Новыя назвы сквераў

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

Некалькім вуліцам і скверам Мінска нядаўна далі назвы. Месца адпачынку каля Белдзяржфілармоніі цяпер стане Бондараўскім скверам, а сквер каля вуліц Няміга, Валадарскага і Гарадскі Вал названы ў гонар Адама Міцкевіча, помнік якому тут стаіць з 2003 года. Нядаўна адбылося пасяджэнне Камісіі па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак горада... Вынікі яго паказалі, што ў сталіцы не засталося ніводнай безназоўнай вуліцы і ёсць каля дзесяці сквераў, якія яшчэ патрэбна абазначыць.

/i/content/pi/cult/224/2966/2-1.jpg

Самы старэйшы ў горадзе сквер, які знаходзіцца каля Цэнтральнага Дома афіцэраў, стаў Аляксандраўскім у гонар капліцы Аляксандра Неўскага, пабудаванай тут у 1870 годзе. За ЦУМам раней знаходзіліся майстэрні бондараў, таму сквер, што прылягае да бібліятэкі імя А.С. Пушкіна, стаў Бондараўскім. У межах вуліц Ігнаценкі, Татарскай і Грыбаедава ў сярэдзіне XIX стагоддзя знаходзіліся татарскія могілкі. Сёння там будуецца мячэць, таму назваць сквер Татарскім цалкам апраўдана. Дзякуючы былым прадмесцям "Тучынка" і "Ляхаўка" сталі існаваць Тучынскі і Ляхаўскі скверы каля вуліц Берута і Ульянаўскай адпаведна. А новая вуліца, якая будзе знаходзіцца калявуліц Адоеўскага і Бельскага і пакуль яшчэ толькі ў праекце, атрымае імя беларускага пісьменніка К.Кірэенкі. Іна Пяцелька, галоўны спецыяліст аддзела культурнаасветніцкай работы Упраўлення культуры Мінгарвыканкама, адзначыла, што Камісія імкнецца вяртаць важныя для гісторыі імёны, і новым састаўным часткам горада даюцца назвы, якія звязаны з гістарычным ці геаграфічным мінулым гэтага месца. У склад Камісіі сёння ўваходзяць навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, работнікі дзяржаўных органаў, дэпутаты, спецыялісты ў галінах геаграфіі, гісторыі, культуры і інш.

К.Н.