Наша самабытнасць — спадчына Еўропы

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

Дні еўрапейскай спадчыны ладзяцца на пачатку восені ва ўсіх краінах, што ўваходзяць у Еўрапейскую культурную канвенцыю. У нас яна была ратыфікавана ў 1993 годзе.

Сёлетнія Дні еўрапейскай спадчыны пройдуць на Беларусі надзвычай маштабна. Як сцвярджае намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка, яны будуць садзейнічаць міжнароднаму аўтарытэту нашай краіны, прапагандзе беларускай культуры ў еўрапейскім кантэксце, стануць наглядным сведчаннем нашага ўнёску ў рэалізацыю Еўрапейскай культурнай канвенцыі. Урачыстае адкрыццё мерапрыемстваў, сёлетняя тэма якіх - "Беларусь самабытная: Традыцыі. Мова. Мастацтва", - будзе ладзіцца 11 верасня. Да гэтай даты прымеркавана і правядзенне "круглага стала", за якім навукоўцы абмяркуюць ступень захаванасці аб'ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны. Па словах загадчыка сектара ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і каардынатара Дзён еўрапейскай спадчыны ў Беларусі Наталлі Хвір, асноўныя мерапрыемствы пройдуць у краіне 12 - 13 верасня. У Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі ладзяцца выстаўкі "Мастацтва ў гарадской культуры ХІХ - пачатку ХХ стст.", "Крыніца вечнай прыгажосці" (золата і срэбра ў музейных зборах), "Касцярэзнае рамяство Беларусі ад першабытнасці да Сярэднявечча", "Гісторыя Беларусі XV - XVIII стст. у партрэтах і геральдыцы". Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прэзентуе ў Раўбічах выстаўку "Беларускае народнае мастацтва", Нацыянальная бібліятэка Беларусі - выстаўку "Лепшыя кнігі Беларусі". Культурныя акцыі, прымеркаваныя да Дзён еўрапейскай спадчыны, пройдуць 12 - 13 верасня ў многіх раёнах і абласцях краіны. Да прыкладу, у Галерэі мастацтваў Слуцкага краязнаўчага музея будзе ладзіцца "Арт-сесія" юных мастакоў мясцовых дзіцячых школ мастацтваў; у выставачнай зале ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама - фотавыстаўка работ Віталія Грыцука і традыцыйная творчая акцыя "Восеньскі салон"; у Гомельскім дзяржаўным мастацкім вучылішчы - тэматычная выстаўка "Беларусь самабытная"; у Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы - Дзень адкрытых дзвярэй у Музеі рэдкай кнігі і тэматычны агляд літаратуры "Фальклорна-этнаграфічная спадчына"; у Касцюковіцкім раённым доме рамёстваў - прэзентацыя твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў Магілёўшчыны; ва ўсіх публічных бібліятэках Магілёўскай вобласці - тэматычныя кніжныя выстаўкі "Невычэрпная крыніца талентаў", "Незалежнасць мовы - незалежнасць духу", "Наша спадчына прамаўляе"; у Шклове - кінапаказ "Беларусь самабытная. Мова, традыцыі, рамёствы"; у Барысаглебскай царкве Гродна - "u1082 круглы стол" "Захаваная спадчына"...