады? З каструлькамі тут многа не пабегаеш, - казалі мне аспіранткі. - Хоць бы аднаго чаго не было: або вады, або святла! А то прыходзіш - ні памыцца, ні падрыхтавацца да заняткаў, бо цёмна, - казалі мне Вольга, Крысціна, Насця, студэнткі аркестравага факультэта, якія жывуць у адным блоку. Адміністрацыя пагаджаецца: калі б уключылі гарачую ваду, крытычных момантаў тут значна паменела б. І апошні штрых: у маёй прысутнасці адна са студэнтак прыбегла і паскардзілася, што ў яе знікла тумбачка. Аказалася, гэта яшчэ адна праблема інтэрната, дзе праходзяць рамонты ў пакоях. Звычайна ж уся мэбля пры гэтым выносіцца ў калідор, адкуль яна вельмі часта знікае ў невядомым накірунку. - Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што ў інтэрнаце "пазычаюць" тумбачкі і ложкі, - сказалі мне Яўген і Альберт, студэнты фартэп'янна-кампазітарска-музыказнаўчага факультэта, у якіх таямніча зніклі ложак і тумбачка, - і што падобныя факты - не адзінкавыя.

"Ваш пропуск!"

 А вось прайсціся па інтэрнатах Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў аказалася не так проста, як па іншых. Адолеў тры прапускныя пункты. З вахты мяне накіравалі да загадчыка інтэрната № 1 Наталлі Зінкевіч, якая сказала, што нічога не пакажа і не раскажа без дазволу кіраўніцтва. Начальнік упраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю Людміла Манакова накіравала да першага прарэктара БДУКіМ Юрыя Бондара, у якога і атрымаў доўгачаканы дазвол. Як кажа студэнтка факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Ірына, раней у іх на дзевятым паверсе пастаянна працякаў дах. Як я пераканаўся, плямы ад вады бачныя не толькі на дзевятым паверсе, але і на восьмым. - Мы адрамантавалі дах да пачатку навучальнага года, плануем рамонт на восьмым і дзевятым паверхах інтэрната таксама распачаць сёлета, - гаворыць Наталля Зінкевіч. - А ўвогуле ў нас у гэтым годзе закуплены ложкі, сталы, адрамантаваны электрапліты і закуплена 10 новых на два інтэрнаты. Плануецца сёлета адкрыць у інтэрнаце і пральню, як распавяла мне загадчык студэнцкага гарадка БДУКіМ Аксана Кадлубовіч. Будуць уведзены дзве штатныя адзінкі - аператара і рабочага, хто будзе кантраляваць увесь працэс. А пакуль што ў памяшканнях будучай пральні ідзе рамонт. Як зазначыў Юрый Бондар, цяпер ствараецца бізнес-план і тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне дадзенага праекта пральні, якая будзе існаваць на гасразліку і мае быць самаакупнай. Рамонт плануецца завяршыць у хуткім часе. * * * Так, жыхары студэнцкіх інтэрнатаў не пачуваюць сябе абдзеленымі ўвагай адміністрацыі, але, зразумела, сітуацыя ў будынку Акадэміі музыкі не залежыць ад яе кіраўніцтва. Тут ужо як спрацуюць гарадскія камунальныя службы.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

 Чарга да халадзільніка

 "Быть знаменитым - некрасиво!" - сцвярджаў класік. Але ніхто не будзе адмаўляць: у ХХІ стагоддзі быць знакамітым - абсалютна неабходна для поспеху ў любой сферы, тым больш - у галіне культуры і мастацтва. І гаворка - не пра банальную рэкламу. Як сцвярджаюць спецыялістыпсіхолагі, звычайныя спосабы заявіць пра сябе ўжо не гарантуюць грамадскай цікавасці. Новыя тэхналогіі, найперш у Інтэрнеце, вымагаюць іншых стратэгій і падыходаў. "Культура" вырашыла зноў даведацца, як розныя айчынныя культурныя ўстановы прадстаўлены ў Сусветным Павуцінні і ці з'яўляюцца іх сайты арганічнай часткай глабальнай інфармацыйнай прасторы.

 Не шукай ты мяне...

