Белка з гарадскога герба

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

Повязь часоў не перарываецца... Знакамітая школа д р э с і р о ў к і мядзведзяў, што засталася ў гісторыі як “Смаргонская акадэмія”, асаблівага росквіту д а с я г н у л а пры Каралю Станіславе Радзівіле (Пане Каханку). Кіраваў школай барон літоўскіх цыганоў Ян Марцінкевіч. Сучасны ж “універсітэт для звяроў” каторы ўжо год узначальвае прараб Смаргонскага будаўнічага трэста № 41 Яўген Каспяровіч. І гэта не адзінае адрозненне паміж “установамі” XVII і XXI стст.

/i/content/pi/cult/225/2992/6-2-5str.jpg
 /i/content/pi/cult/225/2992/6-3-5str.jpg
 /i/content/pi/cult/225/2992/7-3-5str.jpg

Школа знаходзілася ля Смаргоні, на так званых французскіх узгорках, дзе меліся спецыяльныя пабудовы і манежы. "Універсітэт" знаходзіцца ў вёсцы Лубянка, адкуль родам Каспяровіч... "Педагагічнай" дзейнасцю ў акадэміі займаліся 20 цыганоў, а ў лубянскім "заапарку" - толькі Яўген ды ягоны 80-гадовы бацька Мар'ян Міхайлавіч, таксама заўзяты паляўнічы... Павадыры з дрэсіраванымі ў акадэміі мядзведзямі хадзілі ў заробкі па кірмашах Беларусі, Літвы, Расіі, Германіі, Італіі і Скандынавіі. Звяры ж Каспяровічаў - дамаседы... Пры Пане Каханку дрэсіравалі да 10 мядзведзяў-самцоў і некалькі малпаў. У Каспяровічаў жывуць лісы, ваўкі, трусы, муфлон і трохгадовая мядзведзіца Белка ледзь не ў два цэнтнеры вагой. Адной толькі кашы з мясам з'ядае за дзень да 20 кілаграмаў, а груш і яблык - незлічона... І апошняе адрозненне, цалкам зразумелае з пункта гледжання дыялектыкі развіцця чалавечай дабрыні: сваіх звяроў Каспяровічы набылі ў заапарках Беларусі не дзеля ўласнага грашовага прыбытку, а з прычыны бязмежнай любові да жывёльнага свету. І любоў гэтая - узаемная. Менавіта яна з'яўляецца асноўнай навучальнай дысцыплінай у "звярыным універсітэце" вёскі Лубянка. Словам, смаргонскія традыцыі жывуць на гэтай зямлі і ўдасканальваюцца. Белка нібыта сышла з гарадскога герба. Мажная, рухавая, абаяльная, але для нахабы-чужынца - пагрозлівая. Вось з гэтым "гербам" гарадскога неўміручага духу мы і вырашылі зрабіць вандроўку па Смаргоні і яе незабыўных ваколіцах. Белка пракаўтнула чарговую грушу, уздыхнула - і адмовілася. Маўляў, даруйце, даражэнькія, я Каспяровічаў ні на хвілю не кіну. Маўляў, куды я без іх, а яны без мяне? І - прапанавала зрабіць шпацыр па Смаргоншчыне з паўгадовым сынам Мішуткам, які атрымлівае "адукацыю" ў адным з маскоўскіх цыркаў і прыехаў днямі на гастролі ў мясцовы РДК. Ці ж маглі мы не пагадзіцца з касалапай мамай? Мішутка, у дарогу!

