Карціны аптымізму

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Лёс творчага чалавека, мастака— заўсёды незвычайны. Увага да ягонай жыццёвай сцежкі— гэта яшчэ адзін сродак зразумець і глыбей успрыняць тыя карціны, якія ён нам пакінуў. Таму зразумела, што лёс Міраслава Амельенюка, самабытнага мастака з Кобрына, не можа не прыцягнуць увагу прыхільнікаў яго таленту. Свае арыгінальныя карціны гэты чалавек пісаў з дапамогай пальцаў правай нагі.

 Справа ў тым, што з дзяцінства мастак-самавук быў інвалідам. У выніку родавай траўмы хлопчык застаўся абсалютна нерухомы. Толькі пасля курса медыцынскай дапамогі ўрача-неўрапатолага падлетак пачаў сядзець і рухаць правай нагой. Дзякуючы самаадданасці маці хлопчыка, Ларысы Зінкевіч, Міраслаў ніколі не пачуваў сябе абдзеленым, а, сагрэты любоўю родных людзей, заўсёды радаваўся жыццю. Маці навучыла сына чытаць, а паступова, праз фізічныя перашкоды і пакуты, Міраслаў засвоіў пісьмо, выводзячы літары з дапамогай заціснутага пальцамі правай нагі алоўка ці асадкі. А яшчэ здольны хлопец змог вывучыць рускую і польскую мовы, пачаў з дзяцінства пісаць вершы.

Калі Міраславу споўнілася 16 гадоў, маці прынесла яму каляровыя алоўкі і прапанавала што-небудзь намаляваць. Гэты дзень стаўся сапраўды лёсавызначальным для прыкаванага да ложка падлетка. З часам алоўкі змяніліся фарбамі: спачатку — акварэльнымі, гуашавымі, а пасля— алейнымі.

За час свайго жыцця Міраслаў Амельянюк намаляваў больш за 200 карцін, а тыя, што падабаліся наведвальнікам, ён ахвотна дарыў.

Першым, хто звярнуў увагу на яго карціны, была польская даследчыца Ванда Шуман, якая займалася творамі мастакоў-інвалідаў. Паміж Міраславам і Вандай распачалася перапіска, што доўжылася да сыходу мастака— 19 мая 1994 года.

Тэмы яго твораў — няхітрыя і наіўныя: кветкі, хатнія жывёлы, партрэты родных. Углядаючыся ў яго карціны, заўважаеш мудрасць і жыццёвую сталасць, якія хаваюцца за маляўнічым светам.

Сам Міраслаў тлумачыў пазіцыю мастака ў сваім рамане “Помнік”, прысвечаным яго маці: “І як тут не радавацца жыццю? Я ведаю яго цану: яно — звышкаштоўнае. Маё жыццё тады бурліла якойсьці жыватворнай крыніцай. Хацелася жыць і тварыць, ухваляць настолькі дарагія мне фауну і флору—аснову нашага жыцця”.

Шкада, што толькі пасля сыходу земляка кобрынцы змаглі наведаць яго выстаўку. Раней асобу Міраслава Амельенюка ацанілі ў Маскве, дзе ў дзяржаўным музеі гуманітарнага цэнтра “Пераадоленне” імя Мікалая Астроўскага — у Цэнтры творчай рэабілітацыі і духоўнага адраджэння для людзей з абмежаванымі магчымасцямі— быў пастаянны стэнд, прысвечаны мастаку.