Усур’ёз і надоўга

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

Стала ўжо добрай традыцыяй, што на Дні пісьменства прэміямі адзначаюцца лепшыя літаратурныя творы розных жанраў, вызначаныя ў выніку рэспубліканскага конкурсу. Сёлета адным са шчаслівых уладальнікаў прыза “Залаты Купідон” стаў паэт Андрэй СКАРЫНКІН — за цыклы песень “Святарусія”, “Плач жураўлёў” і іншыя творы. Дарэчы, многія з песень, адзначаных журы, увайшлі ў трэці песенны альбом паэта “Эхо блаженства”, які выходзіць днямі.

- Я вельмі рады, - сказаў Андрэй Уладзіміравіч, што з'явіўся такі конкурс, дзе вялікае значэнне надаецца менавіта літаратурнаму тэксту, бо гэта сапраўды тая сэнсавая аснова, якая трымае ўвесь твор. І калі словы песні будуць пустымі, "ніякаватымі", не выратуе ні цудоўны голас спевака, ні прыгожая мелодыя, ні шыкоўная аранжыроўка. Унутры кожнага творцы павінен быць свой уласны цэнзар. Бо песня - бы тая птушка, якая не ведае межаў і ляціць, яднаючы народы. Таму магу сказаць так: як Калумб у свой час адкрыў Амерыку, гэтак я адкрыў - Святарусію, тую "краіну", што яднае нашы славянскія народы. Не я шукаю кампазітараў - яны самі мяне знаходзяць. Яшчэ дзесяцігоддзе таму вядомы кампазітар Алег Чыркун зрабіў некаторыя мае вершы рамансамі. Іх першым выканаўцам стаў Іван Тамашэвіч, а пасля спявалі вельмі многія знаныя салісты, у тым ліку оперныя. А вядомая расійская спявачка Алена Бажэнава, салістка ансамбля "Русская песня" Надзеі Бабкінай, і дагэтуль гастралюе з імі па ўсім свеце. Мабыць, шчаслівы лёс гэтых рамансаў таксама ў нечым натхніў мяне на далейшую песенную творчасць. Хаця, прызнацца, я з дзяцінства быў шчыльна звязаны з музыкай. Мая родная цётка працавала хормайстрам нашага Вялікага тэатра оперы і балета, я вучыўся ў адным класе з сынам Віктара Вуячыча, быў салістам у хоры Дома піянераў і нават марыў стаць удзельнікам ансамбля "Песняры" - можа, яшчэ і таму, што яны спявалі песню на верш майго бацькі Уладзіміра Скарынкіна "Белая Русь ты мая". Так што, мой цяперашні зваротда песень - не нейкая прыхамаць, а ўсур'ёз і надоўга.
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"