Рэкорды — на “Лістападзе”

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Плануецца, што фільмам адкрыцця Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” стане стужка расійскага рэжысёра Паўла Лунгіна “Цар”, у якой сваю апошнюю ролю на экране сыграў народны артыст СССР Алег Янкоўскі. Вызначыліся арганізатары і са старшынёй міжнароднага журы: самы галоўны на “Лістападзе” конкурс — ігравога кіно, — як плануецца, узначаліць вядомы рэжысёр Павел Чухрай, чые стужкі неаднойчы былі адзначаны на фестывалі ў беларускай сталіцы.

"Падрыхтоўка да XVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю выходзіць на фінішную прамую", - паведаміла карэспандэнту "К" дырэктар кінафоруму Аляксандра Захарэвіч. Па словах кіраўніка фестывальнай дырэкцыі, будучая падзея абяцае быць больш цікавай і вялікай па маштабах за папярэднія. З 14 па 21 лістапада мінчан і гасцей сталіцы нашай краіны чакае сапраўднае свята кіно. Значна пашырыцца пазаконкурсная частка праграмы: кінаманам будуць прапанаваны падборкі твораў лепшых рэжысёраў і кінашкол з усяго свету. На дадзены момант канчатковая праграма кінапаказаў яшчэ не зацверджана. Але можна ўжо сказаць, што "Лістапад-2009" абяцае быць рэкордным па колькасці стужак і краін-удзельніц. У адборачную камісію беларускага фестывалю ўжо даслана 226 ігравых, дакументальных і анімацыйных стужак з 46 краін свету! Акрамя асноўных конкурсных праграм з'явяцца дадатковыя: "Паралелі", "Кінамэтры", "Нацыянальныя вобразы свету" і г. д. У межах "Лістапада-2009" пройдуць рэтраспектывы лепшых стужак Кшыштафа Занусі і Кіры Муратавай. Дарэчы, самі рэжысёры абяцалі наведаць Беларусь. Паказы ж стужак Занусі і яго сустрэчы з гледачамі плануюцца не толькі ў сталіцы, але і ў Гомелі і Гродне. Не абмінуць беларускую сталіцу і іншыя вядомыя ў кінамастацтве асобы. Плануецца, што будуць арганізаваны сустрэчы і майстар-класы з Алегам Табаковым, Аляксандрам Адабаш'янам, Аляксандрам Міндадзэ, Мікалаем Хамерыкі, Арменам Мядзведзевым, Пітэрам Сімам і іншымі майстрамі кінацэха. Канцэрты і творчыя вечары форуму пройдуць з удзелам Таццяны Даронінай, Лідзіі Федасеевай-Шукшыной, Васілія Ланавога, Ніны Русланавай, Ірыны Разанавай, Багдана Ступкі, Сяргея Гармаша, Іі Нінідзэ і іншых акцёраў. Пад час "Лістапада-2009" наладзяць таксама прэзентацыі расійскага кінафестывалю "Кінашок", беларускіх - "Кінагрань" і "Анімаёўка", нямецкага - "Шлінгель" з паказам лепшых стужак - удзельніц гэтых форумаў. Упершыню ў Мінску адбудзецца прэзентацыя кінашкол, а таксама пройдуць "круглыя сталы" на актуальныя для сучаснага працэсу ў галіне тэмы. Як падкрэсліла дырэктар "Лістапада", галоўны прынцып мінскага свята кіно - нязменны: яно застанецца так званым "фестывалем фестываляў". Плануецца таксама, што беларускім удзельнікам конкурснай праграмы стане стужка Рэнаты Грыцковай "Інсайт".