Узнагарода — за адвагу

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

У адным з баёў пад час Першай сусветнай вайны, 20 ліпеня 1915 года пад горадам Востраў, быў цяжка паранены і страціў руку мой прадзед Браніслаў ВолкаўКарачэўскі. Непрытомны, ён трапіў у палон, але праз некаторы час быў з яго вызвалены…

 Шпіталь, у якім лячыўся Браніслаў Станіслававіч, знаходзіўся ў Петраградзе. І вось аднойчы ў бальніцу прыехала ўзнагародная камісія на чале з расійскім імператарам. Калі ў палату ўвайшоў Мікалай ІІ, усталі нават цяжкапараненыя, але цар папрасіў іх прысесці. Штабны афіцэр зачытаў: “Кулямётчык 233 Старабельскага палка Браніслаў Волкаў-Карачэўскі”. Прадзед устаў, адказаўшы па ўставе. Погляд Мікалая ІІ сустрэўся з поглядам адважнага салдата, які сурова глядзеў на камісію. Імператар падышоў да салдата і пад указ, што чытаўся генералам, асабіста прыладзіў да грудзей вайскоўца Георгіеўскі крыж… Было ў той час Георгіеўскаму кавалеру 22 гады…

Потым пачалася гутарка пра фронт, пра планы на жыццё пасля шпіталя. Цар прапанаваў Браніславу кватэру ў Петраградзе, але салдат падзякаваў і сказаў, што жадае вярнуцца ў родны край. Мікалай ІІ тут жа паклікаў штабнога афіцэра і загадаў за кошт дзяржаўнай казны паставіць хату салдату і прызначыць пажыццёвую пенсію.

Вярнуўшыся дадому, Браніслаў Станіслававіч ажаніўся, паставіў хату. Паводле царскага ўказа ўсе выдаткі ўзяла на сябе дзяржава. А тая хата, дарэчы, і па сёння стаіць у вёсцы Каменка...


На здымку: Браніслаў ВолкаўКарачэўскі і ягоны атэстат на Георгіеўскі крыж.