“Там, дзе віруе жыццё...”

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

На кожнай выстаўцы выяўленчага мастацтва штосьці абавязкова зачаруе, прымусіць часцей біцца сэрца. Так было і гэтым разам, на ўрачыстым вернісажы жывапісу Анатоля Отчыка, што экспануецца ў гомельскiм Палацы Румянцавых i Паскевiчаў.

 Раз-пораз я вярталася да палатна пад назвай “Адгалосак страчанага”. І быццам наяве бачыла простыя сялянскія хаты, дзе прайшло маё дзяцінства, царкву ўдалечыні... Мастак сваім талентам ажывіў запаветную струну, і яна загучала пяшчотнай, тонкай мелодыяй...

Анатоль Уладзіміравіч назваў сваю выстаўку (дарэчы, сёмую персанальную, прымеркаваную да ягонага 60-гадовага юбілею і Года роднай зямлі) “Подых Палесся”. Думаецца, вельмі трапна. Бо значная частка яго творчасці прысвечана прыгажосці роднага краю. На Гомельшчыне, у вёсцы Шыічы Калінкавіцкага раёна, прайшло ягонае дзяцінства, Тут ён упершыню адчуў хараство прыроды, палюбіў адвечную сялянскую працу, захапіўся мілагучнасцю роднай мовы. “Я дыхаю роднай старонкай”, — гаворыць мастак.

А таму і заканамерна, што яго пейзажы ўспрымаюцца як своеасаблівыя пасланні нам пра нас, пра час і прастору, дзе віруе жыццё. Неба і вада, гаі і сады — усё гэта было, ёсць і будзе.

Значная частка жывапісных работ Анатоля Уладзіміравіча прысвечана чарнобыльскай тэматыцы. Нямала ён бачыў адселеных і пахаваных вёсак, пакінутых сядзіб і хат. Таму і падкупляюць яго работы шчырасцю, праўдзівасцю. Немагчыма, напрыклад, прайсці міма яго “Пакiнутых”: пазабіваныя крыж-накрыж вокны сялянскай хаты, сумны погляд забытай гаспадарамі коткі… Вывераная, дакладная кампазіцыя, прыглушаныя фарбы. Калі ёсць палітра адчаю, то яна — менавіта ў гэтым палатне.

Аматарам выяўленчага мастацтва імя Анатоля Отчыка добра вядома: творца актыўна ўдзельнічае ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках. Ёсць яго работы ў многіх музеях нашай рэспублікі, а таксама ў зборах блізкага і далёкага замежжа. Анатоль Уладзіміравіч аднолькава добра валодае рознымі тэхнікамі і працуе ў розных відах выяўленчага мастацтва: ён — выдатны майстар плаката, станковага і манументальнага жывапісу, удзельнічае ў афармленні архітэктурна-прасторавага асяроддзя.

Нямногае з ягонай творчай спадчыны экспануецца на гэтай выстаўцы: усяго — 36 работ, напісаных за апошнія пяць гадоў. Але ўсе яны — даволі яркія і значныя. Гэта трэба ўбачыць. І да вас абавязкова прыйдзе адчуванне таго, што нягучны голас мудрага мастака настойліва запрашае на імгненне спыніцца і задумацца...


На здымках: А.Отчык. “На Прыпяці”. А.Отчык. “Ноч, у якую ўзбуяў чарнабыльнік”.