Станоўчая ацэнка – і заклік працаваць эфектыўней

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

Выязныя калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сталі ўжо добрай традыцыяй. Калі мінулая з іх, што адбылася ў 2006 годзе на Віцебшчыне, была паклікана акрэсліць задачы работнікаў культуры ў рэчышчы глабальнага абнаўлення жыцця беларускай вёскі, дык сёлета прыспеў час падводзіць пэўныя “прамежкавыя” вынікі. І гэта было адлюстравана ўжо ў самой назве калегіі, якая прайшла 3 мая: “Аб рабоце ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама па выкананні Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005 — 2010 гады”. Да гэтага своеасаблівага экзамена сваёй працы ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама падрыхтавалася дбайна і старанна. Удзельнікі калегіі атрымалі важкія пакункі з багатым інфармацыйным матэрыялам аб сучасным стане культуры Прыдняпроўя, а непасрэдна перад пачаткам пасяджэння была разгорнута сапраўдная выстаўка яе дасягненняў. У скарбонку даробкаў работнікаў культуры Магілёўшчыны, дарэчы, варта дадаць яшчэ адзін: яны ўмеюць сябе належна прэзентаваць, што па сённяшінім часе немалаважна. Зрэшты, адной толькі гэтай здольнасці ім было б замала, каб годна вытрымаць сур’ёзны іспыт, падчас якога ацэньвалася больш як двухгадовая праца па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы. Станоўчая ацэнка дзейнасці ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, дадзеная падчас калегіі, перадусім абумоўлена штодзённай рупнасцю работнікаў культуры краю на чале з Анатолем Сінкаўцом.

Сельская культура Магілёўшчыны годна вытрымала экзамен

Рызынкі замест солі

 /i/content/pi/cult/114/294/Kultasvet2.jpg
Прыдняпроўскі край сустракаў традыцыйным караваем (з разынкамі замест солі) і, вядома ж, песнямі, якія павінны былі нейтралізаваць эмацыйнае ўздзеянне зусім не майскай непагадзі. Паводле добрай завядзёнкі, праграма калегіі прадугледжвала не толькі ўласна пасяджэнне, але таксама і знаёмства з сітуацыяй на месцы.
Вандроўка па дарогах Магілёўшчыны ператварылася ў змястоўную экскурсію, падчас якой цікавыя звесткі па гісторыі гэтай зямлі з вуснаў вядучага навуковага супрацоўніка Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Марыны Тарасавай перамяжоўваліся з расповедамі пра сучаснасць краю. Дапаўняў, даваў цікавы і змястоўны каментар да аповеду экскурсавода намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Глаз, чалавек, які вельмі блізка спрычыняецца да штодзённага стварэння сучаснай магілёўскай явы.
Знаёмства з сельскай культурай Магілёўшчыны пачалося з наведвання вёскі музейна-ідэалістычнай, размешчанай у Буйнічах. Завітваючы ў свежапабудаваныя хаты з абразамі ў кутку, назіраючы за тым, як з-пад рук вышывальшчыц выходзяць дзівосныя карункі, грэючыся ля кавальскага горна ды частуючыся свежымі вынікамі пекарскага чарадзейства, можна было прыйсці да немалаважнай высновы. Папулярнасць турыстычна-экскурсійнага комплексу “Беларуская этнаграфічная вёска ХІХ ст.”, як і іншых падобных праектаў, сведчыць за тое, што цікавасць сучаснікаў да вясковай культуры няспынна павялічваецца — насуперак усім “дыскрымінацыйным” стэрэатыпам. І гэта мусіць надаваць жыццёвага імпэту тым яе сучасным праявам, якім у музей пакуль яшчэ зарана.
/i/content/pi/cult/114/294/Kultasvet3.jpg 
Зрэшты, чаму ж зарана? Нехарактэрную для звычайных вёсак музейную цішыню комплексу выдатна ажывілі гарэзлівыя скокі калектыву з вёскі сапраўднай — Галавеньчыцы Чавускага раёна. Яго не па гадах маладыя ўдзельніцы (ад шасцідзесяці ды пад восемдзесят) лёгка напаўнялі “навадзел” атмасферай аўтэнтыкі — балазе, для іх пакутлівыя пошукі шчырых фальклорных нотак зусім не ўласцівы, бо яны ўспрынялі іх разам з матчыным малаком. Напэўна, гэта забаўляльна-пазнавальная ўстанова можа стаць сталай пляцоўкай для дэманстрацыі традыцыйнай культуры краю. Турысты, думаецца, будуць не ў меншым захапленні, чым удзельнікі калегіі.
Да унікальнай па беларускіх мерках турыстычнай зоны ў праслаўленых баявымі подзвігамі Буйнічах, ідэя стварэння якой належыць старшыні Магілёўскага аблвыканкама Барысу Батуру, народны шлях не зарастае. Больш за тое — яго нават давялося пашырыць — чым на нашых вачах і займаліся дарожныя будаўнікі. І гэта сведчыць пра рост культурных запатрабаванняў магіляўчан ды здольнасць мясцовых улад бліскуча і паўнавартасна іх задаволіць. Але ж удзельнікаў калегіі ў той дзень цікавіў перадусім стан культуры, так бы мовіць, у глыбінцы, і праехаўшы без прыпынкаў цераз сталіцу вобласці, наш аўтобус скіраваўсяна ўсход.   

