|
У жніўні спаўняецца 50 гадоў з таго часу, як пры раскопцы катлавана на плошчы Свабоды ў Віцебску будаўніком Яўгенам Фраловым была знойдзена на сённяшні час адзіная берасцяная грамата, - падзеі, што ўразіла ўвесь археалагічны свет. Віцебскі абласны краязнаўчы музей, у якім і захоўваецца гэты старажытны скарб, да юбілею знаходжання старажытнага рукапіснага дакумента прымеркаваў навукова-практычную канферэнцыю "Віцебскія старажытнасці", пад час якой плануецца разгледзець актуальныя пытанні археалогіі, сацыяльна-палітычнага і культурнага развіцця горада Х- ХХ ст. Таксама ў Літаратурным музеі пройдзе тэматычны Дзень ведаў, прысвечаны гэтай падзеі. У цэлым, берасцяная грамата здольная даць уяўленне пра мову, стасункі людзей, што жылі ў даўнія часы. У прыватнасці, па форме літар віцебскай граматы акадэмік Расійскай акадэміі навук Барыс Рыбакоў вызначыў, што знаходка датуецца ХІІІ стагоддзем, а мову дакумента далучыў да паўночна-заходняга цокаючага дыялекту.
Іна ЯКУБОВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея