Беларускія ўражанні французскага нашчадка Напалеона

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

Не так даўно “К” паведамляла пра візіт у нашу краіну нашчадкаў роду Радзівілаў. Гэтым жа летам Беларусь наведалі і прадстаўнікі сям’і Напалеона Орды. У прыватнасці, на Піншчыне пабываў прамы нашчадак нашага выбітнога земляка, мастака, кампазітара і музыкі — грамадзянін Францыі Юбэр Дэнармандзі з жонкай Мары-Клэр.

 /i/content/pi/cult/224/2958/3-3.jpg

Госці пабывалі ў Іванаўскім раёне на месцы былой сядзібы Н.Орды, у культурна-музейным комплексе, а таксама ў Пінску, у палацы Бутрымовічаў, дзе хутка з'явіцца экспазіцыя, прысвечаная жыхарам гэтага дома, сярод якіх быў і Напалеон, унук першага гаспадара палаца. Дарэчы, менавіта дзякуючы такой увазе да асобы Напалеона Орды, прадстаўнік яго роду вырашыўся ажыццявіць важную паездку. Гэты візіт стаў першым для нашчадкаў славутага Напалеона ў суверэнную Беларусь. І вось французы на радзіме Напалеона, але не Банапарта, а Орды. Юбэр адкрывае для сябе горад сваіх продкаў. Удакладняць нюансы радаводу Бутрымовічаў - Ордаў - Бурсе - Дэнармандзі давялося ў адной з залаў пінскага палаца. Як высветлілася, сям'я Дэнармандзі валодае сапраўднымі дакументамі, якія маюць дачыненне да Напалеона Орды, і ў перспектыве імі ў поўным аб'ёме змогуць скарыстацца беларускія даследчыкі. Тым больш, сёлета спаўняецца 485 гадоў з дня першай летапіснай згадкі роду Ордаў на Піншчыне. І гэта стала добрай нагодай разам з новымі французскімі сябрамі зазірнуць у мінулае. Паводле генеалагічнага дрэва Ю.Дэнармандзі з'яўляецца праўнукам сына Напалеона Орды - Вітольда. Юбэр і яго жонка жывуць у прыгарадзе Парыжа, у іх свая кветкавая крама. "Наведванне Пінска падарыла нам шмат новых уражанняў", - адзначылі госці. У Кнізе ганаровых наведвальнікаў палаца Бутрымовічаў, дзе размяшчаецца аддзел ЗАГС, яны выказалі захапленне ад знаходжання ў гэтым месцы. Прыгадалася, што толькі вясной завяршылася праца па рамонце помніка архітэктуры канца XVIII стагоддзя. І вось праз лічаныя месяцы тут сустрэлі прапраўнука Н.Орды і нашчадка пераўтваральніка Палесся, стваральніка палаца, Матэуша Бутрымовіча. Нават за адведзены праграмай наведвання дзвюхгадзінны шпацыр па горадзе Дэнармандзі пераканаліся, наколькі багатая пінская спадчына Ордаў. Гэта і дамы ў Старым горадзе, і экспанаты Музея Беларускага Палесся, дзе ім прадэманстравалі сапраўдныя гравюры Н.Орды. А каб убачыць усё, што звязана з Ордамі на Пінскім Палессі - сядзібы, могілкі, памятныя месцы, - спатрэбілася б некалькі дзён. У размове на гэты конт паўстала ідэя сустрэчы на Пінскай зямлі прадстаўнікоў гэтага славутага роду, якія жывуць не толькі ў Францыі, але і ў Польшчы, Англіі.

 Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ

Пінск

Фота аўтара

 На здымках: Юбэр Дэнармандзі.