“Галасы...” як скарб

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

На Міжнародным конкурсе “Мастацтва кнігі-2009” выданне “Галасы зніклых вёсак”, падрыхтаванае выдавецкім домам “Беларуская навука”, атрымала дыплом першай ступені ў намінацыі “Мая радзіма”. А на беларускім конкурсе гэтая ж кніга перамагла ў намінацыі “Скарбы Радзімы”.

На Міжнародным конкурсе "Мастацтва кнігі-2009" выданне "Галасы зніклых вёсак", падрыхтаванае выдавецкім домам "Беларуская навука", атрымала дыплом першай ступені ў намінацыі "Мая радзіма". А на беларускім конкурсе гэтая ж кніга перамагла ў намінацыі "Скарбы Радзімы". Дырэктар установы Аляксандр СТАШКЕВІЧ расказаў пра сакрэт поспеху выдання і падзяліўся звесткамі аб апошніх работах. - У "Галасах..." мы можам бачыць поўны збор помнікаў гісторыі і культуры, якія знаходзяцца ў рэгіёнах, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы. Прыгожыя здымкі, паўнавартаснае апісанне каштоўнасцей тых мясцін зацікаўліваюць. Матэрыял падрыхтаваныВеткаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем. Яшчэ адным знакавым выданнем можна назваць кнігу "Беларусы. Сучасныя этнакультурныя працэсы", якую напісалі 12 аўтараў - супрацоўнікаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Том аб'ёмам каля шасцісот старонак змяшчае больш за пяцьсот ілюстрацый і прысвечаны культурным, этналагічным працэсам у духоўным жыцці краіны. Гэтыя дзве кнігі будуць дэманстравацца пад час Дня пісьменства. У гэтым годзе выйдзе апошні, чацвёрты, том выдання "Архітэктура Беларусі". Прадоўжыцца падрыхтоўка збораў твораў Якуба Коласа і Максіма Танка. Шмат працы было ўкладзена ў кнігу "Беларусь. Дзяржава, Народ, Час", якая стала своеасаблівым падручнікам па гісторыі, культуры, навуцы, палітыцы краіны - ад старажытнасці да сённяшніх часоў, вызначыла месца Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі.