Тры спосабы пабагацець

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Камерная опера на вялікай сцэне: паміж “фэнтэзі” і фантазіяй Па завяршэнні сезона наша культура пабагацела на прэм’еру, для якой азначэнні кшталту “яшчэ адна”, “чарговая” не падыходзяць, бо ў сучасную канцэртна-тэатральную практыку быў вернуты помнік даўніны: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь паставіў оперу “Чужое багацце нікому не служыць” Яна Давіда Голанда ў рэдакцыі Уладзіміра Байдава. Гэтым жа спектаклем тэатр адкрые свой новы сезон — 17 верасня, акурат у 225-годдзе з дня прэм’еры ў Нясвіжы яшчэ адной оперы Голанда — “Агатка, ці Прыезд пана”.

 Ну, а цяперашняе “міжсезонне” быццам наўмысна прызначана для таго, каб няспешна, без першай прэм’ернай эйфарыі (ці, наадварот, рэзкіх непагадненняў з канчатковай пастаноўчай версіяй), прааналізаваць шматгадовую напружаную працу над гэтым праектам, што вялася па ініцыятыве кіраўніка “Беларускай капэлы” Віктара Скорабагатава, і яе вынік.

Сюжэтная лінія новага спектакля круціцца вакол старой, як свет, гісторыі: як і дзе

Знайсці скарб.

Старэйшае пакаленне ў асобе Чужапанка марыць пра грошы і, адпаведна, гарыць жаданнем выдаць дачку за багатага (а гэта таксама адзін з варыянтаў “скарбашукальніцтва”). А вось моладзь — дачка Кася і яе любы Янак мараць пра такое каханне, якому і грошы не патрэбны (а ці ж гэта не сапраўдны скарб?). Для стваральнікаў жа спектакля падобным “скарбам” мог стаць знойдзены арыгінал гэтага твора. Але ж гісторыя “Чужога багацця…” мае на сённяшні дзень больш пытанняў, чым адказаў. Няма ніякага сумневу, што твор належыць пяру Я.Д. Голанда, запрошанага ў Нясвіж Радзівіламі. Але быў ён напісаны ўжо па прыездзе сюды ці, можа, крыху раней, калі Голанд яшчэ жыў у Германіі, упэўненасці, насамрэч, няма. Калі ж зыходзіць менавіта з захаванага музычнага матэрыялу, гэта — ніякая не опера, а ўсяго толькі вадэвіль. І справа не ў тым, што ад “Багацця…” застаўся толькі рэпеціторый (вакальныя партыі з польскамоўнымі падтэкстоўкамі ў суправаджэнні скрыпкі і баса), копію якога прывезла з заходняй краіны-суседкі доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзіёмава: да жанру оперы “не дацягвае” ні стылістыка гэтых 11-ці нумароў, ні іх драматургія — дастаткова параўнаць “Багацце...” са згаданай ужо “Агаткай” таго ж Голанда, куды больш разгорнутай і цікавай па музыцы.

Сцэна ж Вялікага тэатра патрабуе, адпаведна, “вялікай” оперы — і спектакль было вырашана дапоўніць іншай музыкай Голанда. Трэба было не проста перакласці, а— нанова напісаць літаратурныя тэксты, бо размоўныя рэчытатывы паміж музычнымі нумарамі таксама не захаваліся. Карацей, аб’ём працы аказаўся нашмат большы за той “скарб”, што ў рэальнасці застаўся ад гэтага твора.

Таму ў пэўным сэнсе ў якасці сапраўднага “скарбу” (ці, лепей, падарунка) выступіў грант Прэзідэнта краіны, вылучаны на рэалізацыю гэтага праекта. Неацэнным “скарбам” спектакля сталіся і яго стваральнікі — найперш, артысты, сярод якіх пераважае творчая моладзь тэатра (адпаведна з сюжэтам “Багацця…”, дзе рэальным кладам для Чужапанка аказваецца дачка Кася): шчодры на пачуцці Міхаіл Пузанаў, кранальная Дзіяна Трыфанава, сапраўдны майстар Аляксандр Кеда, які цэментуе сцэнічнае дзеянне не толькі сваёй сталасцю, але і абсалютна дакладным уваходжаннем у ролю. Але ўсім ім давялося, вядома, шмат папрацаваць — іншымі словамі,

Закасаць рукавы.

Некалькі разоў перарабляліся і п’еса, замоўленая драматургу Сяргею Кавалёву, і партытура, над якой працаваў мастацкі кіраўнік ансамбля салістаў “Класік-Авангард” У.Байдаў. Зварот да гэтых творцаў быў невыпадковым: абодва яны ўжо даўно зарэкамендавалі сябе адданымі “аднаўляльнікамі” беларускай даўніны. Праўда, кожны — на свой лад.

Кавалёў звычайна імкнецца да постмадэрнісцкай гульні з тэкстам першакрыніцы. У “Багацці…” ж, уласна кажучы, “гуляць” не было з чым. І п’еса, сюжэт якой далёка адыйшоў ад калізій, намечаных у арыгінале, запярэсціла спалучэннем розных гістарычных пластоў — як адным з варыянтаў гульнёвых сітуацый. Але складаецца ўражанне, што ўсё гэта сумяшчалася без аб’яднальнай звышідэі. Тэатр у Нясвіжы, як вядома, скончыў сваё існаванне з канчатковым падзелам Рэчы Паспалітай і смерцю Станіслава Караля Радзівіла па мянушцы Пане Каханку. А пік скарбашукальніцтва прыпадае на больш пазнейшыя, паслянапалеонаўскія, гады, калі невядома куды падзелася ледзь не ўсё “золата Радзівілаў”. Рамантызаваныя ж усходнія павевы, што мы бачым у спектаклі, змянілі звыклы для беларусаў “сармацкі стыль” увогуле не раней за сярэдзіну ХІХ ст.

