“...Каб не змяншалася моц Духа ў культуры”

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

Першы візіт у н а ш у краіну Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла чакаецца напрыканцы месяца. Да гэтай падзеі Беларуская Праваслаўная Царква рыхтуе шэраг мерапрыемстваў, што дазволяць падрабязна пазнаёміць госця з духоўнай і культурнай спадчынай краіны. У тым ліку, як стала вядома карэспандэнту “К”, чакаецца, што пад час рабочай паездкі Патрыярх Кірыл наведае калыску айчыннага асветніцтва — старажытны Полацк, які з’яўляецца, да таго ж, першай сталіцай Дзён беларускага пісьменства.

І менавіта з пытання пра стаўленне сучаснага грамадства да дасягненняў айчынных асветнікаў пачалася размова з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам.

 - Гісторыя беларускага пісьменства налічвае не адно стагоддзе. Ці змянілася, на вашу думку, за гэты час стаўленне грамадства да слова, у тым ліку друкаванага?

 - Безумоўна, змянілася як само грамадства, так і яго стаўленне да тых нязменных каштоўнасцей, што існавалі адвеку. Калі слова было боганатхнёным, а тыя, хто пісаў або друкаваў яго, адчувалі адказнасць за напісанае, прамоўленае ці надрукаванае, - такое слова захоўвалася грамадствам, духоўна ўзбагачала і натхняла яго. Цягам апошніх стагоддзяў у выніку тэхнічнага прагрэсу друкаваных слоў з'явілася вельмі шмат... І не заўсёды яны боганатхнёныя. Больш за тое: усё чалавецтва, у тым ліку і наша краіна, уваходзіць у эпоху мультымедыйных сродкаў інфармацыі, дзе слову застаецца ўсё менш месца: яго замяняюць вобразы, якія, на жаль, часцей за ўсё згубна ўздзейнічаюць на грамадства. Таму ўсё важнейшай становіцца роля Дзён беларускага пісьменства, каб узняць каштоўнасць слова і звярнуць увагу грамадства да Слова з вялікай літары.

- Што сімвалізуе асветніцкая экспедыцыя з лампадай з Агнём ад труны Гасподняй? Наколькі патрэбны такія акцыі ў рэгіёнах?

 - Найперш, экспедыцыя сімвалізуе нашую жывую сувязь са святынямі Беларускай зямлі. Цягам шаснаццаці гадоў мы назіраем неаслабную ўвагу не толькі царкоўнага народа, але і ўсяго грамадства да тых мерапрыемстваў, якія адбываюцца пад час экспедыцыі. Вельмі важна, што да яе далучаюцца дзеячы культуры, мастацтва і навукі. Гэта таксама сімвалізуе еднасць Царквы з нацыянальнымі каштоўнасцямі беларускай культуры. Для ўсіх рэгіёнаў, дзе праходзіла экспедыцыя, гэта былі знамянальныя і незабыўныя дні. Мы ўдзячныя ўсім, хто прыкладае намаганні да арганізацыі і правядзення мерапрыемства: і дзяржаўным, і царкоўным, і грамадскім установам, а ў першую чаргу - людзям, якія здзяйсняюць гэты подзвіг.

- Якія, на вашу думку, адметнасці духоўнай культуры беларускага народа?

 - Духоўная культура - з'ява універсальная. Яна таму так і называецца, што фарміруецца пад уздзеяннем Святога Духа. Іншая рэч, што формы праяўлення духоўнай культуры ствараюцца на падставе традыцый пэўнай краіны, пэўнага народа. Таму лепшыя традыцыі беларускага народа, насычаючыся Духам, духоўнасцю, робяцца здабыткам духоўнай культуры. Духоўная спадчына беларускага народа - шматгранная: літаратура, архітэктура, мастацтва... Усё гэта- падмурак, на якім можа існаваць нацыя. Прычым у развіцці культуры важна не толькі імкнуцца да нацыянальнай адметнасці, але дбаць пра тое, каб не зменшылася моц Духа ў культуры.

 - У праваслаўным свеце сёння вельмі шмат разнастайнай духоўнай літаратуры. Якую нішу займаюць кнігі выдавецтва Беларускага экзархату?

- Мы можам сведчыць, што выдавецтва Беларускага экзархату пацвердзіла сваю здольнасць развіваць друкарскую асветніцкую дзейнасць на карысць як царкоўнага народа, так і ўсяго грамадства. Узнікаюць новыя выдавецкія праекты, якія базіруюцца на тэме мясцовашанаванай святасці і царкоўнай гісторыі Беларусі. Усе важныя падзеі ў жыцці Царквы - праслаўленне святых, аднаўленне святыняў, як, напрыклад, Слуцкага Евангелля, - патрабуюць намаганняў, каб падрыхтаваць выданні, якія будуць мець агульнанацыянальнае значэнне. Важна і тое, што Выдавецтва Беларускага экзархату не звузіла кола дзейнасці толькі да выдавецкай, а спалучае яе з правядзеннем асветніцкіх грамадскіх мерапрыемстваў, скіраваных на ўмацаванне сям'і, маральнасці, духоўнасці. Дарэчы, сёлета - якраз 20 гадоў як Беларуская Праваслаўная Царква стварыла Біблейскую камісію па перакладзе Свяшчэннага Пісання на беларускую мову. У выніку дзейнасці Камісіі, а таксама шэрагу прыходскіх ініцыятыў на працягу апошніх дзесяцігоддзяў з'явіўся цэлы пласт духоўнай літаратуры на роднай мове. Беларуская Праваслаўная Царква падтрымлівае і бласлаўляе такія ініцыятывы, паколькі яны маюць важнае грамадска-культурнае значэнне. Калі ў грамадстве будзе ўзрастаць попыт на такія выданні, мы гатовы актывізаваць і пашырыць гэтую дзейнасць. Падрыхтоўка выданняў, прысвечаных духоўнай спадчыне Беларусі, - гэта не ўласна царкоўная, а агульнаграмадская справа.

Канстанцін АНТАНОВІЧ

На фота: Уладыка Філарэт з арганізатарамі і ўдзельнікамі экспедыцыі. Мінск, 2 верасня 2009 г.

 Фота Юрыя ІВАНОВА