|
"Вялікі гістарычны Атлас Беларусі" выдання РУП "Белкартаграфія" прызнаны сёлета "Лепшым навуковым выданнем" на конкурсе "Мастацтва кнігі". Аб тым, што цікавага знойдзе чытач у гэтым Атласе, аб планах РУП "Белкартаграфія" карэспандэнт "К" пагутарыў з намеснікам дырэктара Інай ШЛЫК. - Гэта першае ў Беларусі арыгінальнае картаграфічнае выданне, - распавяла Іна Мікалаеўна, - якое прысвечана гістарычнаму мінуламу нашай краіны. У першай частцы трохтомнага атласа асвятляюцца падзеі з часоў старажытнасці да XVI стагоддзя, а менавіта - да 1569 года, калі беларускія землі, згодна з Люблінскай уніяй, увайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. У выданні прадстаўлены карты розных рэгіёнаў Беларусі, планы гарадоў, схемы ваенных дзеянняў, рэпрадукцыі старадаўніх карт. Мы плануем у 2010 годзе выдаць другі том "Вялікага гістарычнага Атласа Беларусі", а ў 2012 - заключны. Мяркуем завяршыць да канца 2009 года "Атлас паляўнічага і рыбалова", які цяпер выдаецца па абласцях (ужо надрукаваны атласы Мінскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей), а ў наступным годзе надрукуем зводны "Атлас паляўнічага і рыбалова", дзе будуць прадстаўлены ўсе рэгіёны Беларусі. Таксама распачата праца над выданнем "Турыстычнага атласа Рэспублікі Беларусь", які, спадзяёмся, будзе карыстацца попытам не толькі ў замежных турыстаў, але і ў беларусаў.
Мар'ян Дукса.
Фота Юрыя ІВАНОВА
Удзельнікі экспедыцыі.