“…І сёння я ўначы цябе ўспомніў…”

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

Як пісьменніка белы аркуш… Мусіць, такой жа загадкавай сілай прыцягнення музыканта палоніць ліст нотнай паперы. Выпісаць душу сваю словам і гукам, якія “свет яшчэ паўторыць, як паўтараў ужо не раз”. Перад чытачамі “К” — старонкі беларускай паэзіі вачыма заснавальніка і лідэра легендарных “Песняроў” Уладзіміра Мулявіна. З’яве і напрамку айчыннай музыкі 1 верасня споўнілася 40 гадоў. У інтэрпрэтацыі Мулявіна вершы сапраўды ўскрылялі “запушчанай на волю птушкай” песні. А колькі засталося “неоконченного...”, паводле вызначэння Уладзіміра Маякоўскага, таксама ўвасобленага ў музычным спектаклі “песняром”, ва ўмоўным ладзе, з дадаткам “калі б”…

/i/content/pi/cult/225/2987/21-1.jpg
 /i/content/pi/cult/225/2987/21-3.jpg
 /i/content/pi/cult/225/2987/21-2.jpg

Адшукаць "сваё": у тралейбусе і "перад будучыняй"

 - Бацька паэтычныя зборнікі з рук не выпускаў: дома, у тралейбусе, на адпачынку. Усё шукаў "свае" вершы, - прыгадала дачка Уладзіміра Мулявіна Марына, калі за вялікім сталом "разбіралі" два вялізныя стосы: нотныя аўтографы і архіўныя здымкі ансамбля. - І часта знаходзіў "свае"? - Па накідах бачна: колькі было спроб падступіцца да тых жа Янкі Купалы або Максіма Багдановіча. А па запісах ведаем, што з іх спраўдзілася. Трымаю ў руках некалькі "купалаўскіх" аркушаў, дзе Уладзімірам Мулявіным накіданы невядомыя нам мелодыі. Дзесьці яны выглядаюць выпадковымі імпрэсіямі, як з вершам "Годзе...", дзесьці - маецца па некалькі варыяцый ("Хто ты гэткі?", "Перад будучыняй"). Яны пераканаўча сведчаць: Мулявін спрабаваў голас у новай для сябе іпастасі - грамадска-палітычным, востра-сацыяльным паэтавым клічы. Чаму новай? Бо ў вядомых нам уласна мулявінскіх і наогул "песняроўскіх" інтэрпрэтацыях народнага паэта (рок-оперы "Песня пра долю", "Гусляр", праграма "Я нясу вам дар", праграма песень і рамансаў, саундтрэк да фільма "Раскіданае гняздо", асобныя песні, створаныя лідэрам ансамбля ды іншымі кампазітарамі,- усяго тры з паловай дзесяткі твораў) апошні паўставаў перад намі пранікнёным лірыкам і тонкім сатырыкам, апяваў веліч Чалавека і ягонага высокага Таленту, яго голас гучаў то з інтанацыямі барацьбіта, то - непахіснага верніка ў Беларусь. А была ж, відаць, у Мулявіна ідэя паўтарыць гэты кліч, каб нешта пачулі мы ў голасе паэта з 1908-га, 1912-га, 1922-га ў "апошняй чвэрці дваццатага стагоддзя"... Дык што ж з Купалавай спадчыны прыцягнула ўвагу артыста? Гэтыя радкі з верша "Годзе...", мяркуючы па аўтографе, і "выпрабоўваў" Мулявін музыкай:

 Мы не пакінем свае папялішчы, З сцежкі - наперад, не пойдзем назад...

Мусіць, немінуча ўвайшоў бы ў песенную прастору і знакаміты пачатак верша "Перад будучыняй":

Стаім мы перад будучыняй нашай І ўсё варожым, сочым ейны ход...

