|
Галоўная гераіня карціны - дванаццацігадовая дзяўчынка па мянушцы Рыжык, ролю якой выконвае вучаніца сёмага класа мінскай школы № 161 Дзіяна Запрудская. Нягледзячы на такі юны ўзрост, яна мае ў сваёй творчай біяграфіі ўжо шэсць фільмаў. Для гэтай стужкі актрысе давялося пафарбаваць валасы ў руды колер, але выглядае яна ў новым абліччы вельмі натуральна. Пакуль што здымкі адбываюцца ў адным з павільёнаў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", якому надалі выгляд вежы астролага. Па словах Алены Туравай, спецэфектаў будзе няшмат, хаця, згодна з сюжэтам казкі, падзеі разгортваюцца ў дзівоснай краіне. Ролю Мага выконвае акцёр Павел Харланчук, які ўжо сустракаўся з маленькай Дзіянай на здымках фільма "Каханне як матыў". У новай карціне, прэм'ера якой адбудзецца прыкладна напрыканцы 2010 года, здымуцца таксама Алег Гарбуз, Алеся Самохавец, Дзмітрый Пустыльнік. Касцюмы для казачных герояў распрацавала выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі Марыя Яскевіч. У карціне будзе гучаць музыка мінскага кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча.
Н.А.