“Дзе расцеш душой”

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі Пётр ЮЖЫК таксама з’яўляецца ўраджэнцам Смаргонскай зямлі. Пятру Уладзіміравічу неаднойчы давялося спрычыніцца да правядзення Дзён беларускага пісьменства. І вось цяпер гэтае свята духоўнасці і культуры завітае на яго родную Смаргоншчыну. Дарэчы, балаціраваўся Пётр Южык ад Полацка — першай сталіцы свята і калыскі нашай духоўнасці.

 /i/content/pi/cult/225/2975/6-1.jpg

- Пётр Уладзіміравіч, са свайго багатага досведу, што вы можаце адзначыць у якасці добрага і пазітыўнага плёну, які свята Дня беларускага пісьменства прыносіць у малыя гарады?

 - Безумоўна, дзякуючы гэтаму цудоўнаму святу вельмі шмат робіцца ў саміх гарадах: яны добраўпарадкоўваюцца, набываюць сучасны выгляд, развіваецца мясцовая інфраструктура. Але калі гаварыць непасрэдна пра сам Дзень беларускага пісьменства, адна з найважнейшых яго рыс заключаецца ў тым, што ён стымулюе і істотна пашырае поле, дзе гучыць наша родная беларуская мова. І гэта цудоўна, што, удасканальваючыся і развіваючыся, з пункта гледжання сваёй канцэпцыі і ўнутранага насычэння, Дзень пісьменства сведчыць: такі важны складнік нацыянальнай культуры і духоўнасці, як мова, існуе і прыцягвае да сябе ўсё большыя шэрагі людзей. У тым ліку і дзякуючы яму. І гэта - узор клопату дзяржаўнага ўзроўню пра тое, каб наша мова і культура шанаваліся і не забываліся. Паводле ўласнага досведу правядзення Дзён пісьменства на Віцебшчыне магу сказаць: у гэтыя дні літаральна ўвесь горад - на вуліцах, шмат моладзі, дзяцей, для якіх свята - яшчэ адзін нефармальны, нязмушаны ўрок любові не толькі да роднага слова, але і да сваёй культуры, да Бацькаўшчыны. Яшчэ такія святы даюць вельмі важны плён і ў наступным: госці, што з'язджаюцца на Дні пісьменства, з задавальненнем знаёмяцца з тым ці іншым рэгіёнам больш блізка, і такія стасункі даволі часта маюць свой далейшы працяг - ужо ў выглядзе сумесных праектаў, акцый, мерапрыемстваў, прычым не толькі ў галіне культуры.

 - У святле актыўнага іміджавага прадстаўлення нашай краіны на міжнароднай арэне падобныя святы спрыяюць таму, што замежныя госці, прыязджаючы на Беларусь, ужо ведаюць: ёсць не толькі Мінск, Віцебск, Брэст ды яшчэ некалькі абласных гарадоў, а на гэтай зямлі маецца шмат цікавых рэгіёнаў, дзе спрадвеку і да нашых дзён развіваецца культурная дамінанта нашай краіны.

 - Цалкам згодны з вамі, і лічу вельмі правільнай ідэю перадачы гэтай святочнай эстафеты па гарадах - у нас жа так шмат знакавых месцаў, дзе ў свой час былі цэнтры беларускай культуры, духоўнасці, і дзе гэтая культура фарміравалася, дзе тварылі як выбітныя асобы з далёкай гісторыі, так і людзі з нядаўняга мінулага нашай краіны! Сцежкаю праз фальварак

- Дарэчы, не беручы пад увагу традыцыйныя "брэнды" кшталту абаранкаў і "Мядзведжай акадэміі", што грэе вашу душу, калі гаворка заходзіць пра малую радзіму - Смаргоншчыну?

