Час збіраць купалава “гняздо”

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

Для супрацоўнікаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы сёлетні год – радасны, але і ўдвая, утрая клапотны. 56 дзён застаецца да 125-годдзя паэта, і за гэты час трэба паспець завяршыць рамонт музейнага будынка, абнавіць экспазіцыю, правесці шэраг святочных мерапрыемстваў… Мы ўбачылі Купалаўскі музей абкружаным рыштаваннямі, абкапаным канавамі, а з вокнаў чуліся пошчак малаткоў і візгат дрэлі. Будынак-помнік архітэктуры , датаваны 1959 годам, дасюль не ведаў капітальнага рэмонту.

 /i/content/pi/cult/114/289/Kupala.jpg
— Прачыталі мы вашу публікацыю “Купала не пазнаў бы Карпілаўку”, — гэтымі словамі сустрэла мяне вучоны сакратар музея Алена Бурбоўская. — Сапраўды, праблема, закранутая ў мінулым нумары “К”, для нас вельмі балючая. На днях мы стэлефанаваліся з пісьменнікам і мастаком Сяргеем Давідовічам, сябрам нашага музея, які жыве ў Карпілаўцы. Ён мяркуе, што звалку смецця на месцы сядзібы Ядвігіна Ш. робяць не вяскоўцы, якія засталіся ўсяго ў 4 хатах, а дачнікі ці яшчэ нейкія чужыя людзі. Работнікі Лагойскага аддзела культуры прыбіралі і вывозілі смецце, спрабавалі лячыць выпаленыя дубы, але чысціня, на жаль, пратрымалася нядоўга.

“Падставай” для ўтварэння несанкцыянаванай звалкі ў памятнай мясціне стаў кар’ер для здабычы пяску, некалі выкапаны пад улюбёнай гарой Ядвігіна Ш. Гэта было зроблена незаконна, бо, як яшчэ раз падкрэсліла А.Бурбоўская, Карпілаўка ўключана ў Купалаўскі заказнік, на яе тэрыторыі сустракаюцца расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу, а непадалёк знаходзіцца курганны могільнік, ці “валатоўкі” — помнік археалогіі. Мы сышліся з Аленай Уладзіміраўнай на думцы, што, каб навесці ў Карпілаўцы сапраўдны парадак, неабходна найперш засыпаць кар’ер і паставіць знак кшталту “Тэрыторыя Купалаўскага заказніка. Звалка смецця забаронена”, а па-другое, падпільнаваць тых, хто надумае парушыць гэтае правіла, і прымяніць да іх належныя санкцыі. “Культура”, са свайго боку, будзе рэгулярна цікавіцца станам сядзібы Ядвігіна Ш., і спадзяёмся, што ў юбілейны год Купалы дарагая для яго мясціна набудзе сапраўды дагледжаны выгляд. А сам музей у сталічным парку імя Янкі Купалы сустрэне дзень нараджэння Песняра абноўленым, папрыгажэлым. Зараз, як патлумачыла Алена Уладзіміраўна, вядзецца капітальны рамонт фасада, умацоўваецца падмурак, робіцца гідраізаляцыя. Апошняе выклікана тым, што глеба ў прырэчнай зоне Свіслачы вільготная, і будынак з гадамі стаў даваць прасадку пасярэдзіне.

— Спачатку мы не планавалі рамонт фондавых памяшканняў, — кажа Алена Уладзіміраўна. — Але вільготнасць паветра ў іх апошнім часам дасягала 90%. Калі ўскрылі падлогу, убачылі пад ёй літаральна гразь. Давялося вычышчаць яе, а потымкласці цэментнае пакрыццё, рабіць прапітку.

А.Бурбоўская запрасіла мяне агледзець бібліятэчную частку фондаў: амаль усе кнігі, часопісы, падшыўкі газет ужо занялі сваё месца на стэлажах. Рамонт доўжыцца амаль год (увесь гэты час музей не пераставаў прымаць наведвальнікаў), і зараз дайшла чарга да замены вокнаў і дзвярэй. Адначасова робіцца новае пакрыццё фасада, праводзіцца рэстаўрацыя ляпніны. Яшчэ плануецца завяршыць унутраныя работы ў фондавым пакоі №30, адрамантаваць актавую залу, прывесці ў парадак вестыбюль.

