Муза маладых і прыгожых

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Замацоўваюцца музычныя культурныя сувязі паміж Беларуссю і Эстоніяй. На фестываль “Прыгожая музыка”, які адбыўся ў горадзе Пярно, быў запрошаны струнны квартэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Фестываль, арганізатарамі якога выступілі Праваслаўная Царква і гарадскія ўлады, праводзіўся ўпершыню. Яго мэтай было знайсці тыя адтуліны душы, што дапамогуць чалавеку нават у складаных жыццёвых сітуацыях. Таму і праграма складалася адпаведная: у цэнтры апынулася музыка эпохі барока, узоры класікі і неакласікі. Наш студэнцкі калектыў аказаўся адзіным замежным госцем фестывалю.

Арганізатары невыпадкова спынілі свой выбар на прадстаўніках БДАМ: студэнты розных факультэтаў нашай Акадэміі ўжо неаднойчы скаралі эстонскую публіку сваімі выступленнямі. А генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Эстоніі Аляксандр Астроўскі ініцыяваў праект штогадовага “абмену” канцэртамі студэнтаў БДАМ і эстонскіх музыкантаў. Такіх выступленняў будзе не менш як чатыры на год: двойчы нашы маладыя творцы будуць ездзіць з музычнымі падарункамі да сваіх прыбалтыйскіх суседзяў, двойчы — яны да нас.

Наша ж вакальная школа стала лічыцца ў Эстоніі ледзь не эталоннай: у чэрвені на Міжнародным фестывалі опернай музыкі ў Пярно Гран-пры атрымаў першакурснік БДАМ (і, адначасова, адзін з пераможцаў конкурсу “Новыя галасы Беларусі”) Анатоль Сіўко, якога адразу запрасілі паўдзельнічаць і ў іншых міжнародных музычна-тэатральных праектах.


Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"