Па вуліцах Крэўскай, Дворнай, Скамарошнай

 Даўно не быў Мішутка ў Смаргоні. Паспеў засумаваць па мясцовых цікавостках. Уразіў яго найперш перадсвяточны горад. Таму імгненна заскочыў у кабіну экскаватара, што прыбіраў з вуліц будаўнічы друз. Заскочыў, агледзеўся і запытаўся ў нас па-мядзведжы: "А што гэта - Дзень беларускага пісьменства?" І сам жа адказаў: "Відаць, вялікая ды шчаслівая чалавечая гульня!" Мы не сталі тлумачыць Мішутку, што такое Слова, Кніга і Душа, а пазнаёмілі медзведзяня з "Завадатарам". Убачыўшы прыгажунь у цыганскіх строях, сын Белкі, адчуўшы ток смаргонскіх генаў, пачаў танчыць пад бубен. "Завадатар" - народны тэатр гульні пры мясцовым РМЦНТ. Гадоў з 15 таму прыдумала яго сённяшні галоўны спецыяліст аддзела культуры Марыя Клуйша. І прыдумала не толькі дзеля гульні: "Завадатар" інфармуе, вучыць і прапагандуе. Гэткая метадычна-творчая рухомая лабараторыя, якая аздобіць любое мерапрыемства, дапаможа любому культасветнаму фарміраванню. Як распавядае кіраўнік тэатра Вольга Грышан, у рэпертуары калектыву - больш за 30 гульнёвых праграм. Сярод "дзейных асоб" тэатра - дырэктар РМЦНТ Алена Драмлюк, метадысты ўстановы Галіна Крацянок і Наталля Плоніш. На праграму "Завадатара" з назвай "Як смаргонскія дзяўчаты прыехалі ў сваты" збіраюцца ўсе хлопцы раёна. Што і казаць, нават "непаўналетні" Мішутка хадзіў за прыгажунямі, як за мёдам. Спалучэнне "фальклор, прыгажосць, талент" - сіла наймагутнейшая. Дый з фінансавымі справамі ў "Завадатара" ўсё як мае быць. За 7 месяцаў на аказанні платных паслуг тэатр зарабіў амаль 7 мільёнаў. Прайшліся мы па вуліцах, якія называліся колісь Крэўская, Дворная, Касцельная, Віленская. А на былой Скамарошнай (цяпер - Танкістаў) Мішутка зноў у скокі пусціўся. Маўляў, на такой вуліцы - ды без танцаў?! Справа ў тым, што ёсць у "Завадатара" праграма "Падарожжа па вуліцах Смаргоншчыны". І менавіта на Скамарошнай разгортваецца асноўная дзея: "Цябе звядзе тут лёс з мядзведзем нос у нос"... А дрэсіроўшчык Мішуткі масквіч Аляксей Прываліхін, паглядаючы на рухавых гнуткіх "завадатарак", час ад часу чухаў патыліцу: "Мо ў Смаргоні навек застацца?" У Смаргонскай цэнтральнай бібліятэцы Мішутка літаральна зарыўся ў кнігі: надта ўжо вабіў пах свежай друкарскай фарбы! Па словах дырэктара ЦБС Таццяны Арловіч, літаральна днямі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь даслала ў сталіцу чарговага Дня беларускага пісьменства падарунак: некалькі тысяч асобнікаў мастацкай, навукова-метадычнай, даведачнай і іншай літаратуры, выпушчанай самымі рознымі беларускімі выдавецтвамі. Вось гэты падарунак, прызначаны для бібліятэк раёна, і прывабіў медзведзяня. Прагледзеў ён кніжку "Тры мядзведзі", пагмыкаў, згадаў пра нешта кшталту "Хто з'еў маю кашу?" і рушыў у аддзел культуры. Мы - следам. Таццяна Ражава, начальнік мясцовага аддзела культуры, Мішутку спадабалася надзвычайна. Пачаставала яна нашага касалапага згушчонкай - разамлеў мядзведзік ад шчасця і заснуў у дэндралагічным парку ля драўлянай мядзведжай выявы, што, відаць, нагадала яму родную Белку. А Таццяна Мар'янаўна распавяла вось пра што...

 /i/content/pi/cult/225/2992/7-5-5str.jpg
 /i/content/pi/cult/225/2992/18-4-5str.jpg
 /i/content/pi/cult/225/2992/20-3-5str.jpg

Пра нашчадкаў музыкантаў і паэтаў

 У Дні беларускага пісьменства будуць задзейнічаны лепшыя культасветныя сілы раёна. А яны - немалыя. Больш за 90 працэнтаў работнікаў клубных, бібліятэчных, музейных, навучальных устаноў культуры маюць спецыяльную адукацыю. На Смаргоншчыне дзейнічае больш за дваццаць народных і ўзорных самадзейных калектываў. Кожны з іх - унікальны. У 1948 годзе быў створаны цымбальны аркестр, які носіць цяпер імя заслужанага дзеяча культуры Беларусі Аляксандра Дзяругі. З 1964-га пры РДК дзейнічае ансамбль песні і танца імя Міхала Клеафаса Агінскага. 60 гадоў - жаночаму фальклорнаму калектыву Шутавіцкага сельскага дома культуры. Аўтэнтычным беларускім мастацтвам займаюцца і фальклорны ансамбль "Валэйчанка" і дзіцячы тэатр народнай песні "Кропелькі" Валэйкавіцкага дома фальклору. Залескі дом культуры славіцца тэатрам лялек "Батлейка", а Жодзішкаўскі ДК - фальклорным гуртом песні і танца "Вечарынка". Пра ўзорныя і народныя калектывы Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя М.К. Агінскага - гаворка асобная. А ёсць жа яшчэ і самадзейныя творчыя калектывы ведамасных устаноў культуры!

"...А лёс цябе і песціў, і лагодзіў..."