 Для большасці карыстальнікаў Інтэрнета сеанс атрымання патрэбнай інфармацыі пачынаецца з пошукавых рэсурсаў. Самы папулярны пошукавік у свеце на запыт "Republic of Belarus culture" адразу дае спасылку на сайт Міністэрства культуры краіны (www.kultura.by), дзе ў адпаведным раздзеле можна знайсці электронныя спасылкі на большасць прадстаўленых у Інтэрнеце беларускіх музеяў, бібліятэк, тэатраў, кінапракатных і іншых устаноў. Куды складаней будзе карыстальніку, які паспрабуе ўвесці ў пошукавік нешта кшталту "Беларускія музеі": на маніторы з'явяцца спасылкі на рэсурсы не першай свежасці, ніводны з якіх не дасць хаця б прыблізнага спіса таго, з чым было б цікава пазнаёміцца турысту ў рэспубліцы. Хіба за невялікім выключэннем, кожная ўстанова культуры, патэнцыйна цікавая наведвальнікам, самастойна распрацоўвае бясконцае поле магчымасцей, што прадастаўляе Інтэрнет. Крыху прасцей будзе тым, хто вырашыць звярнуцца да адмысловых старонак аднаго з некалькіх каталогаў беларускіх інтэрнет-рэсурсаў. Сайты па культуры і мастацтве адсартаваны там па накірунках. Але... Калі, напрыклад, рэсурс Домамузея Адама Міцкевіча ўзначальвае рэйтынг самых запатрабаваных сайтаў, то сайты Купалаўскага тэатра ці "Беларусьфільма" - далёка не ў пачатку спісаў адпаведных аддзелаў каталогаў... Шэраг устаноў (такіх, як сталічныя літаратурныя музеі) маюць агульныя сайты з самым мінімальным наборам інфармацыі. Сапраўдным феноменам з'яўляецца рэсурс museum.by, які ствараецца высілкамі спецыялістаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка: на гэтым сайце змешчаны спасылкі на сайты музеяў і кароткая інфармацыя пра шмат якія ўстановы. Але не ўсе радкі ў спісе беларускіх музеяў з'яўляюцца адначасова спасылкамі на інтэрнет-рэсурсы. Менш за ўсё "інтэрнетазавана" музейная гаспадарка Брэсцкай і Магілёўскай абласцей, лепш за астатніх справы ў Мінска, Міншчыны і Гомельшчыны. Таксама немагчыма знайсці і сайт РУП "Белвідэацэнтр". І не таму, што ён - дзесьці ў нізе табліцы рэйтынгу самых запатрабаваных, а таму, што яго... увогуле няма. Кіраўніцтва ж вышэйназванай установы абяцае, што яе інфармацыйны рэсурс у Сеціве хутка ўсё-такі з'явіцца...

Змест і... содержание

Спрэчка аб тым, што з'яўляецца для сайта больш важным - змест або дызайн, вядзецца ці не з першай хвіліны існавання WorldWideWeb. Для большасці беларускіх сайтаў у сферы культуры, здаецца, такога пытання не існуе: зместу ў ім аддаецца відавочны прыярытэт. На шэрагу сайтаў вельмі вядомых устаноў, у тым ліку Нясвіжскага музея-запаведніка, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, сайтах тэатраў оперы і балета (дарэчы, адзінага афіцыйнага сайта ў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь пакуль няма), можна знайсці неабходны мінімум інфармацыі: гісторыя, бягучыя падзеі (рэпертуар, расклад, навуковыя мерапрыемствы). Некаторыя, напрыклад, сайт Дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, прапануюць магчымасць зваротнай сувязі, але сапраўднай інтэрактыўнай пляцоўкі ў Інтэрнеце, якая ўлічвала б неабмежаваныя магчымасці камп'ютэрнай тэхнікі, няма пакуль ні ў адной дзяржаўнай культурнай установы Беларусі. Айчынныя музеі, запаведнікі, мемарыяльныя комплексы могуць праводзіць не толькі звычайныя, але і віртуальныя экскурсіі. Ці трэба казаць, як могуць павялічыць апошнія цікавасць айчынных і замежных турыстаў да таго ж Мірскага замка ці палаца Радзівілаў у Нясвіжы? Яшчэ адно балючае пытанне: версіі сайтаў устаноў культуры на розных мовах. Далёка не на ўсіх з іх прысутнічае магчымасць выбару моўнай версіі. На шматлікіх англійская даецца ў скарачэнні, на шэрагу - няма версіі нават на роднай мове...

 Віртуальны лідэр

 Станоўчым прыкладам тут колькі гадоў з'яўляецца сайт Мемарыяльнага комплексу "Хатынь", які дае роўную магчымасць выбару паміж беларускай, рускай, англійскай і нямецкай мовамі і мае вельмі запамінальны і арыгінальны дызайн з выкарыстаннем мультымедыйных элементаў. Баланс паміж зместам і знешнім выглядам тут вытрыманы ідэальна. Сайт "Хатыні" быў нават прызнаны лепшым на адным з адпаведных конкурсаў. Усё было б добра, калі б конкурс гэты не праводзіўся гадоў пяць таму. А новых віртуальных прадстаўніцтваў беларускіх устаноў культуры, якія прымусілі б гаварыць пра сябе спецыялістаў не толькі ў краіне, але і за яе межамі, пакуль так і не з'явілася...

 Антон СІДАРЭНКА