“Мы прыдумалі слоган свята!”

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

У Мінску стала ўжо добрай традыцыяй у другую суботу верасня адзначаць Дзень горада. Да гэтай падзеі, вядома ж, грунтоўна падрыхтаваліся сталічныя культасветработнікі. Невыпадкова жыхары і госці Мінска з нецярплівасцю чакаюць незабыўных дзей на пляцоўках горада. Пра гэта сведчыць нават ужо тое, што пад час майго знаходжання ў прыёмнай начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзіміра КАРАЧЭЎСКАГА тэлефон сакратара літаральна разрываўся: многія цікавіліся, як жа атрымаць запрашальны білет на адно з разрэкламаваных мерапрыемстваў — конкурс “Міс Мінск-2009”. Але не толькі гэтае мерапрыемства прыцягне ўвагу ўдзельнікаў свята, перакананы Уладзімір Міхайлавіч.

/i/content/pi/cult/226/2994/2-2.jpg

- Святочныя падзеі, прысвечаныя Дню горада, распачаліся ўжо за тыдзень да вызначанай даты. Яны ўключалі разнастайныя культурна-спартыўныя мерапрыемствы практычна ва ўсіх раёнах Мінска: гэта і выстаўкі, і канцэрты, нельга не адзначыць і адкрыццё новых сацыякультурных аб'ектаў, што стала ўжо добрай традыцыяй. Гэтымі днямі першых наведвальнікаў прыняла гарадская бібліятэка па вуліцы Яна Чачота. Немалаважнай падзеяй таксама стала ўрачыстая дзея з нагоды заканчэння рэканструкцыі Новага драматычнага тэатра, убачыць спектаклі якога можна будзе літаральна праз месяц. Цяпер жа супрацоўнікі ўстановы асвойваюць сучасную апаратуру. Трэба сказаць, што акцёрская трупа была захавана, але праведзены і эксперымент па прыцягненні выпускнікоў цэлага курса Беларускайакадэміі музыкі ў шэрагі творчага калектыву. Да таго ж, на тэрыторыі ўстановы ў новых умовах з'явіцца першая тэатральная школа, што дазволіць моладзі вучыцца ў прафесіяналаў, а таксама іграць з імі на адной сцэне. І самае галоўнае - з'явіцца магчымасць для эксперыменту. На першых пастаноўках тэатра чакаем аншлаг!

- Уладзімір Міхайлавіч, а ў чым адметнасць сёлетняга Свята горада? Ці была распрацавана яго новая канцэпцыя?

 - Скразной лініяй праз урачыстасці пройдудуць тры тэмы: гісторыя і сучаснасць сталіцы, Год роднай зямлі, 65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У той жа час, сёлета распрацаваны цэласныя творчыя праграмы. Мы пастараліся, каб свята было цікавым для рознай аўдыторыі. Акрэслю толькі некаторыя мерапрыемствы. Да прыкладу, стала традыцыйнай выстаўка дасягненняў прамысловасці каля Нацыянальнай бібліятэкі. Там таксама адбудзецца вялікі галаканцэрт з удзелам лепшых выканаўцаў, пераможцаў фестывалю "Сузор'е", - ад дзіцячых да ветэранскіх калектываў. Каля Палаца спорту разгорнецца імправізаваны "Горад майстроў" і пройдзе Свята мёду, а таксама адбудзецца канцэрт фальклорных калектываў. На нядаўна адкрытай пляцоўцы амфітэатра каля Палаца спорту вялікую творчую праграму пабачаць самыя маленькія: там выступяць дзіцячыя калектывы, клоуны, касцюміраваныя персанажы. Для юных гледачоў падрыхтавана надзвычай цікавая праграма каля музея Заіра Азгура, дзе прадэманструе сваё майстэрства школа мастацтваў, адбудуцца пленэр, выстаўка. Будзе нададзена ўвага і нашай моладзі. Так, у іх распараджэнне на дзень пяройдзе пляцоўка каля Палаца культуры чыгуначнікаў: яны змогуць паўдзельнічаць у разнастайных незвычайных спаборніцтвах, праявіць сваю кемлівасць у выступленнях КВЗ. Наша задача - не толькі забаўляць, але і выхоўваць удзельнікаў святочных мерапрыемстваў праз дэманстрацыю лепшых узораў айчыннай і сусветнай культуры, што не павінна пакінуць абыякавым нават людзей, далёкіх ад мастацтва.

- Сапраўды, бачны рацыянальны падыход да святочных мерапрыемстваў. А ці ўлічваецца досвед іншых еўрапейскіх гарадоў у плане арганізацыі вулічных фестываляў, канцэртаў?

- Бясспрэчна. У нас ёсць і гарады-пабрацімы, з якімі актыўна супрацоўнічаем у сферы культуры. Ажыццяўляюцца і ўзаемавыгадныя стажыроўкі з рознымі краінамі, бо мінчанам таксама ёсць што паказаць. Але галоўнае, што ва ўпраўленне культуры прыходзяць людзі з разнастайнымі праектамі, напрацоўкамі. І надзвычай важна дапамагчы ім увасобіць творчыя задумы, у тым ліку ў межах гарадскіх праектаў. А звярніце ўвагу, наколькі актыўна пачалі працаваць з кліентамі сталічныя музеі, арганізоўваць арыгінальныя начныя акцыі. Ды і бібліятэкі становяцца сапраўднымі адукацыйнымі цэнтрамі, дзе можна не толькі ўзяць кнігу, але і наведаць выстаўку, сустрэцца з пісьменнікамі. Канешне, яшчэ назіраецца недахоп магчымасцей, у тым ліку ў сферы выкарыстання найноўшых тэхналогій, але зірніце на будынкі і інфраструктуру Вялікага тэатра оперы і балета, Нацыянальную бібліятэку, Нацыянальны мастацкі музей ды іншыя аб'екты: за іх можна не толькі не саромецца перад замежнымі турыстамі, але імі ганарыцца. Важна тое, што кіраўнікі больш актыўна пачынаюць шукаць шляхі павышэння прывабнасці сваіх устаноў культуры. Ды й нельга не адзначыць многіх выпускнікоў-менеджэраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў - гэта перспектыўны рэзерв кадраў.

 - Дарэчы, а якая роля ў святочным афармленні горада ўпраўлення культуры гарвыканкама?

 - Непасрэдна функцыю афармлення сталіцы ажыццяўляе прадпрыемства "Мінск-рэклама". Мы ж, у сваю чаргу, прапаноўваем свае ідэі. Так, сёлета прыдумалі слоган свята: "Мой родны Мінск, ты - сэрца Беларусі!", а ўжо дызайнеры мусілі развіць гэтую тэму ў сваіх работах.

Кастусь АНТАНОВІЧ

Фота Юрыя ІВАНОВА