Міністэрства культуры выдаткавала сродкі як на рамонт, так і на запланаваную да 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы рээкспазіцыю.
— Наведвальнікі, асабліва юныя, часта пытаюцца падчас экскурсіі, як усё ж загінуў Купала, — кажа А.Бурбоўская. — Матэрыялы расследавання гэтага трагічнага выпадку схаваны ў архівах ФСБ, і яшчэ не выйшаў тэрмін даўнасці для іх абнародавання. Але ў 2003 годзе з дапамогай улад Масквы, пасольстваў Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі і Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь музей атрымаў усё начынне пакоя № 414 гасцініцы “Масква”, дзе ў 1942 годзе спыніўся паэт: тыя самыя дзверы, якія ён адчыняў, паркет, па якім хадзіў, лесвічны пралёт, на якім абарвалася яго жыццё. І мы вырашылі ў зале рэпрэсій і вайны зрабіць “астравок”, дзе рэчы, дакументы і фотаздымкі распавядуць аб гібелі паэта. Тут жа адведзена месца для пастамента і урны-копіі той, у якой прах Песняра быў прывезены з Масквы і перапахаваны на вайсковых могілках у Мінску. Дарэчы, на надмагільнай сцяне павінны былі з’явіцца словы паэта: “Мне сняцца сны аб Беларусі”… Але чамусьці гэта ў свой час не было зроблена.

Што датычыць экспазіцыі “Купала і яго асяроддзе”, дык яна была створана яшчэ ў 1976 годзе і ў цэлым вытрымала выпрабаванне часам. Але погляды на некаторыя аспекты нашай гісторыі мяняюцца, фонды папаўняюцца, і таму многія музейныя вітрыны будуць абноўлены.

Адна з іх распавядзе аб паходжанні Купалы — нашчадка шляхецкага роду Луцэвічаў, якія карысталіся гербам “Навіна”.Пашырыцца і тэма “Купала і Вільня”: да супрацоўніцтва паэта з “Нашай Нівай” дададуцца яго творчыя стасункі з С.Палуянам, А.Уласавым, братамі Луцкевічамі, якія пазней былі рэпрэсаваны, а іх імёны на доўгія дзесяцігоддзі выкрэслены з беларускай гісторыі. Будуць паказаны і выявы ўлюбёных віленскіх мясцін Купалы.З’явяцца дадатковыя дадзеныя аб яго перакладчыцкай дзейнасці ў гэты час. Пецярбургскі перыяд жыцця і творчасці Купалы папоўніцца звесткамі пра забароненых у савецкі час паэтаў-эстэтаў Апалона Карынфскага, Надсана, чые вершы наш Пясняр упадабаў і нават пераклаў некаторыя на беларускую мову.

— Нам хочацца таксама па-іншаму адлюстраваць дзейнасць Купалы-драматурга і ўвасабленне яго твораў на тэатральнай сцэне, — дадае А.Бурбоўская. — Ранейшыя аўтары гэтага экспазіцыйнага раздзела напоўнілі яго дакументалістыкай, дзе пераважаюць чорна-белыя фатаграфіі. Але большасць нашых наведвальнікаў — школьнікі, іх вабяць яркія фотаздымкі, запамінальныя вобразы. Сёння мы маем значна большыя магчымасці для расповеду аб драматургіі Купалы — каляровыя фатаграфіі, друкаваныя выданні, макеты, дэкарацыі да пастановак. Вось, напрыклад, нядаўна ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага Барыс Луцэнка паставіў “Сон на кургане” і перадаў нам фотаздымкі і афішы спектакля, трапіла ў музей і інсцэнізацыя твора.

Купалаўскі музей падтрымлівае стасункі з Нацыянальным архівам Беларусі. Дзякуючы яго дырэктару Вячаславу Селяменеву, а таксама супрацоўнікам Віталю Скалабану і Аляксандры Гесь шмат раней невядомых звестак пра паэта знайшлося ў зборы дакументаў пад назвай “Архіў ЧБНК” — гэта дадзеныя аб працы Купалы падчас польскай акупацыі, пра яго ўдзел у заснаванні Інбелкульта і Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Прычым выявілася нават пастанова аб тым, што універсітэт павінен быў насіць імя Купалы. Вялікую цікавасць уяўляе дакумент, які сведчыць аб удзеле Янкі Купалы ў выязной сесіі Акадэміі навук БССР у 1942 г. у Казані, дзе ён сустрэўся з Якубам Коласам.

Многія каштоўныя купалазнаўчыя матэрыялы, што захоўваюцца ў музеі, дасюль нідзе не публікаваліся, нават фрагментарна. Назавём толькі тры з іх: манаграфія Клейнбарта, прысвечаная жыццю і творчасці Песняра, са станоўчай рэцэнзіяй самога Купалы; рукапіснытом успамінаў аб паэце Яўгена Хлябцэвіча; даследаванне паэтыкі Янкі Купалы даваеннага часу, зробленае Ачынскім.