Бацвінаўскія спевы вы унісон

 Прыкладна праз сотню кіламетраў машына спынілася на плошчы аграгарадка “Бацвінаўка”, што ў Крычаўскім раёне. Здавалася б, менавіта такія месцы заведзена называць глыбінкай. Але аднаго толькі беглага позірку было дастаткова, каб прыемна здзівіцца ды прамовіць: “Цывілізацыя!”.
Першы погляд з вакна аўтобуса немінуча ўпіраецца ў агароджы, не
 /i/content/pi/cult/114/294/Kultasvet4.jpg
так даўно пафарбаваныя ў жыццесцвярджальныя яркія колеры. Менавіта з імі ў многіх і асацыіруюцца аграгарадкі. Аднак лішне казаць, што сутнасць рэформ вёскі — не ў прыгожых агароджах. Як зазначыў намеснік старшыні Крычаўскага райвыканкама Сяргей Марозаў, ператварэнне Бацвінаўкі ў аграгарадок азначала найперш і абнаўленне яе аграпрамысловых прадпрыемстваў. І гэта натуральна, бо без эканамічнай базы ўсе высілкі па добраўпарадкаванні ніколі не стануць прычынай сутнасных соцыякультурных зрухаў.
Будынак Бацвінаўскага СДК, у чыім невялікім, але дагледжаным холе неўзабаве апынуліся ўдзельнікі калегіі, здзівіў сваёй поліфункцыянальнасцю. Апрача бібліятэкі і філіяла школы мастацтваў (што, у прынцыпе, не дзіва), пад гэтым дахам размешчаны таксама амбулаторыя, цэнтр сацыяльных паслуг і нават сталоўка. Больш за тое — паколькі мясцовая школа не мае сваёй актавай залы, яе мерапрыемствы ладзяцца ва ўтульнай зале ДК. Школьная і грамадская бібліятэкі таксама спалучаны ў адным памяшканні. Балазе, хадзіць далёка не трэба — грунтоўна абноўленая школа адсюль цераз дарогу.

— Аб’яднанне розных устаноў пад адным дахам — карціна для нас тыповая, — адзначыў з гэтай нагоды Анатоль Глаз. — Яно дазваляе эфектыўней выкарыстоўваць памяшканні, задзейнічаць літаральна кожны іх сантыметр. Ды і для людзей гэта вельмі зручна.

 /i/content/pi/cult/114/294/Kultasvet.jpg
Мерапрыемствы работнікі культуры і адукацыі таксама ладзяць у тандэме — разумеючы, што агульнасць задач вымагае іх “спяваць ва унісон”, як гэта, дарэчы, рабілі школьнікі Крычаўшчаны падчас раённага агляду-конкурсу “Здаровы я — здаровая сям’я”, на які акурат патрапілі ўдзельнікі калегіі.
А ў бібліятэцы (нібы ва унісон з аглядам-конкурсам) адбываліся заняткі іншай школы — будучых мам. З’яўленне яе, дарэчы, наглядна сведчыць і аб тым, што камп’ютэрызацыя бібліятэк — справа патрэбная і карысная, бо неабходны для заняткаў метадычны матэрыял быў знойдзены менавіта ў “сусветным павуцінні”.
Але самае важнае, што ў Бацвінаўцы гэтыя заняткі ёсць каму наведваць. Той факт, што каля дваццаці яе жыхароў яшчэ не адзначылі свой самы першы юбілей, красамоўны сам па сабе. Немаўлят тут усяго ўдвая меней за пенсіянераў, а апошніх, у сваю чаргу, меней за 10%.   

