У двухсоты раз памерці і ўваскрэснуць

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

Спектаклі-доўгажыхары нязменна выклікаюць павагу не толькі ў прафесіяналаў, але і ў колах звыклых гледачоў. Зусім нядаўна акцёр Купалаўскага тэатра Арнольд Памазан атрымаў “Крыштальную Паўлінку” за тое, што ў тысячны раз сыграў пана Быкоўскага з неўміручага купалавага “хіта”. А на пачатку мая і Рэспубліканскі тэатр юнага гледача адзначыў хоць і меншы, але таксама юбілей: у двухсоты раз маленькія гледачы ўбачылі спектакль “Сястра мая Русалачка” ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Наталлі Башавай.

П’еса Людмілы Разумоўскай, якая лягла ў аснову спектакля, напісана на аснове знакамітага аднайменнага твора дацкага казачніка Ганса Хрысціяна Андэрсена. Усім вядомая гісторыя самаадданага і ахвярнага кахання Русалачкі да Прынца трансфармавалася ў спектаклі ў “сур’ёзную размову пра жыццё і смерць, пра сэнс жыцця, пра вечныя жыццёвыя каштоўнасці”.

За час, што прайшоў з 1999 года, калі “Сястра мая Русалачка” ўпершыню ўбачыла сцэну ТЮГа, пастаноўка не раз была адзначана, у тым ліку і ў 2001 годзе на Рэспубліканскім тэатральным фестывалі творчай моладзі “Надзея” ў Гродне, дзе ўзнагароды атрымалі рэжысёр спектакля і выканаўцы галоўных роляў.

Вось ужо ў двухсоты раз, сцвярджаючы непераможнасць сапраўднага кахання, Русалачка на сцэне ТЮГа аддала сваё жыццё і ператварылася ў марскую пену. Для таго, каб зноў уваскрэснуць і ў чарговы раз сказаць са сцэны, што аніякі прагматызм не пераможа шчырых і палкіх пачуццяў. 

Т.К.