І далёка не ўсе Купалаўскія мясціны мемарыялізаваны (гэта значыць, маюць памятную дошку або іншыя знакі колішняй прысутнасці Песняра) — хутар Ляўшова, урочышча Селішча за два кіламетры ад Акопаў, Бараўцы… Мемарыялізацыя мясцін — вельмі няпростая справа. Нават музейныя філіялы сёння абавязаны выконваць план платных паслуг. У больш выйгрышным становішчы Вязынка, бо туды рэгулярна ходзяць электрычкі. А вось да Акопаў ці Яхімоўшчыны самадзейным турыстам дабрацца складана, аўтобусныя экскурсіі прыязджаюць рэдка. Ды ў плане платных паслуг гэтыя абставіны не ўлічваюцца. Да таго ж, вылучэнне згаданых Купалаўскіх мясцін як турыстычных аб’ектаў запатрабуе пракладкі сучасных пад’язных шляхоў да іх, забеспячэння электрычнай падсветкай, новай штатнай адзінкі вартаўніка…

— Мемарыялізацыя і не можа быць рэнтабельнай, — кажа А.Бурбоўская. — З’яўляліся ў работнікаў музея думкі сабраць у Акопах на адной невялікай тэрыторыі макеты пакінутых Купалам “гнёздаў”. Але хіба можна хоць чым замяніць судакрананне з зямлёй, па якой хадзіў паэт, з паветрам, якім ён дыхаў?! Колішні дырэктар музея Жанна Дапкюнас прыкладала ў свой час шмат намаганняў, каб мемарыялізаваць хаця б Селішча, дзе сям’я Луцэвічаў пражыла 9 гадоў і перажыла вялікае гора: страціла бацьку-кармільца, а неўзабаве шкарлятына забрала жыцці траіх дзяцей. На гэтым месцы павінен стаяць памятны знак.

І, дадамо, добра было б, каб такі знак з’явіўся менавіта сёлета, да юбілею Песняра.Чым багаты будзе для музея і яго наведвальнікаў, і для ўсіх аматараў Купалавага паэтычнага слова гэты год? Блізіцца да завяршэння праца над каталогам “Рукапісная спадчына Янкі Купалы”. Міністэрства культуры выдаткавала 7 мільёнаў рублёў на выданне буклета “Вязынка”, які ўжо здадзены ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Рыхтуюцца да выдання таксама буклет “Ляўкі, ці Восень паэта” і ілюстраваны альбом “З гісторыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы”, кніга аб дзейнасці першага дырэктара Купалаўскага музея Уладзіславы Францаўны Луцэвіч,жонкі паэта.

І, канешне, на працягу года запланаваны святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння нашага Песняра. Нагадаем пра некаторыя з іх. 19 мая ў Вязынцы пройдзе традыцыйны злёт студэнтаў і выкладчыкаў БДУ. На канец мая намечана выязное пасяджэнне літаратурнага аб’яднання школьнікаў Мінскага раёна “Купалінка”. 26 — 27 чэрвеня пройдзе Міжнародная навуковая канферэнцыя “Мастацкі свет Янкі Купалы” з удзелам НАН Беларусі, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Міжнароднага фонду Янкі Купалы. Да канферэнцыі будзе прымеркавана адкрыццё новай выстаўкі з фондаў музея пад назвай “Пачуеш дзіўную легенду”. 7 ліпеня, у дзень нараджэння Песняра, у Вязынцы пры садзейнічанні Маладзечанскага райвыканкама будзе праводзіцца традыцыйнае фальклорнае свята “З адною думкаю аб шчасці Беларусі”.

Музей Янкі Купалы прадставіць свае выязныя выстаўкі на ХІІ Рэспубліканскім фестывалі камернай музыкі “Музы Нясвіжа” і Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. І нарэшце, увосень у Палацы мастацтва разгорнецца Рэспубліканская мастацкая выстаўка “Мастацкія каласавіны”, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

Святлана ІШЧАНКА
Фота Юрыя ІВАНОВА 

P.S. Калі вярстаўся гэты нумар, у Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы быў прызначаны новы дырэктар. Алена Мацевасян працуе ў сістэме Міністэрства культуры РБ з 1986 г. Да гэтага часу працавала ў лабараторыі музейнай дзейнасці БелДІПК. А.Мацевасян падзялілася з рэдакцыяй сваімі планамі: годна адсвяткаваць юбілей Янкі Купалы і ў цесным кантакце з музейным калектывам вырашаць новыя задачы, якія будуць пастаўлены перад музеем.