Мае мытня свой музей

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

Ёсць у Гомелі музей, пра які пакуль ведаюць нямногія. Размова ідзе пра Музей гісторыі Гомельскай мытні. Ён быў урачыста адкрыты 31 жніўня 2001 года. Першы запіс у кнізе водгукаў зрабіў архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Арыстарх. Зараз, праз 5 гадоў, можна канстатаваць, што музей здзейсніўся і атрымаў высокую ацэнку прафесіяналаў. У яго арганізацыі актыўна ўдзельнічалі супрацоўнікі Гомельскага абласнога краязнаўчага музея (з 2007 г. — дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”).

 /i/content/pi/cult/114/299/Mytnya.jpg
Ідэя стварэння музея належала начальніку Гомельскай мытні, саветніку мытнай службы І ранга Васілю Гнацюку. “Такога музея няма ў ніводным горадзе Беларусі”, — з гонарам заяўляе намеснік начальніка аддзела кадраў і прафесійнай падрыхтоўкі Гомельскай мытні Васіль Чэркас, у дадзены час — галоўны захавальнік музея. У Брэсце — дзяржаўны музей “Выратаваныя каштоўнасці”, а ў Гомелі — музей найперш гісторыі развіцця гандлёвых і мытных стасункаў на тэрыторыі Гомельшчыны са старадаўніх часоў да нашых дзён.
Спецыяльна спраектаванага будынка не было, і пад музей аддалі гасцінічны нумар з двух пакояў на першым паверсе ўпраўлення мытні. Для экспазіцыі былі сабраны матэрыялы, якія распавядаюць аб перыядзе Кіеўскай Русі, нотариальное заверение перевода. бо ўсім вядомы гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі” меў адгалінаванне на рацэ Сож, якая цячэ праз Гомель. Знаходкі археолагаў на Гомельшчыне — манеты Старажытнага Рыма, Басфорскага царства, Залатой Арды (з Тураўскага княства Х— ХІ стст.), візантыйскія пацеркі, фрагмент жаночага бранзалета, амфары. Ёсць таксама копіі грамат, летапісаў Кіеўскай Русі, дамоў ХІІ— XVI і XVII стст., кніга рэгістрацыі правезеных тавараў XV ст., копіі камор на тэрыторыі Гомельшчыны, прадметы, якія вызначалі развіццё эканомікі і гандлёвых стасункаў падчас гаспадарання ў Гомелі графа Мікалая Румянцава, — напрыклад, флаконы парыжскай парфумы, парцаляна, а таксама таварныя пломбы Маскоўскай, Варшаўскай, Беластоцкай, Вержбалаўскай і Аляксандраўскай мытняў.
Тры вітрыны распавядаюць пра заснаванне савецкай мытнай сістэмы і яе дзейнасць. Цікава адзначыць, што першы ўнутраны мытны пост на тэрыторыі СССР з’явіўся ў сувязі з будаўніцтвам у Жлобіне Беларускага металургічнага завода.
Асобны раздзел музея прысвечаны фарміраванню мытных службаў на тэрыторыі суверэннай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, арганізацыі Гомельскай мытні і яе працы. Асаблівая ўвага надаецца ў экспазіцыі геральдыцы краіны, сяброўскім стасункам паміж мытнымі службамі Беларусі, Расіі, Украіны.Музейныя залы падчас навучальнага года ператвараюцца ў класы для заняткаў. Асаблівым попытам яны карыстаюцца ў студэнтаў БелГУТа, дзе адкрыта аддзяленне“мытная справа”, і Гандлёва-эканамічнага універсітэта, бо да аповеду экскурсавода часта далучаецца хтосьці з супрацоўнікаў мытні. Тут адзначаюць памятныя даты, дзяржаўныя і прафесійныя святы, падводзяць вынікі і ўзнагароджваюць за працу, прымаюць прысягу. Адначасова з гэтым працягваецца карпатлівая праца па зборы матэрыялаў, пераафармленні вітрын.
У прахадной зале наведвальнікам распавядаюць пра кантрабандны правоз забароненых тавараў. У вітрынах — пратаколы на парушальнікаў, прадметы, канфіскаваныя мытнікамі на мяжы, а таксама фатаграфіі лепшых супрацоўнікаў аддзелаў па барацьбе з кантрабандай. Асаблівую цікавасць госці музея звычайна праяўляюць да фігуры бога дабрабыту Хатэя, вырабленай з в’етнамскага белага дубу. Але найдаўжэй усе затрымліваюцца ў трэцяй зале, якая называецца “Выратаваныя каштоўнасці”. Тут прадстаўлены прадметы, найбольш запатрабаваныя калекцыянерамі за межамі нашай краіны: гэта царкоўнае начынне — падсвечнікі, крыжы, складні, абразы; паштоўкі з відамі даваенных гарадоў, паштовыя маркі, грашовыя знакі, старадаўнія кнігі, дакументы дарэвалюцыйнага перыяду, эксклюзіўныя прадметы побыту, калекцыі гадзіннікаў, фотаапаратаў… З археалагічных экспанатаў — каменныя сякеркі і па-варварску разрэзаны на 8 частак бівень маманта, які спрабавалі вывезці пад выглядам дроў. Апошнім часам несумленныя калекцыянеры і так званыя “чорныя капальнікі” праяўляюць нездаровую цікавасць да падзей Першай і Другой сусветных войнаў, таму мытнікам часта даводзіцца сутыкацца са спробамі незаконнага вывазу медалёў, зброі, воінскіх знакаў адрознення.
За 5 гадоў музей пашырыў свае аддзелы, і матэрыялы пра спартыўныя і адпачынкавыя заняткі мытнікаў давялося перамясціць у фае, дзе аформлена сцяна з партрэтамі лепшых супрацоўнікаў мытні. У музейных залах — больш за 1000 экспанатаў. З імі азнаёміліся кіраўнікі і супрацоўнікі Дзяржаўнага мытнага камітэта РБ, прадстаўнікі ўсіх мытняў нашай рэспублікі і іх расійскія і ўкраінскія калегі, іншыя замежныя госці, кіраўнікі беларускіх музеяў, студэнты і школьнікі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, журналісты. Для правядзення экскурсіі запрашаюцца навуковыя супрацоўнікі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Вызначыліся асноўныя формы працы музея па прапагандзе мытнай справы, захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей, мытных традыцый, патрыятычным і маральным выхаванні асабістага складу мытні.
Зараз музей рыхтуецца да 15-годдзя стварэння Гомельскай мытні. Сёлета ён атрымаў новыя паступленні: сучасныя грашовыя знакі 34 краін свету і грашовыя знакі Расіі і СССР 1898 — 1951 гадоў. 

Ганна МІХАЙЛАВА,
старшы навуковы супрацоўнік ДГКУ
“Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”