Паміж традыцыяй і “новым гатункам”

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Вынікі тэатральнага сезона 2008 — 2009 Спецыфічныя задачы ў інтэграцыі намаганняў Традыцыйна ў самы зацішны для тэатраў летні перыяд мы на старонках “К” падводзім вынікі мінулага тэатральнага сезона, аналізуем той шлях, які прайшлі за гэты час айчынныя драматычныя сцэны, і яшчэ раз узгадваем моманты, што ўжо паспелі стаць найноўшай гісторыяй беларускага тэатра.

 Аптымізацыя фестывалізацыі

Нягледзячы на тое, што беларуская тэатральная супольнасць прызвычаілася да сціплага каляндарна-фестывальнага цыкла, у якім буйнымі вызначальнымі вехамі з'яўляюцца восеньская "Белая вежа" ў Брэсце і веснавы "М.@rt.кантакт" у Магілёве, мінулы сезон аздобіў шэраг фестываляў. Большасць з іх па самых розных прычынах з'яўляюцца на айчынным небасхіле не заўсёды перыядычна, напрыклад, Міжнародны фестываль тэатраў лялек і Міжнародны фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.ДунінаМарцінкевіча. Апошні адбыўся дзякуючы свайму "ахоўніку", чыё 200-годдзе адзначалася летась.

Пад час спектакляў замежных удзельнікаў Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек  неаднойчы даводзілася чуць то здзіўленае, а то і абуранае: "А дзе ж тут лялькі?" І сапраўды, цэлы шэраг пастановак, прадэманстраваных мінскаму гледачу, былі зусім не падобны на "жывых лялечак", бо выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці найперш мультымедыйныя тэхналогіі, матэрыялы, прадметы, тэксты, зрэшты, само чалавечае цела як аб'ект анімацыі. Беларускія тэатры лялек на фоне такіх эксперыментаў у большасці сваёй выглядалі безнадзейна старамодна і нават архаічна. Зрэшты, арганізатары фестывалю зусім не ставілі перад сабой задачы правесці нейкі "водападзел" і развесці ўдзельнікаў па розных баках, а наадварот: паспрабавалі ўраўнаважыць "наш" традыцыйны тэатр лялек і тыя накірункі, якімі жыве сёння гэты жанр у Еўропе. І, варта сказаць, у іх гэта атрымалася: свайго гледача меў практычна кожны са спектакляў-удзельнікаў. Аднак на пытанне адносна таго, ці не варта і нам больш актыўна выкарыстоўваць у тэатры лялек найноўшыя тэхналогіі і іншыя, адрозныя ад традыцыйных, формы сцэнічнага дзеяння, Аляксей Ляляўскі, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага тэатра лялек Беларусі, адказаў, што радыкальныя змены наўрад ці здольныя прынесці станоўчы плён. Любы эксперымент, на яго думку, акрамя таго, што ён павінен быць падрыхтаваным, мусіць мець і кола сваіх патэнцыйных спажыўцоў. У нашай краіне пакуль дамінуюць традыцыйныя формы тэатра. І змяніць гэты запыт цягам аднагодвух сезонаў проста немагчыма: для гэтага мусіць быць грунтоўна апрацаваная глядацкая "глеба".

А в ось Міжнародны фестываль нацыянальнай драматургіі паставіў рубам іншыя пытанні: ці зацікаўлены мы ў распаўсюджванні беларускіх п'ес не толькі за межамі краіны, але і ў сябе дома? І што з беларускіх тэкстаў для тэатра, напісаных за апошнія гады, стварае іміджавае поле нашага мастацтва ў міжнароднай прасторы? На жаль, аказалася, сучасная драматургія, якая прысутнічае ў інтэрнет-прасторы і пазіцыянуецца як беларуская, за малым выключэннем, невядомая тут. Некаторыя прозвішчы "драматургаў" і ўвогуле на айчыннай сцэне не гучалі ні разу. З іншага боку, часцяком нашы п'есы-лідэры аказваюцца ўсяго толькі "хатнімі радасцямі", не выклікаючы вялікага інтарэсу на шырокай тэатральнай прасторы.

Але ж даводзіцца канстатаваць і той факт, што сёння практычна нічога не робіцца для сістэматычнага прасоўвання беларускага драматургічнага прадукту на іншыя тэатральныя рынкі. Зразумела, у адказ можна пачуць, што напачатку варта было б насыціць якаснымі п'есамі айчынны попыт, а той, каму вельмі карціць ставіцца за мяжой, і так праводзіць гэтую працу самастойна. Ды справа не ў тым, каб аддаць перавагу нейкаму віду папулярызацыі, а каб, з аднаго боку, мець магчымасць паглядзець на сябе саміх вачыма іншых тэатраў і, у той самы час, паказаць ім, як жа мы бачым сябе ў сусветнай прасторы, над якімі пытаннямі задумваемся.

Пад час аднаго з фестывальных абмеркаванняў прагучала прапанова аб тым, што працу над фестывальнай праграмай рацыянальна распачынаць загадзя: са знаёмства шырокага кола замежных тэатраў з навінкамі беларускай драматургіі і запрашэння спецыяльна тых труп, якія ажыццяўляюць на сваіх сцэнах пастаноўкі твораў айчынных аўтараў. Адзначу, прапанову агучыла прадстаўніца Украіны...

Чытайце беларускае!

