Усё пачыналася з Дняпра...

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Рыгор Шараеў нарадзіўся ў Магілёве. Любоў да малявання ў яго прачнулася ў школьныя гады, дзякуючы мастаку Уладзіміру Юркевічу: хлопчык прысутнічаў пры стварэнні ім натурнага пейзажа ракі Днепр. Тады ён і вырашыў навучыцца гэтаму рамяству ды пайшоў у гурток малявання пры Палацы піянераў.

 “Я памятаю гэты рачны пейзаж да гэтага часу, так ён запаў мне у памяць, асабліва — яркае вялікае сонца!” — узгадвае мастак.

Можаце назваць гэта лёсам, але калі з Мінска прыехаў педагог для адбору ў мастацкую школу-інтэрнат таленавітых дзяцей, дык у лік шчасліўцаў трапіў і Грыша. І пачалася сур’ёзная вучоба: спачатку — у Мінскай мастацкай школе, потым — у Тэатральна-мастацкім інстытуце, які Шараеў скончыў у 1982 годзе па спецыяльнасці “манументальны жывапіс”. Пасля інстытута атрымаў размеркаванне на Магілёўскі мастацка-вытворчы камбінат. Шматлікія дзяржзаказы спрыялі творчаму раскрыццю таленту манументаліста.

Сёлета мастаку спаўняецца пяцьдзесят гадоў.

Усе свае самыя лепшыя ідэі ён увасобіў у манументальным жывапісе. Гэта, у першую чаргу, вітраж у Магілёўскім аддзеле ЗАГС, які мастак ствараў разам з іншымі майстрамі. Каляровая аб’ёмная работа адзначана імкненнем у простай немудрагелістай прыгажосці знайсці гарманічную раўнавагу форм, колеру і святла. Вітраж у МДУ імя Куляшова ўражвае асаблівай выразнасцю і гармоніяй. Гэта яскравы прыклад яснай і строгай кампазіцыі, мяккасці і багацця фарбаў. Роспіс сцен манастыра ў Падніколлі — адзін з яго лепшых манументальных твораў. Акрамя таго, у творчым актыве мастака — вітражы і сцены дзіцячых садкоў, басейнаў, паліклінік, кавярняў, магазінаў горада, энкаўстыка “Навука” ў тэхналагічным каледжы абласнога цэнтра, сграфіта — у Крычаве.

Адна з апошніх работ майстра — роспіс сцен “Карчма на Шклоўскім базары”. Твор уражвае жыццёвай упэўненасцю, смеласцю кампазіцыйнай пабудовы, гарманічнасцю вобразаў простых гараджан, натуральнасцю. Хвалюе выразная пластыка, манахромная стрыманая колеравая гама. Выкарыстоўваючы нетрадыцыйную схему, мастак адкідвае ўсе другаснае, размяшчаючы фігуры такім чынам, каб узмацніць драматычную напружанасць выявы.

Акрамя манументальных твораў, мастак працуе і ў станковым жывапісе. Яго карціны “Нацюрморт са скрыпкай”, “Пейзаж з ракой Беразіной”, “Дарога ўздоўж ракі”, “Партрэт дзвюх сясцёр” неаднаразова экспанаваліся на гарадскіх і рэспубліканскіх выстаўках.


На здымках: работы Р.Шараева — вітраж у басейне і фрагмент роспісу сцяны ў кафэ.