Прыемныя неспадзяванкі Магілёушчыны

 Старшыня Магілёўскага райвыканкама Аляксандр Разганаў можа распавядаць пра давераны яму рэгіён доўга і з любоўю, спалучанай таксама і з гонарам, — раён з’яўляецца адным з самых перадавых у вобласці, прычым не толькі паводле эканамічных паказчыкаў. Адметна, што разам са статыстычнымі дадзенымі, датычнымі сельскагаспадарчай вытворчасці, кіраўнік раённай адміністрацыі ведае і ўсе установы культуры краю ды ўсе адметныя ансамблі. Асаблівую ўвагу з яго расповеду выклікаў такі характэрны факт. Агульнаадукацыйных школ у раёне 23, а школ мастацтваў ды іх філіялаў — 22. Практычна яны створаны паўсюль, дзе была ў іх патрэба.
Тое, што пасяджэнне калегіі адбылося ў аграгарадку “Усход”, цалкам заканамерна, бо гэты населены пункт непадалёк ад Магілёва можа лічыцца папраўдзе эталонным вынікам рэформ беларускай вёскі: дагледжаныя дамы з усімі выгодамі, размаіты спектр устаноў соцыякультурнай сферы, не абдзеленых у плане матэрыяльнай базы нават параўнальна са сталічнымі, чыстыя вуліцы з ліхтарамі…
Цяжка паверыць у тое, што амаль усе жыхары гэтага сапраўды гарадскога пасёлка заняты ў сферы сельскай гаспадаркі. Адным словам, пачуўшы пытанне, што такое аграгарадок, па адказ парэкамендуйце завітаць ва Усход.
На плошчы аграгарадка разгарнуўся свайго кшталту парад устаноў культуры на колах. “Газелі”, што “прыскакалі” з розных раёнаў Магілёўшчыны, таілі ўнутры хто забяспечаную камп’ютэрам бібліятэку, хто — відэапраектар з наборам фільмаў, а хто — цэлы тэатр альбо ансамбль народнай песні. Апошнім давялося нясоладка — надвор’е, паўторымся, было не майскім. Але ж работнікі культуры краю засведчылі, што неспрыяльныя ўмовы для іх — не перашкода, ды зладзілі на плошчы імправізаваны канцэрт.
Усяго на дарогах Магілёўшчыны сёння можна ўбачыць 38 устаноў культуры на колах, і паводле гэтага паказчыку вобласць лідзіруе. Як, дарэчы, і ў плане камп’ютэрызацыі бібліятэк ды стварэння філарманічных пляцовак.
 /i/content/pi/cult/114/294/Kultasvet1.jpg
Адкрываючы пасяджэнне калегіі, міністр культуры РБ Уладзімір Матвейчук прызнаўся, што ўбачанае ў гэты дзень не стала для яго неспадзяванкай: насамрэч, стан культуры гэтага рэгіёна сумневаў выклікаць не можа. І назапашаны культурай Магілёўшчыны досвед карысны і для іншых рэгіёнаў. Правядзенне калегіі мае распачаць яго вывучэнне ды, уласна, практычнае прымяненне.
У пацвярджэнне такой станоўчай характарыстыкі можна згадаць хаця б працу Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы. Набыўшы летась уласную камп’ютэрную і капіравальную тэхніку, ён за год паспеў выпусціць больш за 30 уласных выданняў метадычнага зместу, задавальняючы тым самым “голад” на падобную літаратуру. Выдаецца нават свой часопіс з красамоўнай назвай “Культура і мастацтва Магілёўскай вобласці”, ладны раздзел якога аддадзены публікацыі нарматыўных дакументаў і юрыдычным кансультацыям, як паветра патрэбным работнікам культуры.
