“ДАХ” нумар 9

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Міжнародны фестываль “ДАХ9” прыме першых наведвальнікаў у Рэспубліканскай галерэі “Палац мастацтва” 25 жніўня. Выстаўкі жывапісу, графікі, скульптуры, фатаграфіі, перформансы, відэа-арт, тэатральныя пастаноўкі, музычныя канцэрты, прэзентацыі кніг, лекцыі і майстар-класы будуць праходзіць амаль цягам месяца, да 20 верасня. Адбудзецца фестываль пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў і Берлінскага мастацкага цэнтра “Тахелес”.

“Першыя восем “ДАХаў” паспяхова праходзілі ў Германіі,— гаворыць адзін з арганізатараў, мастак Алесь Родзін. — Яшчэ ў 2001 годзе ў Берлін прыехалі са сваімі карцінамі каля 40 беларускіх мастакоў. “ДАХ-9” можна лічыць абменнай выстаўкай, бо з нямецкага горада ў Мінск завіталі творцы, якія працуюць у Германіі. Таксама можна будзе пазнаёміцца з сучасным мастацтвам Расіі, Украіны, Польшчы, Італіі, Галандыі, Ізраіля, ЗША, Японіі”.

Дзякуючы штотыднёвай змене экспазіцый гледачы змогуць пабачыць вялікую колькасць работ маладых творцаў.

Асноўная аўдыторыя фестывалю, як сведчаць арганізатары, — студэнцтва, а таксама тыя, хто цікавіцца мастацтвам. “ДАХ” аб’ядноўвае тых, хто мае выдатны творчы патэнцыял, таму ён будзе цікавы прыхільнікам як новага, так і традыцыйнага мастацтва. Але адбудзецца не толькі ўзаемадзеянне паміж гледачамі і творцамі — самі аўтары будуць увесь час абменьвацца вопытам, ствараць агульныя праекты і адразу ж іх дэманстраваць.