След у след за… Багушэвічам

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

Як вядома, адным з галоўных мерапрыемстваў на Дні беларускага пісьменства ў Смаргоні стане адкрыццё помніка класіку беларускай літаратуры Францішку Багушэвічу. А дзе ж выраблялі гэты твор манументалістыкі, хто кіраваў гэтай работай, калі і ў каго ўзнікла задума стварыць знакавую для Беларусі скульптуру?

/i/content/pi/cult/225/2976/7-1.jpg
 /i/content/pi/cult/225/2976/7-2.jpg
 /i/content/pi/cult/225/2976/7-4.jpg

На першае пытанне знайсці адказ было даволі проста: помнік Францішку Багушэвічу вырабляўся на унітарным прадпрыемстве "Скульптурны камбінат". Па словах ягонага дырэктара Таццяны Івановай, на момант нашай размовы ў панядзелак скульптура знаходзілася ў разабраным выглядзе. І, каб убачыць вытворчы працэс, трэба было ехаць у два розныя месцы: бронзавыя часткі помніка манціраваліся на ліцейным участку ў пасёлку Сосны, а камень для скульптуры знаходзіўся на ўчастку каменеапрацоўкі ў Мінску.

 Камень пад агнямётам

 У Дзень беларускага пісьменства ў Смаргоні будзе валадарыць Яго Вялікасць Слова. На ўчастку ж каменеапрацоўкі, куды спярша заехалі карэспандэнты "К", валадараць камяні. Іх тут - безліч. А нашу ўвагу прыцягнуў вялікі камень пасярод невялікай пляцоўкі, над якім "чараваў" адзін з рабочых. Як расказаў нам каменячос Уладзімір Шпакаў, гэта і ёсць той "пастамент", на якім з'явіцца бронзавая фігура Францішка Багушэвіча. На вачах карэспандэнтаў "К" адбывалася абрубка каменя. Пасля яго чакала тэрмаапрацоўка агнямётам, а таксама чыстка пяском. Усе гэтыя работы арганізавалі так, каб ужо першага верасня можна было везці валун у Смаргонь.

 Каля "ліцейкі"

Наступны прыпынак нашага падарожжа - пасёлак Сосны, дзе знаходзіцца ліцейны ўчастак скульптурнага камбіната. Менавіта тут збіралі бронзавыя часткі скульптуры і рабілі з яе адзінае цэлае. Калі пад'язджалі да "ліцейкі", як называюць свой участак рабочыя, мы пабачылі людзей, якія, падвесіўшы бронзавы помнік на тросах, абмазвалі яго воскам. - Мы ўжо, як бачыце, заканчваем работу, пакрываем скульптуру воскам, - расказаў мне плавільшчык і адначасова брыгадзір ліцейшчыкаў Уладзімір Ражко. - Усяго ў нашай камандзе чатыры чалавекі: зваршчык Анатоль Варава, фармоўшчыкі Вадзім Кунцэвіч, Аляксандр Макарэвіч і я. Па словахрабочых, усе працу над скульптурай завяршылі за 17 дзён, працавалі звышурочна. Звычайна ж такая работа робіцца цэлы месяц брыгадай з 6 чалавек! Але хутка - не значыць дрэнна. Зроблена сумленна і якасна. Тое, што стараліся ліцейшчыкі, не выклікае сумненняў. Пераканаліся ў гэтым на свае вочы. Швоў у тых месцах, дзе зваршчык "сшываў" часткі скульптуры, не бачна зусім. І ўвогуле: помнік выглядае так, быццам адліты з бронзы адразу цалкам. Толькі ўнутры скульптуры можна пакуль пабачыць вінты з гайкамі, якія змацоўваюць канструкцыю.

20 гадоў для рэалізацыі задумы

 Тут жа, каля рабочых, стаяў і народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі. Майстар назіраў за працэсам працы над скульптурай. Натуральна, папрасілі расказаць пра гісторыю стварэння помніка "народнаму адвакату Мацею Бурачку". - Галоўнай ідэяй стварэння помніка класіку беларускай літаратуры для нас з маім сынам скульптарам Сяргеем Гумілеўскім і архітэктарам Яўгеніем Мядзько, - сказаў Леў Мікалаевіч, - сталі словы Францішка Багушэвіча, якія ён напісаў у сваёй прадмове да зборніка "Дудка беларуская": "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!". Менавіта таму Багушэвіч, апрануты ў беларускую світку, стаіць задуменны і ўзіраецца ў будучыню сваёй Радзімы, бо ведае: калі няма мовы - няма народа. Мы зробім на пастаменце зрэз, дзе будуць напісаны гэтыя словы. Па словах Льва Гумілеўскага, задума стварыць такі помнік узнікла ў іх з сынам даўно. Метровая мадэль помніка была зроблена яшчэ дваццаць гадоў таму і ўвесь гэты час прастаяла ў майстэрні мастакоў. Яшчэ за савецкім часам бацькам і сынам быў выйграны конкурс на скульптуру Багушэвіча. Але за часам перабудовы на рэалізацыю задуманага не было грошай. Толькі сёлета, калі Гумілеўскія звярнуліся з прапановай аб усталяванні помніка Францішку Багушэвічу да раённых улад Смаргоні, справа зрушылася з мёртвай кропкі: грошы на помнік выдаткавалі і раённы, і абласны бюджэты. - У Смаргоні вельмі ўсцешыліся, што ў нас захавалася мадэль у гліне. Яе павялічылі ў 5,6 раза - і помнік, нарэшце, зрабіўся рэальнасцю. Але пад час нашай размовы ліцейшчыкі ўжо паспелі загрузіць скульптуру ў машыну, каб везці яе на ўчастак каменеапрацоўкі. Туды ж паехаў і Леў Мікалаевіч, каб прасачыць за працай рабочых. Нам засталося толькі пажадаць прыемных уражанняў смаргонцам, якія ўжо заўтра пабачаць помнік у гарадскім парку.

 Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 *** P.S. Нам пашанцавала. Увечары 1 верасня ў Смаргоні нашы спецыяльныя карэспандэнты сталі сведкамі ўстаноўкі помніка Францішку Багушэвічу. Сярод рабочых засяроджана віравалі скульптары Леў і Сяргей Гумілеўскія. Яно і не дзіва. І вось сярод лістоты гарадскога парку ўзнікла бронзавая постаць Паэта, якая імгненна замацавала вакол сябе ландшафт. Так канцэнтруецца зала, калі на сцэне з'яўляецца Трыбун!..    
Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"