 - Заўсёды і ва ўсе часы кожная мясціна была адметная сваімі людзьмі, гэта яны стваралі і ствараюць культуру таго ці іншага рэгіёна. На Смаргоншчыне гэта такія знакавыя постаці, як Францішак Багушэвіч, Міхал Клеафас Агінскі. Але поруч з імі - і нашы сучаснікі. Не магу не згадаць цёплым словам Соф'ю Іванаўну Лазар - былую загадчыцу аддзела культуры, якая больш за 20 гадоў прапрацавала на гэтай пасадзе. Пра Соф'ю Іванаўну жартавалі, што яе трэба не падганяць у рабоце, а, наадварот, стрымліваць: столькі ў яе было цікавых ідэй і задум! З паэтаў-сучаснікаў магу назваць таго ж Мар'яна Дуксу. Яшчэ, з майго пакалення, - цудоўны скульптар, архітэктар Уладзімір Церабун, аўтар кампазіцыі "Дальва" і шэрагу іншых, Пасол па асобых даручэннях UNESCO Уладзімір Шчасны - мы з ім нават у адным ансамблі танцавалі, з таго часу і падтрымліваем добрыя адносіны.

 - Што гэта быў за калектыў?

 - Ансамбль песні і танца імя Агінскага - калектыў, які, магу сказаць без перабольшванняў, меў у свой час шырокі розгалас сярод аматарскіх калектываў. Магу шмат чаго расказаць пра яго, улічваючы, што спачатку я танцаваў у гэтым ансамблі, а потым спяваў. Мы пабывалі з канцэртамі ў Чэхаславакіі, Германіі, Прыбалтыцы, выступалі на крамлёўскай сцэне. Былі ўдзельнікамі мерапрыемства, дзе Леанід Брэжнеў уручаў Мінску "Залатую Зорку" горада-героя. Тады з намі працавалі цудоўныя кампазітарСтаніслаў Паплаўскі і харэограф Іван Хвораст. Дзе, у якім яшчэ раёне можна было знайсці шаснаццаць танцавальных пар маладых хлопцаў і дзяўчат, якіх не трэба было сілком заганяць на сцэну: самі хацелі, і нават свая канкурэнцыя была?!. І праграмы ў нас выбудоўваліся практычна цалкам на гістарычным матэрыяле: магу і зараз напець мелодыі такіх танцаў, як "Смаргонскія абаранкі", "Смаргонская кадрыля", "Мядзведжая акадэмія"... Калі мы выступалі ў Варшаве на галоўнай сцэне Опернага тэатра, ажно пяць разоў паўтаралі "на біс" наш Паланез: апладысментаў было мора! З замілаваннем узгадваю тыя часы, гледзячы на старыя фотаздымкі...

 - Сёння ў пэўных колах сталі моднымі спрэчкі пра тое, "чыімі" з'яўляюцца тыя ці іншыя дзеячы культуры, у прыватнасці, той жа Міхал Клеафас Агінскі...

- Зусім нядаўна, на пачатку жніўня, Ала Шыцікава, старшыня сельскага Савета ў маім родным Залессі, арганізавала сустрэчу землякоў, якія некалі тут жылі. І такое свята ў фальварку Агінскага атрымалася! Душой дакрануўся да чагосьці роднага. Толькі маіх аднакласнікаў прыехала з розных гарадоў сем чалавек! І мы стварылі з мясцовых жыхароў і нашых землякоў аргкамітэт, звярнуліся да ўсіх ураджэнцаў Залесся: маўляў, давайце разам возьмемся ратаваць сядзібу Агінскага! Дакументацыя ёсць, яна прайшла ўсю неабходную экспертызу, цяпер справа толькі за сродкамі. Першае пасяджэнне плануем правесці на пачатку верасня, літаральна пасля Дня пісьменства. Хтосьці можа сказаць: ну што гэта за месца такое - Залессе? Звычайная вёска! Але ж на гэтае свята прыехалі валожынскія, маладзечанскія, полацкія самадзейныя артысты, я ўжо не кажу пра мясцовых. Тут сустрэліся пакаленні! Я ніколі не думаў, што мой зямляк, палкоўнік, складае такія цудоўныя вершы! Ён такія пранікнёныя радкі напісаў пра Залессе, Агінскага! А Франц Шчуроўскі: хто б падумаў, што мясцовы ўрач, у якога і так хапае клопатаў, будзе неабыякавы да адраджэння сядзібы? А ён жа так апантана ўключыўся ў гэтую справу! І я заўсёды пачуваў і пачуваю сябе жыхаром Залесся. Тут я нарадзіўся, хадзіў у школу сцежкаю акурат праз фальварак Агінскага. І я сюды абавязкова вярнуся! Неўзабаве заканчваю будаўніцтва дома, і дажываць свае гады абавязкова прыеду на сваю радзіму: там мае продкі пахаваны, там - мае карані. Любоў да сваёй зямлі, да таго месца, дзе ты нарадзіўся, - гэта таксама адзін з вялікіх складнікаў культуры і нашай духоўнасці. Падзея для Смаргоні

- Што цікавага асабіста для сябе вы адзначылі ў праграме Дня беларускага пісьменства?