 У вёсцы Солы Мішутка загледзеўся на касцёл Маці Божай. Устаў на дыбкі, узняў угору лапкі і стаў падобны на "апантанага верніка", што звяртаецца да свайго мядзведжага бога. Але Солы знакамітыя і паэтам ды публіцыстам Мар'янам Дуксам, аўтарам гімна Смаргоні (музыка - Аляксандра Ляха), створанага да 500-годдзя першай пісьмовай згадкі пра горад. У пісьменніцкім двары Мішутка і сцішыўся, і замілаваўся. Восеньскія кветкі на клумбах, шаравыя маланкі чырвоных яблыкаў у садзе, цяністы вінаград над ганкам - усё гэта схіляла да няспешных і філасофскіх разваг. Актыўнае творчае супрацоўніцтва з мясцовымі культработнікамі - яшчэ адна грань са шматлікіх грамадска-літаратурных талентаў Мар'яна Дуксы. Па заяўках аддзела культуры ён піша вершаваныя сцэнарыі з нагоды самых розных дат і акалічнасцей. Многія літаратары адмовіліся б ад такой "падзёншчыны". Дукса ж не адмаўляецца прынцыпова: маўляў, кожны павінен адчуваць адказнасць перад грамадствам. Гэта з аднаго боку. З другога - проста цікава даследаваць нязведанае, выпрабоўваць на гэтым уласныя здольнасці. Менавіта з гэтых прычын названыя сцэнарыі з'яўляюцца сапраўднымі літаратурнымі творамі. Паводле іх ладзяцца Дні горада, мерапрыемствы ў Палацы шлюбу, імпрэзы, звязаныя з гісторыяй Смаргоншчыны, якія выхоўваюць любоў да Бацькаўшчыны. Па словах пісьменніка, патрыятызм у беларусаў - глыбінны, на генетычным узроўні, пра нейкую аморфнасць тут і гаворкі весці нельга, але жывіць патрыятызм трэба няспынна, і не толькі словам, але і ўчынкам. Гэтак рабіў у свой час Францішак Багушэвіч, грамадзянская пазіцыя якога і стала апірышчам для зараджэння свядомай беларускай літаратуры. Так што невыпадкова Смаргонь абрана чарговай сталіцай Дня беларускага пісьменства... Галоўнае ў творчасці - думка. Па перакананнях Мар'яна Дуксы, калі ідэя блізкая па духу, дык яна абавязкова спараджае і эмоцыі, і натхненне... Задача пісьменніка, кампазітара, мастака, работніка культуры - удасканаленне свету. І гэта не максімалізм, а жыццёвая планіда любога творцы. Дарэчы, гэткія ж задачы стаяць і перад рэлігіяй. Таму ў вершах аўтара 16 кніг і лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова - гучыць тэма Веры. А яшчэ Мар'ян Дукса спявае ў вясковым касцельным хоры, вырошчвае яблыкі і кветкі. І ўсё гэта - як працяг літаратуры, як натуральнае памкненне да ўдасканальвання свету.

 "Мядзведзь на вушы не наступаў"!

Мядзведзіка нашага гасцінна сустрэлі і ў дзіцячай школе мастацтваў імя М.К. Агінскага. Усё правільна, "мядзведжых паслуг" тут не баяцца, бо нікому з навучэнцаў мядзведзь на вушы не наступаў. А доказаў таму - безліч. У ДШМ 700 навучэнцаў, якія займаюцца на інструментальным, харэаграфічным, мастацкім і падрыхтоўчым аддзяленнях. Толькі летась школьнікі і педагогі ДШМ прынялі ўдзел у 13 фестывалях і конкурсах, у тым ліку - міжнародных. Узорны самадзейны ансамбль танца "Вілляначка" (кіраўнік - Іна Яфрэмава) вызначыўся на фестывалі "Gerve-2008" у Літве, а сёлета з поспехам выступаў на міжнародных музычна-харэаграфічных сустрэчах у Польшчы. Дарэчы, менавіта "Вілляначка" расчуліла нашага Мішутку да мяжы: паказала ў гарадскім парку кампазіцыю "Смаргонскі кірмаш". Узрадаваўся мядзведзік, бо заўважыў сярод танцораў двух плюшавых "суродзічаў", таксама ў скокі пусціўся. А ёсць яшчэ ў ДШМ узорны ансамбль народнай музыкі "Гулянок", народны аматарскі калектыў сучаснай камернай музыкі "Субіта", які сёлета прывёз з Фестывалю маладзёжнага мастацтва "Закарпацкі Эдэльвейс" Гран-пры, народны аматарскі струнны ансамбль выкладчыкаў "Кантрасты", дзіцячы ансамбль народнай песні "Курачкі", вакальны гурт выкладчыкаў "Кантабіле", мноства салістаў-выканаўцаў, сіламі якіх ладзяцца традыцыйныя мастацкія дзеі ў горадзе і на раёне. Без магутнага патэнцыялу ДШМ не абыдзецца, натуральна, і Дзень беларускага пісьменства.