Была, зноў жа, мяркуючы па нотных аўтографахнакідах, спроба ўвасобіць верш "Мая малітва". Ды толькі які менавіта з двух Купалавых твораў з аднолькавай назвай пабачыў Мулявін "сваім": "Я буду маліцца і сэрцам, і думамі" або "Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе"? На жаль, слоў пад нотным аўтографам няма. А кампіляцыя тых тэкстаў пакладзена на музыку Алегам Молчанам "з падачы" Мулявіна... Пра тое, якімі былі гады напісання прыгаданых вершаў у лёсе і літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы, у с а цыяльна-палітычным жыцці краіны, яскрава сведчыць ягоная спадчына - зазірніце толькі ў поўны збор твораў класіка. А вось пра дакладнае датаванне аўтографаў Уладзіміра Мулявіна казаць не выпадае. "У адным сшытку могуць быць - і гэта заўважаеш па почырку- занатоўкі некалькіх перыядаў творчасці бацькі", - кажа дачка артыста. Таму разгадаць загадку часу і канцэптуальнага падмурка з'яўлення гэтых трох, сапраўды знакавых, нотных аўтографаў Уладзіміра Мулявіна пакуль немагчыма.

 Адзін радок - Страцімавы

У руках - нотны запіс радка на верш Максіма Багдановіча "Страцім-лебедзь". А Марына Мулявіна прыгадвае, як кажуць, "у тэму" іншы выпадак: - Юрый Рыбчынскі - аўтар слоў "Крыку птушкі" - прапанаваў бацьку ў час стварэння гэтай кампазіцыі зрабіць яшчэ адну песню. Той прачытаў тэкст, а пасля адказаў: "Калі я за яе вазьмуся, гэта стане маім рэквіемам". Можа, так было і з гэтымі радкамі Максіма Багдановіча? Абсалютна натуральнай разуменню Мулявіным прыроды мастака падаецца спроба ўвасобіць у музыцы "Страцім-лебедзя". Наколькі адпавядала б яна канцэпцыі "Вянка", што стварыў музыка на іншыя вершы паэта ў 1991 годзе, была б блізкай і "Крыку птушкі", і арыі Гусляра з "Кургана", і "Маёй гітары"! Ды драматызм гэтага твора з Багдановічавага цыкла "На ціхім Дунаі", мусіць, так і не давядзецца пачуць з архіваў "Песняроў": у "нотных нататніках" захавалася толькі некалькі тактаў фламастэрам. Мо, скажаце, верш - не песенны, але "нестандартнай" была і балада "Максім і Магдалена", якая стала праўдзівай перлінай "Вянка".

...Страцім-лебедзь - горды, моцны птах... ...Дайце вы грудзям, гэй, вальней уздыхнуць! Дайце вы крылам, гэй, шырэй узмахнуць!.. ...Ад усіх цяпер патомкі ёсць, Ды няма адных - Страцімавых.

Калі бяруць звыш сілы...

У аўтографах, з якімі давялося пазнаёміцца, мне пабачылася формула "творчай лабараторыі", якую выкарыстоўваў Уладзімір Мулявін, працуючы з паэзіяй. Падаецца яна, найперш, - у перажыванні і пражыванні паваротаў лёсу лірычнага вобраза. Ды бываюць жа вершы, пранікненне ў вобразную сістэму якіх звыш сіл музыканта. Мусіць, такой была доўгі час для Уладзіміра Мулявіна і наогул айчынных кампазітараў паэзія Уладзіміра Караткевіча: ні ў зводным спісе твораў "Песняроў", ні на кружэлках ансамбля не адшукаеце песень на ягоныя вершы. Праўда, пару гадоў таму на форуме сайта, прысвечанага "Песнярам", адшукаў паведамленне такога зместу: маўляў, песня на верш Караткевіча спрабавалася ў свой час, ды нешта не задалося... Дык быў твор ці не? Лепш за ўсё прывесці той нотны аўтограф, што пацвярджае працу Уладзіміра Мулявіна над творам пад назвай "Жанчыне з бэзам". А таксама - радкі з верша:

 О лебедзь белы мой, які я быў дурны! Якой дарогай сноўдаўся па свеце, Каму сябе аддаў і раздарыў?! Начамі сон бяжыць вачэй халодных... ...І сёння я ўначы цябе ўспомніў: Ты крочыла па вуліцы вясенняй, Трымаючы ў руках шалёны бэз, Вільготны бэз, букет вялікіх гронаў...

 Фота і нотныя аўтографы з архіва Марыны МУЛЯВІНАЙ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах