Выспа Крэўскага замка

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

Крэўскі — адзін з ранніх мураваных замкаў на Беларусі, які, на думку некаторых навукоўцаў, мог быць узведзены на мяжы ХІІІ — ХІV стст. па загадзе князя Гедыміна. Замак узводзіўся з валуннага каменя і вялікапамернай цэглы. Сёння цяжка ўявіць тое, што цагліны важылі 7 — 8 кілаграмаў! Праца была настолькі цяжкай, што сярод мясцовага люду і па сёння жыве выслоўе: “Каб табе ўсё жыццё на гэты замак каменне цягаць!”.

/i/content/pi/cult/225/2988/22-3.jpg

Замак узвялі на выспе міжрэчча Крэвянкі і Шляхцянкі. Ён ахапіў плошчу каля 0,8 гектара. Вышыня сцен дасягала 12 - 13 метраў, а таўшчыня ля падмурка - больш за два з паловай метры. Трохі пазней да паўночнага вугла замка са знешняга боку ўзвялі вежу, якая атрымала назву "Княжацкая". Вышыня яе дасягала 25 метраў. З часам унутры замка, па дыяганалі да гэтай вежы, паставілі яшчэ адну - Малую вежу. Сёння яна захавалася толькі на вышыню трохі больш за шэсць метраў.

На выпадак вайны нашы продкі прадугледзелі наступныя элементы замка: на вышыні 10 метраў уздоўж па ўсім перыметры сцен ішла баявая галерэя - памост. Праз кожныя 2,4 метра ў сценах зроблены байніцы для стральбы. Улічваючы перыметр сцяны і адлегласць паміж байніцамі, няцяжка падлічыць: іх было 150. Гэта азначае, што на момант аблогі замка яго абарону магло трымаць не менш як паўтары сотні стралкоў. У сярэдзіне двара ад уваходнай брамы, размешчанай у паўночна-ўсходняй сцяне замка, да Малой вежы праклалі брукаваную дарогу шырынёй амаль 8 метраў. А каб паводка не замінала хадзіць па гэтай дарозе, яе "забралі" ў каркас з бярвення вышынёй 80 см.

Для пажарнай бяспекі ў паўднёва-заходнім куце двара зрабілі невялікую сажалку, дзе, відаць, стаяла вада. Каб размясціць гаспадарчыя пабудовы, выбралі высокую сухую мясціну каля галоўнай вежы, выбрукаваўшы яе каменем. У

1338 г. Гедымін перадае Крэўскі замак свайму сыну Альгерду - на той час віцебскаму князю. Затым, на правах спадчыны, замак пераходзіць да ўнука Гедыміна - Ягайлы. Паміж ім і яго дзядзькам Кейстутам распачынаецца барацьба за вялікакняжацкі прастол, якая скончылася для апошняга трагічна: "Князя великого Кестутия... оковав, ко Креву послали и всадили во вежю... И там во Креиве пятои нощи...удавили коморники князя великого Ягайлы", - паведамляе Супральскі летапіс. Такі ж лёс чакаў і князя Вітаўта, сына Кейстута, але, пераапрануўшыся ў адзенне служанкі, ён разам з жонкай змог уцячы.

Дзень 14 жніўня 1385 года ўвайшоў у сусветную гісторыю тым, што ў мурах Крэўскага замка нарадзілася канфедэрацыя дзвюх дзяржаў - Рэч Паспалітая. Напады крымскіх татар у 1503 і 1506 гадах, маскоўскіх войскаў у 1519 годзе, шведаў у 1600 - 1629 гг., вайна Расіі і Рэчы Паспалітай 1654 - 1667 гг. і, нарэшце, баі Першай сусветнай вайны нанеслі велізарную шкоду замку. Сёння, дзякуючы намаганням гісторыкаў, вывучаны не толькі будаўнічыя элементы, архітэктурныя дэталі, якія з цягам часу паглынуў культурны слой, але сабрана поўная калекцыя ўзбраення: каменныя ядры, наканечнікі стрэл, рыштунак вершнікаў і баявых коней, упрыгожанні- пярсцёнкі, рэчы побыту- шкляны посуд замежнай і айчыннай вытворчасці, глінянае начынне, ключы, медныя і срэбныя грошы. Цікава, што ў замку пражывала нейкі час і купка дзятвы. Сведчаннем таму - знаходкі дзіцячых цацак, вырабленых з гліны. Мяркуючы ж па рэштках костак жывёл, насельнікі замка ўжывалі як мяса свойскай жывёлы, так і дзічыну: зубра, лася, дзіка, казулі...

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, кандыдат гістарычных навук, археолаг

 На здымку: Крэўскі замак. Фота Юрыя ІВАНОВА