Маэстра жывога гуку

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

Маэстра Міхаіл ФІНБЕРГ — фігура на нашым эстрадным Алімпе, пазначаная грыфам V.I.P.: народны артыст Беларусі, прафесар, уладальнік шматлікіх прэмій, узнагарод, ганаровых тутылаў. Здавалася б, абцяжараны сваёй славай у нас і ў замежжы, ён мог бы ўжо нічога асаблівага больш не рабіць: добра наладжаны механізм Нацыянальнага канцэртнага аркестра, якім ён кіруе, і гарманічны фестывальны колазварот, здзейснены гэтым заслужаным калектывам, прыносілі б яму далейшую пашану без аніякіх дадатковых намаганняў і, тым больш, “ноў-хаў”. Ажно не — не той чалавек Міхаіл Якаўлевіч, які можа спакойна сузіраць назапашанае і не імкнуцца да яшчэ больш важкіх творчых здабыткаў. Вось і цяпер: 4 верасня аркестр адкрывае свой 23 канцэртны сезон, і нястомны рухавік, “perpetuum mobile” гэтага калектыву, поўны новых арыгінальных ідэй, накіраваных на папулярызацыю нацыянальнай класікі.

/i/content/pi/cult/224/2945/8-1.jpg

 - "Песні роднай зямлі", - распавёў М.Фінберг, - працоўная назва новага фестывалю, які з'явіцца ў гэтым сезоне ў Мінску. Там будуць не толькі канцэрты, але і, галоўнае, штогадовы Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні. Я рады, што знайшоў узаемаразуменне ў Міністэрстве культуры краіны, мяне падтрымлівае міністр Павел Латушка, якому я прадставіў свой праект. Такі конкурс павінен стаць рэгулярным, мэтанакіраваным адборам найбольш адораных спевакоў, для многіх з якіх ён можа стаць першай значнай прыступкай на шляху да далейшых творчых перамог. Прынцыпова новай канцэпцыяй будзе вызначацца і наш колішні праект "Спяваем з аркестрам", да якога мы вернемся ўжо на новым этапе сваёй дзейнасці. У гэтай праграме, якая ахопіць адораную дзятву пачынаючы з 5-ці гадкоў, будуць удзельнічаць толькі лаўрэаты іншых конкурсаў. Яны будуць спяваць разам з нашым аркестрам і дзіцячым хорам. Да таго ж, там будзе шмат цікавых рэжысёрскіх прыдумак, спалучэнняў розных жанраў: знойдзецца месца і для дуэтных спеваў з дарослымі зоркамі, і для размоў з самімі юнымі спевакамі. Новай не толькі для нас, але і для ўсёй нашай грамадскасці стане праграма "Музыка беларускага замежжа". Такога, папраўдзе, яшчэ не рабілі ні мы, ні хто іншы: тут будуць сабраны і тыя нашы песні, якія ведаюць у замежжы, і тыя, што ў замежжы створаны, але прысвечаны роднай Беларусі.

 - Тым не менш, ва ўсіх вашых новых праектах абсалютна відавочна прасочваюцца дзве лініі вашай дзейнасці, з якіх вы ніколі не збочвалі. Адна з іх - пошук новых талентаў. Другая - праца з нацыянальным музычным і паэтычным матэрыялам.

- Так яно і ёсць. Мы заўсёды працавалі з беларускім словам: і справаводства, і ліставанне вялі толькі па-беларуску. Ніколі не забывалі адзначаць юбілеі нашых кампазітараў і паэтаў, творчасць якіх стала класікай нацыянальнай культуры. Пры гэтым, як вы маглі заўважыць, калектыў не абмяжоўваўся адно эстрадай: мы шмат выконвалі і выконваем самай рознай музыкі, вельмі сур'ёзна ставімся да кожнай праграмы (дарэчы, усе яны маюць у нас навуковую аснову). Таму да кожнага сезона рыхтуемся, можна сказаць, па два гады. Ужо цяпер, да прыкладу, мы пачалі працаваць над праграмай наступнага сезона - да 100-годдзя Рыгора Пукста. Адначасова рэпеціруем канцэрт памяці Яўгена Глебава: ён адбудзецца 26 кастрычніка ў Мінску і будзе прымеркаваны да 80-годдзя з дня нараджэння нашага кампазітара. Прычым прагучаць на ім не толькі глебаўскія песні і інструментальныя эстрадныя кампазіцыі, але і яго цудоўная акадэмічная музыка. Адзначым мы і 80-годдзе Уладзіміра Караткевіча. У 2010-м будзем святкаваць 100-годдзе з дня нараджэння кампазітара Пятра Падкавырава. Праграма ж, прымеркаваная да 190-годдзя Станіслава Манюшкі, у нас цалкам гатова: мы пакажам яе 4 верасня на традыцыйным Фестывалі беларускай камернай музыкі ў Тураве (я вельмі ўдзячны мясцовым уладам, што яны падтрымліваюць гэтае пачынанне). Рыхтуем праграму з твораў Эдуарда Зарыцкага, звязаных з класічнай беларускай паэзіяй. За адзін толькі мінулы сезон мы правялі 17 аўтарскіх канцэртаў беларускіх кампазітараў: многія творы ў іх прагучалі ўпершыню. Дый трэці фестываль "Шлягер на ўсе часы", што пройдзе ўвесну 2010 года, збярэ адразу цэлае суквецце юбілейных дат: 115 гадоў з дня нараджэння Леаніда Уцёсава, 25-годдзе з дня смерці Маі Крысталінскай, 100-годдзе з дня нараджэння аднаго з першых беларускіх джазменаў Эдзі Рознера (дарэчы, традыцыйны фестываль "Мінскі джаз" адбудзецца таксама - 21-ы раз).