Пра шматлікія і розныя даробкі культуры вобласці распавёў у дакладзе начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец. А паводле слоў Анатоля Глаза, значную ролю ў дасягненні гэтых поспехаў адыгралі кадры — самаадданыя ды прафесійна спелыя работнікі культуры. “Мы разумеем, што з Мінска альбо іншых абласцей ніхто да нас працаваць не паедзе, — зазначыў намеснік старшыні аблвыканкама, — і таму спадзяёмся на свае сілы”. Пераканаўшыся ў плённай працы магілёўскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кіраўніцтва вобласці плануе стварыць таксама і філіял Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў пасля аб’яднання ў адзіны каледж Магілёўскіх бібліятэчнага тэхнікума і вучэльні культуры.
Зрэшты, сёлета Магілёўшчына атрымае таксама і добрае ўліванне з ліку выпускнікоў сталічных “творчых” ВНУ — дзякуючы таму, што падчас апошняга размеркавання быў зроблены акцэнт на забеспячэнне кадрамі рэгіёнаў. У наступным акадэмічным годзе штаты ўстаноў культуры вобласці папоўняцца яшчэ 32 спецыялістамі з прэстыжнымі дыпломамі. Як адзначыў Уладзімір Матвейчук, перад гаспадарамі цяпер стаіць важная задача — належна прыняць гэтых спецыялістаў, забяспечыць іх усімі патрэбнымі для жыцця і працы ўмовамі, без чаго маладыя парасткі не здолеюць прывіцца на ствале культуры Прыдняпроўскага краю.
Адначасова Уладзімір Матвейчук падкрэсліў, што менавіта Міністэрства культуры і абласныя ўпраўленні павінны вызначаць палітыку БДУКіМ ды іншых “творчых” навучальных устаноў:
— У дачыненні да Універсітэта культуры і мастацтваў мы з вамі выступаем у ролі заказчыкаў, і гэта дазваляе нам дыктаваць пэўныя ўмовы. Сёння, можа, ужо і запозна, але на наступны год мы павінны вызначыцца, якія спецыялісты нам патрэбны найбольш, і адпаведна з гэтымі патрэбамі карэктаваць дзейнасць навучальных устаноў.
Па выніках штогадовага Рэспубліканскага спаборніцтва на лепшую пастаноўку работы ўстаноў культуры і мастацтва па канцэртным і тэатральным абслугоўванні сельскага насельніцтва Магілёўшчына стала адзінай з абласцей, якая прадэманстравала рост паказчыкаў па ўсіх намінацыях спаборніцтва. Пазалетась яна займала ў гэтым спаборніцтве апошняе месца і за год здолела ўзняцца на трэцяе. Сёлета, як можна спадзявацца, прасунецца яшчэ далей. Прынамсі, пра гэта сведчаць многія ініцыятывы работнікаў культуры раёна, якія знаходзяць нязменную падтрымку мясцовых улад, напрыклад, такая акцыя, як гастрольныя туры лепшых самадзейных калектываў Магілёўскага раёна па 17 цяперашніх і будучых аграгарадках краю. У выніку культурнае жыццё апошніх папоўнілася, прынамсі, на адну падзею штомесяц, а кожны калектыў здолее аб’ехаць з канцэртамі літаральна ўвесь раён.
Неўзабаве лепшыя з гэтых калектываў здолеюць, бадай, парадаваць і сталічную публіку. Спярша ў кулуарах калегіі, а потым і на яе пасяджэнні актыўна абмяркоўваўся праект правядзення свайго кшталту прэзентацый культуры абласцей у Мінску, задзейнічаўшы як сцэну Белдзяржфілармоніі, так і імправізаваныя канцэртныя пляцоўкі на прадпрыемствах горада. Паколькі міністр культуры гэтую задуму ўхваліў, дык можна думаць, што ў калектываў з рэгіёнаў сапраўды з’явіцца магчымасць зрабіць свайго кшталту справаздачу перад патрабавальнай мінскай аўдыторыяй — і, разам з тым, займець яшчэ адзін стымул для творчага росту.  

