Зборы Паўночных Афінаў

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

Усім вядома, што Залессе пад Смаргонню — родавы маёнтак Агінскіх. Але якія творы былі напісаны менавіта тут Міхалам Клеафасам, адным з самых знакамітых прадстаўнікоў роду, да нядаўняга часу было незразумела: далёка не заўсёды іх выданні пазначаліся дакладнымі датамі. Але гісторыя, бывае, прыадкрывае свае таямніцы — дзякуючы новым даследаванням.

 /i/content/pi/cult/225/2986/20-1.jpg
 Міхал Клеафас Агінскі
Міхал Клеафас Агінскі прыехаў у Залессе ў 1802 годзе і правёў тут з перапынкамі (а таксама з ад'ездамі ў Піцер, Фларэнцыю і Парыж) каля 20 гадоў жыцця. Паводле тагачасных традыцый, зімой сям'я магла жыць у той жа Вільні, а ў цёплую пару года прыязджаць сюды - так бы мовіць, "на лецішча", у свае "Паўночныя Афіны", як невыпадкова называлі гэты маёнтак сучаснікі.
- Усе дакументы, што захаваліся, - расказвае кандыдат мастацтвазнаўства, знаны даследчык творчасці М.К. Агінскага Святлена НЕМАГАЙ, - сведчаць, з якім размахам будаваўся палац, з якой стараннасцю рабіўся парк, сажалкі. Усё гэта - дадатковы доказ таго, што кампазітар лічыў Залессе сваім родавым гняздом, таму і будаваў яго літаральна ўласнымі рукамі. Раней некаторыя сцвярджалі, што гэты маёнтак Міхал Клеафас атрымаў у спадчыну, што ён яму быў падораны. Але я знайшла ў Віленскім архіве і пазней апублікавала яго ўспаміны, з якіх зразумела, што яму давялося папраўдзе змагацца, некалькі разоў ездзіць у Пецярбург, каб усё ж такі атрымаць маёнтак пасля вяртання з эміграцыі. Залескі перыяд стаў найбольш плённым і творчым у яго жыцці, бо на той час Агінскі ўжо быў не столькі палітычным дзеячам, колькі - менавіта музыкантам і кампазітарам, які мог асэнсаваць сваё жыццё, у тым ліку ў музычных творах. У Кракаве мне ўдалося знайсці цэлую калекцыю ягоных нот з дакладнымі "залескімі" датамі. Былі там і некалькі невядомых раней твораў. Усе ведаюць Агінскага па ягоных паланезах, я ж адшукала два выданні ягоных маршаў. Адзін з іх быў напісаны ў 1817 годзе, калі Агінскі зразумеў, што вымушаны з'ехаць з Залесся. Таму, мабыць, гэты марш такі нечакана сумны, у чымсьці нават трагічны - і, як ні дзіўна, ён карыстаўся найбольшым попытам у сучаснік а ў, сустракаўся нават у хатніх альбомах тагачасных паненак. Цікава, што амаль у той жа час, у 1818 годзе,Агінскі напісаў у Залессі сваё завяшчанне, так званы Тэстамент. З яго зразумела, як ён клапаціўся пра сваіх дзяцей - не толькі ад другога, але і ад першага шлюбу. Дарэчы, у маскоўскім архіве кампазітара захоўваюцца неапублікаваныя творы для фартэпіяна ў чатыры рукі: падобныя сачыненні, хутчэй за ўсё, кампазітар прысвячаў сваім дочкам - Амеліі і Эме, якія таксама музіцыравалі і, дарэчы, спрабавалі пісаць музыку.
 У Кракаве мне пашчасціла адшукаць вельмі цікавы збор - фактычна, гэта сямейны альбом, бо ў ім сабраны рукапісы і выданні самога Агінскага, яго дачок, сына Францішка Ксаверыя і іншых аўтараў. Трэба меркаваць, што гэта той "рэпертуарны спіс", які карыстаўся найбольшым попытам у сядзібным музіцыраванні. Яшчэ адной цікавай архіўнай знаходкай стаў рукапіс сцэнарыя свята ў Залессі ў гонар імянін Міхала Клеафаса Агінскага. Сярод дзейных асоб таго тэатралізаванага і аздобленага музычнымі нумарамі відовішча - каго толькі няма! Еўрапеец, капітан, рыбак, афрыканцы, войт, мясцовы люд - усе яны прыйшлі віншаваць імянінніка. Вельмі хацелася б гэты сцэнарый увасобіць у жыццё, а таксама выдаць збор той музыкі, што гучала ў залескай сядзібе. Тым больш, і падстава ёсць: хутка - 245-годдзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. У адрозненне ад магнацкіх рэзідэнцый XVIII стагоддзя, якія былі павінны ўразіць гасцей сваёй пышнасцю, экстравагантнасцю, раскошай, у сядзібах эпохі рамантызму узрастала творчая роля гаспадара.
 Сядзібная гасцёўня адрознівалася і ад салона, бо сюды збіраліся не проста госці, што ў вызначаны дзень і час ішлі пагутарыць адзін з адным, а з'язджаліся сябры і сваякі - на некалькі дзён з якой-небудзь нагоды, часцей за ўсё - сямейных святаў. Такія спатканні звычайна мелі загадзя прадуманую праграму. Тут ставіліся тэатралізаваныя дзеі, гучала музыка, вяліся інтэлектуальныя размовы. Да Агінскага з'язджалася інтэлігенцыя, прафесары Віленскага універсітэта. У яго на той час была папраўдзе ўзорная сядзіба, а сам ён - чалавек-легенда, неардынарная асоба, якая змагла зрабіць свой асяродак сапраўдным культурным цэнтрам таго часу. Чым не прыклад для нашых сучаснікаў?
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"