“Арт-Жыжаль” у палявых умовах

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

З 15 ліпеня па 5 жніўня ў Кіраўскім раёне на базе адпачынку “Дом рыбака”, размешчанай на маляўнічым беразе вадасховішча “Чыгірынка”, праходзіў VII Міжнародны пленэр па мастацкай кераміцы “Арт-Жыжаль”.

 Дэвіз пленэру — “Вопыт майстэрства: традыцыі і сучаснасць”. Тэма пленэру — “Кераміка ў інтэр’еры”, якая прадугледжвала раскрыццё своеасаблівых прыёмаў і адметнасцей у формаўтварэнні керамічнай пластыкі, дэкаратыўнай і колеравай разнастайнасці, стылёвага адзінства розных работ пры афармленні канкрэтнага інтэр’ера. Кожны ўдзельнік выканаў адзін дэкаратыўны аўтарскі твор згодна з канцэпцыяй, распрацаванай арганізатарамі гэтай творчай акцыі. Паводле ўмоў пленэру, гэтыя работы былі падораны Бабруйску і знайшлі сваё месца ў афармленні выставачнай залы горада.

Удзельнікі пленэру — 27 майстроў з 10 краін Еўропы, у тым ліку ўпершыню ўзялі ўдзел — Францыя (Клод Осаж), Ірландыя (Бенджаміні Руці) і Англія (Джэйн Джермін). Ад Польшчы прыняла ўдзел Магдалена Заборэка, ад Латвіі — Эліна Цітанэ, ад Літвы — Юргіта Ясінскайтэ, Андрыус Янулайціс, ад Малдавіі — Святлана Жугжда і Валерыу Вынагэ, Украіну прадстаўляў Уладзімір Цюпка, Расію — Наталля Карчомкіна, Наталля Кастрова, Іна Рогава, Вольга Равінская, Таццяна Пунанс, Надзея Мініахметава. Ад Беларусі ўдзельнічалі арганізатар і кіраўнік пленэру Валерый Калтыгін, Ганна Амбросава, Тамара Васюк, Максім Калтыгін, Анатоль Концуб, Яўген Адзіночанка, Павел Рабаў, Ірына Шчасная, Алег Ткачоў, Разалія Бусел і іншыя.

Керамісты з Заходняй Еўропы выклікалі цікавасць сваімі творамі, у якіх адчувалася школа Японіі, Усходу. У той жа час, замежныя госці былі ўражаны высокім узроўнем работ сваіх калег з Беларусі. Па іх словах, на пленэры яны знайшлі для сябе шмат цікавага і новага. Пленэр па кераміцы — гэта не толькі цікавая, але і цяжкая праца, калі ўдзельнікі ствараюць у палявых умовах і аб’ядноўваюцца, каб пасля лепкі правесці абпал. Для гэтага імі былі пабудаваны дзве печы рознай канструкцыі, дзе кожны вечар, а то і ноч праводзілася па некалькі абпальванняў керамікі. Унікальная тэхналогія, якая прысутнічае ў палявых умовах, дапускае пэўную выпадковасць. Таму на пленэры было і невялікае расчараванне, і радасць ад атрыманага выніку.

Даўно вядома, што пленэр па кераміцы “Арт-Жыжаль” з’яўляецца творчай лабараторыяй, дзе развіваецца традыцыйная беларуская тэхналогія абварной керамікі. У палявых умовах, маючы шамот, гліну, печы, дровы, солі, глазур, пры дапамозе рабочых прыстасаванняў і натхнення мастакі здолелі зрабіць вельмі арыгінальныя творы. Арганізавалі і правялі пленэр аддзел культуры Бабруйскага гарвыканкама, Бабруйская гарадская арганізацыя Беларускага саюза мастакоў. Па выніках пленэру будуць праведзены выстаўкі ў Бабруйску, Магілёве і, канешне ж, у Мінску.

Фота Ірыны ШЧАСНАЙ

На здымках: М.Калтыгін, ”Булава”. Т.Пунанс, “Сасуды”. Удзельнікі “Арт-Жыжаля-2009”.