Першыя вынікі

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

У № 23 “Культуры” за 2009 год пад рубрыкай “Родная зямля: час крэатыву” быў надрукаваны артыкул “Чаму ў школе нельга грукаць дзвярыма?”. Гаворка ў матэрыяле вялася пра Вілейскую дзіцячую школу мастацтваў. Адзін з будынкаў школы па вуліцы Маркава, 32 знаходзіўся ў аварыйным стане, але, нягледзячы на гэта, у ім праводзіліся заняткі. Іншы будынак ДШМ, па вуліцы Вадап’янава, рамантаваўся, але на працяг рамонтных работ на той момант не хапала грошай. Артыкул быў накіраваны на рэагаванне. Вось што адказаў “К” начальнік упраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Акушэвіч:

"Ваш зварот быў разгледжаны ўпраўленнем культуры сумесна з Вілейскім раённым выканаўчым камітэтам з выездам на месца. Па сутнасці справы паведамляем наступнае. Праблемы Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў знаходзяцца на пастаянным кантролі ва ўпраўленні культуры аблвыканкама. Будынак па вул. Вадап'янава, д. 29 перададзены ў распараджэнне школы мастацтваў у жніўні 2008 года. На сёння на бягучы рамонт будынка выкарыстана 171,2 млн. рублёў. У адрамантаваныхпамяшканнях праводзяцца заняткі з навучэнцамі. У трэцім і чацвёртым кварталах 2009 года запланавана асваенне 170 млн. рублёў, прадугледжаных бюджэтам на цякучы рамонт. Будынак, размешчаны па вул. Маркава, д. 32, у цяперашні час не эксплуатуецца. Аддзелу культуры райвыканкама ўстаноўлены тэрмін для вывазу матэрыяльных каштоўнасцей і музычных інструментаў. Згодна з распараджэннем Вілейскага райвыканкама ад 27 жніўня 2009 года № 358-р паміж аддзелам культуры і аддзелам адукацыі раёна заключана дамова аб часовым бязвыплатным карыстанні навучальнымі класамі ДУА "Вілейская гімназія № 2" для правядзення заняткаў з вучнямі школы мастацтваў. У цяперашні час кіраўнікамі ўстаноў узгоднены рэжым і расклад працы".