Прававы саюз

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Пры Цэнтральнай раённай бібліятэцы Навагрудка працуе Цэнтр прававой інфармацыі, дзе праводзяць індывідуальныя кансультацыі супрацоўнікі міжраённай пракуратуры, натарыяльнай канторы, суда і адвакаты юрыдычнай кансультацыі раёна.

Як паведаміла галоўны бібліёграф інфармацыйнага бібліяграфічнага сектара Навагрудскай ЦРБ А.Макарэвіч, публічны Цэнтр прававой інфармацыі нядаўна пачаў супрацоўніцтва з Цэнтрам юрыдычнай адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. У адпаведнай дамоўленасці значыцца, што студэнты юрыдычнага факультэта ўжо з верасня бягучага года пачнуць аказваць на бясплатнай аснове юрыдычную дапамогу насельніцтву, у першую чаргу - сацыяльна неабароненай катэгорыі грамадзян.

ЦРБ адыгрывае ролю "пасрэдніка" паміж кліентам і студэнтам - юрыдычным кансультантам. Карыстальнік Цэнтра звяртаецца да супрацоўніка бібліятэкі з адпаведнымі юрыдычнымі пытаннямі, электронная версія яго ліста адпраўляецца студэнту-юрысту. Той высылае пісьмовы адказ, дакладнасць юрыдычнага афармлення якога правяраецца кваліфікаваным адвакатам з адпаведнай ліцэнзіяй.

Будучыя юрысты маюць магчымасць практычна выкарыстаць набытыя на лекцыях веды.