Паводле паведамлення службы інфармацыі і грамадскіх сувязей Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны парк “Белавежская пушча” і навакольныя тэрыторыі напярэдадні святкавання юбілею зведалі шмат пераўтварэнняў. Быў пабудаваны Дом экалагічнага асветніцтва з музеем, які замяніў стары. Новыя выставачныя залы абсталявалі па самых апошніх патрабаваннях. Экспазіцыі папоўніліся матэрыяламі нядаўніх археалагічных раскопак, фотаздымкамі, архіўнымі дакументамі. Што датычыцца вальераў для жывёл, то адбыўся іх капітальны рамонт.
Не так даўно на тэрыторыі запаведніка пабудавалі камфартабельную гасцініцу для турыстаў з саунай і басейнам, залай для прэсканферэнцый. Былі распрацаваны чатыры турыстычныя маршруты даўжынёй у некалькі кіламетраў: тры веласіпедныя і адзін пешаходны. Акрамя гэтага, былі адрамантаваны дарогі і масты, якія вядуць да пушчы. Усяго на ўдасканальванне парку і стварэнне інфраструктуры было выдаткавана 77 мільярдаў рублёў. Юбілей самага вядомага ў Беларусі запаведніка прыходзіцца якраз на Год роднай зямлі, таму святкаванню надаецца вялікая ўвага. Сёння “Белавежская пушча” з’яўляецца самым тытулаваным запаведнікам Еўропы, а нядаўна яна прыняла ўдзел у Міжнародным конкурсе “Новыя 7 цудаў свету”, увайшоўшы ў першую сотню лепшых прэтэндэнтаў. Парк штогод наведваюць каля 300 тысяч турыстаў, і колькасць іх пастаянна павялічваецца.