 
 /i/content/pi/cult/225/2992/22-5-5str.jpg
 /i/content/pi/cult/225/2992/23-4-5str.jpg
 /i/content/pi/cult/225/2992/23-5-5str.jpg

Вітаўт і Першая сусветная

 У Крэве Мішутка пачаў актыўна знаёміцца з маленькімі сабачкамі і прыбранымі да Дня ведаў пачаткоўцамі. Падбег і да ўзбочыны дарогі, дзе бабуля Яніна чакала з папасу кароўку Красулю. Бабуля і распавяла, што пад самымі крэўскімі мурамі жыве, паміж закінутай лазняй і сінагогай, дзе калісьці кафляны завод дзейнічаў, а цяпер - адно толькі руіны. Што 700 чалавек у вёсцы, а калісьці была яна мястэчкам. А яшчэ раней жылі тут Кейстут, Ягайла і Вітаўт, без якіх Княства Літоўскае не было б Вялікім. Што за польскім часам скончыла яна тут тры класы, а з 1939-га пачала засвойваць веды не па-польску, а па-руску. Што "рэчка Крыўлянка ў Крэве родзіцца з чысцюткай крыніцы". І што Юраву гару шмат стагоддзяў таму насыпаў шапкай нейкі маладзён, каб даказаць сваё безнадзейнае каханне дзяўчыне. Хто яе памятае цяпер? А з Юркавай гары і сёння ўсё Крэва - як на далоні: і замак, і касцёл, і царква Аляксандра Неўскага, узведзеная ў 1854 годзе... Доўга глядзеў Мішутка ў вочы бабулі: відаць зноў маму ўспамінаў. А калі пачуў з замкавага боку конскае ржанне - сарваўся з месца па новае знаёмства. Крэва сапраўды вялікае. Адна толькі вуліца Смаргонская - за 3 кіламетры даўжынёй! У мясцовай школе - 193 навучэнцы. Талентаў шмат. Па словах школьнага дырэктара Сяргея Капыша, большая палова выпускнікоў паступіла сёлета ў ВНУ. Старэйшая дырэктарава дачка Каця - на другім курсе Універсітэта культуры і мастацтваў, малодшая Юля - старшакласніца і краязнаўца, першая памочніца дырэктара мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея Аляксандра Камінскага. Ён і распавёў пра тое, што ў час Першай сусветнай вайны ў Крэве, як і ў Смаргоні, ішлі жорсткія пазіцыйныя баі. З-за батарэйнага агню яшчэ больш пашкодзіўся замак, знішчана была царкоўная званіца, а напамінам пра тое ліхалецце - шматлікія нямецкія абарончыя збудаванні: доты ды бліндажы ў вясковых ваколіцах. На адзін з дотаў і вывеў нас выпадковы сустрэты дзед Мікола.

Святыні абапал Оксны

Праз Оксну, насупраць Багушэвічавай паставы, заканчвалася аздабленне Сабора Праабражэння Гасподняга. І мітусня на другім беразе рэчкі была не меншая. А рэй тут вёў айцец Анатоль, твар якога падаўся падобным на твар Багушэвіча. І згадаліся словы Мар'яна Дуксы, што літаратура і рэлігія роднасныя па задачах і адухоўленасці носьбітаў... Айцец Анатоль родам са Століншчыны, скончыў Жыровіцкую духоўную семінарыю, благачынным у Смаргоні - 11 гадоў. Галоўнай задачай для сябе лічыць "духоўнае акармленне людзей". Гэтым і займаецца з усім стараннем. З каталіцкай канфесіяй - не проста сяброўства, а супрацоўніцтва. Разам з настаятелем касцёла Святога Міхаіла Архангела Здзіславам Вэберам айцец Анатоль прысутнічае на ўсіх дзяржаўных раённых мерапрыемствах. І не толькі прысутнічае, а натхняе Словам... Кожны Дзень беларускага пісьменства распачынаецца са Святой літургіі. Сёлетняя адбудзецца ў новым храме Смаргоні. І за гэтай святой дзеяй будзе назіраць з другога берага Оксны бронзавы Францішак Багушэвіч. Дзве адметнасці райцэнтра звязаныя ў прасторы рачной плынню.

 Па святочнай Смаргоншчыне з мядзведзем вандравалі Яўген Рагін і Юрый Іваноў (фота).