Курянят лічыць зарана

 Па словах Анатоля Глаза, дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла стала выратаваннем для сельскіх устаноў культуры, бо раней сродкі выдаткоўваліся адно на іх утрыманне. Цяпер жа з’явіліся магчымасці не толькі захаваць патэнцыял, але і шматкротна яго памножыць.
Звесткі, агучаныя ў дакладзе начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці МК Васіля Чэрніка, гаварылі аб тым, што “культурная” частка Дзяржпраграмы выконваецца досыць паспяхова. Рэальныя лічбы адкрытых летась у сельскай мясцовасці ўстаноў культуры новага тыпу, камп’ютэрызаваных бібліятэк, створаных мабільных устаноў культуры перавышаюць запланаваныя. А план адносна адкрыцця ў сельскай мясцовасці школ мастацтва ды іх філіялаў быў перавыкананы ажно ў 4,7 разы — летась іх з’явілася 75.
Разам з тым, выступоўцы не абышлі ўвагай і самы праблемны пакуль што аспект выканання Дзяржпраграмы — адраджэнне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны. З 25 аб’ектаў, што маюць ператварыцца ў сядзібна-этнаграфічныя комплексы, працы вядуцца пакуль толькі на 9, з якіх пяць знаходзяцца ў Мінскай вобласці. Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры РБ Васіль Абламскі зазначыў, што ў аграгарадках краіны знаходзяцца 28 архітэктурных помнікаў, стан якіх вымагае жадаць лепшага, а некаторыя і наогул закінутыя. Фінансавыя акалічнасці тут, вядома, моцна даюцца ў знакі — для таго, каб вярнуць помнікі да жыцця, толькі на выраб праектнай дакументацыі спатрэбіцца амаль 10 млрд. рублёў. Але ж без выпраўлення гэтых хібаў казаць пра паўнавартаснае выкананне пастаўленых дзяржавай задач не выпадае, бо дысананс паміж добраўпарадкаванымі вуліцамі і соцыякультурнымі ўстановамі ды занядбаным храмам альбо сядзібай, вядома, недапушчальны.
Натуральна, гутарка на калегіі ішла і аб планах на будучыню. Паводле пастановы Савета Міністраў РБ, у 2007 годзе ў краіне належыць стварыць 30 сельскіх устаноў культуры якасна новага тыпу, адкрыць тры дамы рамёстваў і школу народнай творчасці, правесці камп’ютэрызацыю 160 сельскіх бібліятэк, арганізаваць 41 пляцоўку філарманічнага і тэатральнага абслугоўвання і 17 філіялаў і класаў школ мастацтваў, дапоўніць колькасць мабільных устаноў культуры яшчэ 57 адзінкамі. У сваю чаргу, выкананне пастаўленых задач дазволіць стварыць у аграгарадках 88 новых працоўных месцаў.
Аднак вынікі першага квартала, агучаныя Васілём Чэрнікам, пакуль насцярожваюць — прыкладам, устаноў культуры новага тыпу створана ўсяго чатыры з 30 запланаваных, амаль такая ж сітуацыя — і са стварэннем мабільных устаноў культуры, камп’ютэрызацыяй бібліятэк. У некаторых абласцях работа па выкананні паказчыкаў пакуль нават не пачыналася. Праўда, начальнікі абласных упраўленняў культуры абяцаюць абавязкова выправіць сітуацыю і ў самы бліжэйшы час.
Што ж, мо куранят сапраўды па восені лічаць…Гутарка падчас пасяджэння калегіі вялася не толькі пра ўдасканаленне матэрыяльнай базы ўстаноў культуры, але і пра яе зместавае “начынне”. У прыватнасці, Анатоль Глаз казаў пра патрэбу стварэння камп’ютэрных гульняў для дзяцей, здатных не толькі забаўляць, але і выхоўваць. Дырэктар Дэпартамента па кінавытворчасці Міністэрства культуры РБ Максім Буданаў засцярог пракатчыкаў вобласці ад выкарыстання сумнеўнай, з пункта гледжаннямаралі, кінавідэапрадукцыі, зазначыўшы, што выпадкі, калі дзеля “хуткага рубля” дзяржаўны відэапраектар дэманструе фільм, забаронены для паказу Рэспубліканскай экспертнай камісіяй, на вялікі жаль, часам здараюцца. Уладзімір Матвейчук заклікаў рэгіянальных пракатчыкаў прапагандаваць айчыннае кіно, у тым ліку і дакументальныя стужкі Белвідэацэнтра.
— 2007 год — гэта палова шляху ў выкананні дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла, — адзначыў напрыканцы свайго даклада Васіль Чэрнік.
— І ад таго, як мы спрацуем сёлета, шмат у чым будзе залежыць выкананне ўсёй дзяржаўнай праграмы.
Сур’ёзная дзелавая размова 

Сур’ёзная дзелавая размова

Сваімі ўражаннямі адносна працы калегіі карэспандэнт “К” папрасіў падзяліцца яе ўдзельнікаў. 

Валерый ГЕДРОЙЦ, намеснік міністра культуры РБ:
— Вынікі ўвасаблення ў жыццё Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла, якія мы бачылі сёння на свае вочы, папраўдзе ўражваюць. Прайшло небагата часу — і вось, мы ўжо маем канкрэтныя яе плады.
Асноўны “ўраджай”, вядома, яшчэ наперадзе, і, каб яго атрымаць, нам усім давядзецца прыкласці нямала высілкаў. Сёння да мяне прыйшла такая думка: якія былі б нашы ўражанні ад наведвання Бацвінаўкі ды Усходу ў 2010 годзе, калі б яны не ператварыліся ў аграгарадкі?
Цяжка нават уявіць, у якім стане апынулася б наша вёска, калі б Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка не прыняў гэтую вельмі своечасовую праграму. 