Прынцып “гульні тэкстамі” мог быць рэалізаваны і на стыку сумяшчэння музычных цытат. Праўда, для гэтага патрабуюцца больш ці менш пазнавальныя “запазычанні”. Пра тое ж, што ў “Багацці…” выкарыстаны фрагменты з балета Голанда “Арфей у пекле”, яго вакальнага зборніка “Гульня без карт, або Гарманічныя гутаркі для пачаткоўцаў” і іншая музыка кампазітара, здагадваюцца хіба знаўцы яго творчасці. Астатнім жа застаецца здзіўляцца жудаснай “полістылістыцы”, што ўзнікае ад змяшэння побытавай і міфалагічна “высокай” музычнай “мовы”, і, адначасова, — аркестравай аднастайнасці.

Бо ў Байдава “танцуюць усе”: нават тыя інструменты, што ў іншых выкарыстоўваюцца рэдка, ды трапна, тут задзейнічаны ледзь не “на роўных”, а тыя ці іншыя музыканты, адпаведна, не “гультайнічаюць” у паўзах, а граюць амаль пастаянна ўсе разам. Яно б і няблага, але ў такім камерным, па сутнасці, творы, як гэты, часам хацелася б і больш “камернага”, ансамблевага спалучэння інструментальных ліній замест агульнага туцці.

Такому “лёгкаму” сюжэту больш пасавалі б і “лёгкія” па выкананні мелодыі, што пры рэдагаванні былі ўскладнены прыкметамі “высокай опернасці”, уключаючы адпаведныя таму часу кадэнцыі — зусім не парадыйнага характару.

Гульнёвы пачатак быццам бы намечаны ў сцэнаграфіі, дзе ёсць намёкі і на замкавыя вежы, і на курку на насесце, і ўсё гэта — у адной “шляхецкай” хаце. Тая ж “казачнасць” рэчаіснасці прысутнічае ў сцэнічных строях — абсалютна “цюгаўскіх” (менавіта з гэтага тэатра была запрошана мастак Ала Сарокіна). Гульня пранікае ў рэжысуру Наталлі Башавай, таксама запрошанай з ТЮГа. Дзейныя асобы толькі і робяць, што мітусяцца па сцэне, старанна “забаўляючы” гледача. Быццам бы ўключаецца ў агульнае сцэнічнае дзеянне і дырыжор Вячаслаў Воліч, але ўсяго толькі аднойчы, хаця гэты прыём мог бы атрымаць працяг. Больш паслядоўна “сумяшчэнне несумяшчальнага” прасочваецца ў харэаграфіі Уладзіміра Іванова, але на агульным фоне такія “танцы” выглядаюць недарэчнай пародыяй.

Бачна, што ўсе стараюцца, прыкладаюць намаганні, але ж ці можна гуляць, “закасаўшы рукавы”? А наадварот — працаваць, быццам гуляючы, — у спектаклі штосьці не атрымалася. Можа, таму, што не ўдалося

Зрабіць вынаходніцтва —

гэткі лёгкі, на адным дыханні, росчырк пяра? Стваральнікі спектакля неаднаразова падкрэслівалі, што сцэнічны варыянт далёкі ад першакрыніцы. Так, “рэканструкцыяй” яго не назавеш. Але ж і “фэнтэзі” не атрымалася: спектакль быццам завяз-“завіс” дзесьці пасярэдзіне. Можа, творцы, аддаўшы столькі сіл гэтаму праекту, у пэўны момант проста стаміліся ад яго? Бо “прыціскала” і пачуццё адказнасці, і, на мой погляд, “вялікая сцэна”.

У гэтым сэнсе спектакль усё ж зрабіў калі не “вынаходніцтва”, дык, дакладна, даўно вядомае “адкрыццё”: беларускай оперы “замала” Вялікага тэатра! Ёй па-ранейшаму патрэбна камерная эксперыментальная сцэна, дзе нічога не будзе “прыціскаць”. Адсутнасць апошняй — мабыць, адна з першых прычын, чаму ў нас не знайшлі працягу ранейшыя спробы аднавіць старадаўнія оперы — у прыватнасці, ажно дзве розныя спробы “рэдагавання” так званай школьнай оперы Р.Вардоцкага “Апалон-заканадаўца, ці Рэфармаваны Парнас”: адна — рэжысёра Вячаслава Цюпы, другая — кампазітара Дзмітрыя Смольскага.

А між тым, так жыве ўвесь свет: не толькі піетэтным стаўленнем да захавання помнікаў, але і, вобразна кажучы, “прымалёўваннем” вусікаў, асабліва “таямнічым незнаёмкам” без правераных “пашпартных даных”, бо калі няма завершанага ці добра захаванага арыгінала, застаецца адно — фантазія.

Замест Р.S.



Шматгадовая напружаная праца па вяртанні “Багацця…” завершана. Ці, можа, наадварот — толькі распачата? Бо наперадзе — уласна сцэнічнае жыццё адноўленага і пераасэнсаванага твора беларускай даўніны. Плануецца, што ён будзе паказвацца ў Нясвіжы, Міры і іншых “экскурсійных” месцах. Хай усё складзецца ўдала — незалежна ад цяперашніх ацэнак спектакля музычнымі крытыкамі. Бо з тым, што ад “Багацця…” наша культура сапраўды пабагацела, ніхто не спрачаецца.

Фота Ігара КУЗНЯЦОВА

На здымках: сцэны са спектакля “Чужое багацце нікому не служыць”.