- А калі будзе аўтарскі вечар самога Міхаіла Фінберга? Я разумею, што вы на кожным канцэрце - ці то за дырыжорскім пультам, ці то з пультам кіравання за кулісамі...

- Не хвалюйцеся, на гэтым фестывалі "Шлягер на ўсе часы" адбудзецца і мая творчая вечарына. Галоўнае, - і я гэта не стамляюся падкрэсліваць, - мы ніколі не выкарыстоўваем фанаграм. Невыпадкова нас назвалі "аркестр жывога гуку", мяне, адпаведна, - "маэстра жывога гуку", а журы "Славянскага базару ў Віцебску" чарговы раз пацвердзіла, што наш калектыў - насамрэч лепшы аркестр Еўропы. Яно і не дзіва! У нас працуюць тры прафесары, два дактары навук, чатыры дацэнты, восем кандыдатаў навук, трыццаць два лаўрэаты першых прэмій розных выканальніцкіх конкурсаў. Наш калектыў першым атрымаў званні Нацыянальнага і Заслужанага, станавіўся лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў, камсамолу Беларусі, двойчы - лаўрэатам італьянскіх фестываляў. У нас працуюць выключна суперпрафесіяналы, спрэс выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Кожны артыст аркестра штогод праходзіць праслухоўванне: сольна паказвае падрыхтаваны твор буйной формы і ігру ў ансамблі. Далучыце сюды штодзённыя пяцігадзінныя рэпетыцыі - аркестравыя і групавыя. Іншымі словамі, увесь час мы працуем над удасканаленнем свайго майстэрства, пошукам новых форм. І пры гэтым праводзім, падкрэслю, камерцыйныя канцэрты. Таму не дзіва, што білеты на нашы канцэрты раскупляюцца імгненна. Нягледзячы на эканамічны крызіс, план гэтага года мы ўжо выканалі і перавыканалі, а ён вельмі вялікі.

 - Можна сказаць, што вы перавыканалі і "план" па арганізацыі і правядзенні разнастайных фестываляў і музычных святаў: 15 гадоў вашаму фестывалю ў Нясвіжы, 10 - у Заслаўі, а яшчэ ж ёсць Чачэрск, Іванава, Мсціслаўе - усяго не пералічыць!

 - Я ганаруся, што ў гэтым сезоне колькасць нашых фестываляў дасягне сотні. З'явіцца і новы фестываль у Пінску: ён будзе ўтрымліваць і джаз, і акадэмічную музыку, адзначаючы этапы развіцця нашай беларускай культуры.

 - Наколькі я ведаю, ваш аркестр удзельнічае і ў Міжнародным фестывалі "Залаты шлягер у Магілёве". Дый да кожнага "Славянскага базару ў Віцебску" вы рыхтуецеся асабліва карпатліва...

 - Графік у нас заўсёды вельмі насычаны. 4 верасня - Тураў. 5-га - Мазыр, мой родны горад, дзе мы, паводле традыцыі, выступаем перад маімі землякамі, на прадпрыемстве, якое нас падтрымлівае, - Мазырскім нафтаперапрацоўчым камбінаце. 12 верасня едзем у Белавежскую пушчу, дзе адзначым 600-годдзе запаведніка, які стаў сапраўдным брэндам нашай краіны. І так ледзь не штодзень. Калі распісваць увесь сезон - ніякай газеты не хопіць.

- Галоўнае, каб вам і надалей хапала энергіі, якую вы перадаяце сваім музыкантам!

Фота Юрыя ІВАНОВА  

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"