Рычард СМОЛЬСКІ, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:
— Я ў чарговы раз пераканаўся, што шырокая, сапраўды народная мастацкая культура ў нашай краіне няспынна развіваецца ды ўзбагачаецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі сённяшняга дня і патрэбамі насельніцтва, у прыватнасці, моладзі. Тыя аб’екты, якія мы сёння пабачылі, гэта ўстановы культуры ХХІ ст., дзе вяскоўцы могуць задаволіць найшырэйшы спектр культурных запытаў. У гэтым плане жыхар сяла спакваля набліжаецца да гараджаніна. Вядома, селянін пакуль не заўсёды можа спрычыніцца да “высокага” мастацтва — скажам, наведаць балет альбо оперу, — але актывізацыя дзейнасці пляцовак філарманічнага абслугоўвання, думаецца, у значнай меры і тут выправіць сітуацыю.
Паколькі на Беларусі захаваны вялікі пласт народнай культуры, можна быць спакойным і за будучыню прафесійнага мастацтва. Бо яно вырастае менавіта на гэтай урадлівай глебе народнай творчасці. Значыць, мы на правільным шляху, і кожнаму з нас, незалежна ад пасады і статуса, застаецца толькі мэтанакіравана працаваць у гэтым рэчышчы. 

Аляксандр ЛОЙКА, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:
— Убачыўшы, у якім выдатным стане знаходзяцца ўстановы культуры Магілёўшчыны, я вельмі ўзрушаны вялікай працай, якую зрабілі мае калегі. Думаю, гэта вызначае і імпэт тых, хто ў гэтых установах працуе, бо кепска ў такіх умовах працаваць нельга. Што да пасяджэння калегіі, дык мне спадабалася выразнасць і дакладнасць акрэсленых пытанняў, асабліва тых, якія былі ўзняты міністрам культуры. Атрымалася, як кажуць, “мужчынская” дзелавая размова без “вады” і марнаслоўя. Прагучалі цікавыя ідэі — прыкладам, адносна адмысловага афармлення мабільных устаноў культуры, адаптацыі да гэтых спецыфічных патрэб стандартных мікрааўтобусаў.
Яшчэ адзін важны нюанс — магчымасць зносін з калегамі з іншых абласцей. Бо, так бы мовіць, у кулуарах лёгка вырашаюцца “рабочыя” пытанні адносна нашага супрацоўніцтва, з’яўляюцца новыя цікавыя ідэі. 

Максім БУДАНАЎ, дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі пры Міністэрстве культуры РБ:
— Сэнс сустракацца разам дзеля абмеркавання злабадзённых пытанняў заўсёды ёсць — вядома, калі падчас гэтых сустрэч разглядаюцца канкрэтныя шляхі вырашэння праблем. Сённяшняя калегія, відавочна, была плённай — у тым ліку і датычна непасрэдна маёй сферы. Сувязі паміж кінематографам і развіццём сяла на першы погляд могуць падацца занадта ўскоснымі, але… Думаю, такі магутны фактар фармавання грамадскай свядомасці, як кіно, нельга недаацэньваць. Бо гледачы, асабліва моладзь, пераймаюць учынкі, стыль жыцця і мыслення экранных герояў, і таму важна, каб гэты прыклад быў станоўчы. А гэта, у сваю чаргу, шмат у чым залежыць ад кінавідэапракатчыкаў, чый грамадскі ўплыў прама прапарцыянальны эфектыўнасці працы. Мяне ўсцешвае тое, што хаця кінавідэапракат Магілёўшчыны пакуль яшчэ не выкарыстаў увесь патэнцыял для развіцця, але станоўчыя зрухі за апошні час тут вельмі істотныя. 

Анатоль ГЛАЗ, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама:
— На гэтым своеасаблівым экзамене прысутнічалі прафесіяналы вышэйшага рангу, і перад імі фальш не прайшоў бы: яны разбіраюцца, дзе — сутнасць, а дзе — павярхоўнае. Сёння стылю работы Міністэрства культуры ўласціва дэталёвая прапрацоўка праблематыкі, я б нават сказаў — датклівасць у разглядзе пытанняў, і таму ацэнка нашай работы, дадзеная Уладзімірам Фёдаравічам Матвейчуком, для нас вельмі прыемная. Але ж, у той самы час, гэта яшчэ і заклік працаваць лепей. І калегія забяспечыла нас патрэбнымі для гэтай працы арыенцірамі. 

Ілля СВІРЫН,
наш спецкар.