- На мой погляд, уся праграма заслугоўвае вялікай увагі з пункта гледжання свайго зместу. І ў гэтым плане не магу не адзначыць той вялікай карпатлівай работы, якую праводзіць Міністэрства інфармацыі. Безумоўна, адной з самых значных падзей будзе адкрыццё помніка Францішаку Багушэвічу: не так часта ў нас у рэгіёнах паўстаюць помнікі сваім, мясцовым, выбітным асобам. У гэтым плане Полацк можа быць добрым узорам для пераймання: там справа пастаўлена на добрым узроўні, і помнікаў мясцовым гістарычным дзеячам, бадай, больш, чым у якім іншым рэгіёне рэспублікі. Вось цяпер рыхтуецца помнік дойліду Іаану. Але ж і ў іншых рэгіёнах людзі павінны ведаць сваіх мясцовых герояў. Яшчэ адна важная для Смаргоні падзея - аднаўленне царквы. Я добра памятаю, як разбуралі старую царкву. Потым, праз пэўны час, яе пачалі адбудоўваць. Прайшло з таго часу ажно 25 гадоў, але ж нарэшце яна паўстала зноў! Добра, што пачалі думаць, разумець, што і ў гэтым - таксама духоўны паратунак нацыі: каб чалавек мог пайсці ў царкву, касцёл, на канцэрт добрай класічнай музыкі - туды, дзе душой будзе расці.

- Што ў гэтыя святочныя дні вы пажадалі б роднай Смаргоншчыне?

- Смаргонская зямля вельмі багатая на гістарычныя падзеі, ды і сёння там нядрэнна ідуць справы, у тым ліку і ў эканоміцы. І гэта ўсё - дзякуючы людзям: пакаленні змяняліся, і кожнае пакінула нешта для Смаргоні. Зрэшты, не толькі для яе, але і для ўсёй беларускай культуры. І я хацеў бы, каб такія людзі як можна часцей нараджаліся, каб пасля іх смаргонская зямля станавілася яшчэ больш вядомая не толькі на Беларусі, але і ў сусветнай культуры. Я хацеў бы пажадаць, каб войны ніколі не закраналі гэтую зямлю. У час Першай сусветнай вайны - лінія фронту праходзіла роўна праз горад. Некалі я натрапіў на газету 1915 года, якую захоўваю да гэтага часу. У ёй - матэрыял тых часоў са здымкам, на якім - мёртвы горад, галодныя сабакі, салдат з вінтоўкай, акопы, разбітыя дамы, і выснова: горад знішчаны і не падлягае аднаўленню. Хачу, каб мая зямля гэтага больш ніколі не бачыла. Хачу, каб людзі жылі і надалей у згодзе паміж сабой, каб не было аніякіх міжнацыянальных і міжканфесійных канфліктаў. Зрэшты, Смаргоншчына ў гэтым плане - цудоўны прыклад таго, як мірна на адной зямлі могуць суіснаваць людзі: так склалася, што раён амаль напалову падзяліла рака, на правым беразе якой жывуць пераважна каталікі, на левым - праваслаўныя. Камусьці гэта можа падацца трывіяльным, але яшчэ хачу пажадаць усім здароўя. Бо калі яго няма, не цікава ўжо нічога. Хачу, каб мы бераглі яго, зберагаючы і ўмацоўваючы такім чынам нашу нацыю. І моладзі пажадаю: каб пабудавалі дом, пасадзілі сад і вырасцілі сына, а калі траіх - яшчэ лепш. Каб маладыя пакаленні цанілі тое, што напрацавала гісторыя, іх продкі.