Велень або Рацібор?

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Дакладна прыкмеціў французскі філосаф, матэматык і фізік Рэнэ Дэкарт: “Гутарыць з іншымі стагоддзямі — амаль тое ж самае, што падарожнічаць”. Зразумела, у пэўнай ступені гэта тычыцца і гісторыка-мастацкай літаратуры, інтарэс да якой з кожным годам павялічваецца ва ўсім свеце. З’яўляюцца на Беларусі і цікавыя творы. Пашыраецца і кола аўтараў, што працягваюць традыцыі Уладзіміра Караткевіча.

 Наталля Голубева - гісторык па адукацыі, у свой час абараніла кандыдацкую дысертацыю. Таму ў яе творах мастацкая праўда не адлучана ад праўды жыццёвай.

Дылогію, што складаецца з аповесцей "Радимичи" і "Земля непокоренная", выпусціла нядаўна Выдавецтва Беларускага экзархату.

У мастацкую канву твораў пісьменніца арганічна ўпісвае легенды як аб паходжанні радзімічаў, так і аб з'яўленні назваў ракі Дняпро і горада Гомеля. Усебакова раскрываюцца побыт і звычаі тагачасных людзей, іх вераванні, узаемаадносіны паміж асобнымі прадстаўнікамі роду...

Адзін з галоўных герояў - Велень закаханы ў Любушу, якая пазней стане ягонай жонкай. Але ж Любушу любіць і Рацібор, адважны і смелы. Да ўсяго, у Веленя закахалася лепшая сяброўка Любушы - Рада. А тут яшчэ з'яўляюцца ў тамтэйшых мясцінах нарманы, якія шукаюць скарбы радзімічаў. Словам, дзея разгортваецца вельмі дынамічная...

Дылогія - сапраўднае падарожжа ў мінуўшчыну. А любое падарожжа - гэта, як вядома, адкрыццё чагосьці новага, невядомага, сустрэча з людзьмі, якія пакідаюць у душы след.