“Арандуем габой. Можна разам з музыкантам”

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Гады чатыры таму Пасольства Індыі падарыла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі калекцыю з 18-ці індыйскіх традыцыйных музычных інструментаў. А летась “разыначкай” ІІІ Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета стала тое, што нашым лепшым скрыпачам дазволілі пайграць на спецыяльна прывезеных рарытэтных інструментах, прыставіўшы да кожнай такой скрыпкі ахову. Вядома, няблага было б, калі б гэткія цудоўныя пачынанні атрымалі пастаянны працяг: хай бы дарылі нам свае інструменты (ды не народныя, а, так бы мовіць, акадэмічныя) прызнаныя фірмы Францыі, Германіі, ЗША, а магчымасць пайграць на “арэндаваных” (а яшчэ лепей — падораных) “страдзіварыусах” атрымліваў бы кожны наш лаўрэат ці проста таленавіты музыкант.

Але і пры такім папраўдзе фантастычным “мецэнацтве” мы засталіся б без беларускіх цымбалаў.

Яшчэ некалькі гадоў таму нашы музыканты марылі пра далейшае ўдасканаленне цымбалаў, уносілі свае прапановы, нават прывозілі з замежжа асабліва цікавыя ўзоры інструментаў-“сваякоў” — для “натхнення” вытворцаў. Сённяшні іхні спадзеў куды больш прыземлены: маўляў, вярніце хаця б тое, што было. Бо ўлічваючы папулярнасць сярод падлеткаў і моладзі той жа гітары, можна прагназаваць, што попыт на яе не паменшыцца. А вось з цымбаламі— можа стацца, што няма будзе на чым вучыць і, галоўнае, каго вучыць.

Ланцужок “школа — вучылішча — кансерваторыя” не замыкаецца на адно навучальных установах, а натуральна ахоплівае і вышэйшае звяно — выканальніцкія калектывы, канцэртныя арганізацыі. Для іх “інструментальнае пытанне” — таксама адно з хвалюючых. Здараліся выпадкі, калі пад час конкурсу ў аркестр перавага аддавалася не самаму таленавітаму музыканту, а таму, у каго ёсць уласны добры інструмент. Сітуацыя патроху “разрульваецца”, грошы калектывам выдаткоўваюцца, але, зразумела, немагчыма замяніць ледзь не ўсе інструменты адразу. Да таго ж, інструмент для сапраўднага музыканта становіцца яго другім “Я”, бліжэйшым сябрам, нават увасабленнем яго душы.

Вось і збірае кожны з іх грошы, бо разумее, што гэтыя ўкладанні — частка яго самаадданага служэння мастацтву. Але ж ці надоўга нам хопіць такіх “апошніх магікан”?..


Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"