У кантэксце згаданай вышэй увагі да беларускай драматургіі хочацца вылучыць адну тэндэнцыю, якая ярка і цікава выявілася менавіта ў мінулым сезоне: нефармальны і небанальны зварот рэжысёраў да нацыянальнай класікі. Не сакрэт, што даволі істотны працэнт знакамітых твораў айчыннай драматургіі мае вельмі сціплы спіс сваіх сцэнічных увасабленняў, сярод якіх удалых пастановак- адзінкі. Прычым часцяком яны адбыліся пры жыцці аўтара.

На фоне гэтага два спектаклі- "Ветрагоны" Уладзіслава Галубка ў рэжысуры Уладзіміра  Савіцкага на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і "Хам" Элізы Ажэшка ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы - сталіся другім, сцэнічным, нараджэннем гэтых аўтараў. А можна нават сказаць - іх перараджэннем. Стала відавочнай старая ісціна адносна таго, што прафесія рэжысёра пачынаецца... з уважлівага і ўдумлівага прачытання твора, пошуку кропак судатыкнення, якія робяць яго актуальным для нашага часу.

Даволі прымітыўная па сваёй канструкцыі камедыя Уладзіслава Галубка ўскрыла, дзякуючы ўвасабленню на Коласаўскай сцэне, актуальныя і для нашага часу "схемы" пошукаў перспектыўнага мужа, а разам з імі - і адказу на праславутае пытанне аб сэнсе жыцця. У тым ліку- і за кошт фармальна-візуальнага "пасялення" герояў спектакля ў атмасферу Віцебска пачатку ХХ стагоддзя з яго ратушай, трамвайчыкамі і... паўсюднай гонкай у жаданні схапіць за хвост птушку шчасця. Але калі адным для гэтага дастаткова простых і шчырых пачуццяў, занятку любімай справай і ціхага хатняга дабрабыту, для другіх жа яно без заграніцы і "спружыновых коней" аніяк не магчымае.

Пра шчасце ж, якое для героя Ігара Дзянісава атаясамліваецца не з сацыяльным палажэннем, а з моцай духоўнага свету і яго глыбіннай, біблейскай, чалавечнасцю, атрымаўся і спектакль "Хам" на сцэне Купалаўскага тэатра ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева. Рэжысёр цалкам вытручвае з твора "сацыяльнае" пытанне і пераводзіць яго ў сферу маралі: наколькі і як доўга чалавек можа быць шчырым і велікадушным у сваёй усёдаравальнасці і веры ў светлую прыроду людзей? І як каханне, народжанае, магчыма, усяго толькі мужчынскай пажадлівасцю і жаданнем валодаць "прыгожай і незвычайнай штучкай", можа адарвацца ад гэтай прыземленасці і ўзняцца да ўзроўню ўсеабдымнай і безумоўнай любові да самой чалавечай прыроды ў асобе адной, няхай нават такой распуснай, жанчыны?..

Спектаклі і праекты

 П р ы е м н а адзначаць, што мінулы сезон падарыў прыхільнікам тэатральнага мастацтва шэраг цікавых момантаў, якія выклікалі неадназначныя, часам нават дыяметральна супрацьлеглыя, ацэнкі і справакавалі тэатральную грамадскасць да пэўных прафесійных дыскусій.

На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра рэжысёр Сяргей Кавальчык паставіў "Бег" - знакаміты, калі не сказаць "культавы", твор Міхаіла Булгакава, пра які, без перабольшвання, кожны другі тэатрал можа расказаць, "як трэба і як не трэба" яго ўвасабляць. У Новым драматычным тэатры, чые ўмовы працы на працягу чатырох гадоў нагадвалі самыя першыя, вандроўныя часы яго існавання, галоўны рэжысёр Дзяніс Нупрэйчык, які яшчэ не заявіў пра сябе якой-кольвек гучнай творчай праграмай, звярнуўся да "Каралевы прыгажосці" ірландскага драматурга Марціна МакДонаха. І тым самым паспрабаваў асвоіць і "прывіць" на айчыннай сцэне папулярную заходнюю драматургію "новага гатунку", радыкальна адрозную ад нашага сённяшняга беларускага драмапісання. У абодвух гэтых рэжысёраў з'явіліся як свае прыхільнікі, так і заўзятыя апалагеты, што прапаноўвалі найперш "дарасці" да абранага матэрыялу. Аднак падобная дыскусія, паўтаруся, мае галоўную сваю прыцягальнасць - у актывізацыі грамадскай думкі, што ў выніку вядзе да актывізацыі ўвагі да самога працэсу ў галіне з боку звычайных гледачоў, прыдзірлівых тэатралаў, прафесіяналаў, дзяржаўных структур...

Асобна некалькі слоў варта сказаць пра Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры, які, урэшце, пачаў сваё матэрыялізаванае існаванне ў сценах Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Праўда, пакуль што ён у многіх сваіх праявах нагадвае не тэатральную лабараторыю, а гурток па інтарэсах. Большасць работ так і застаецца на ўзроўні адзінкавых паказаў, дзе гледачамі з'яўляюцца не тэатральныя практыкі, для якіх гэта магло б быць своеасаблівай "біржай маладых", а сябры і родныя выступоўцаў. Хаця, здараецца, некаторыя з работ і завяршаюцца выхадам у сцэнічнае жыццё, як, у прыватнасці, "Сляпая зорка" Мікалая Рудкоўскага, што нават займела сваю адмысловую  аўдыторыю. Што ж, для спектакляў, атрыманых не дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх тэатральных структур і службаў, падобны працэнт выхаду - вельмі нават нядрэнны.

Але, бадай, самым яркім праектам мінулага сезона стала расійска-беларуская пастаноўка "Вяселля" Антона Чэхава на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Тут гледачам прапанаваны сімбіёз: вядучыя беларускія акцёры паспрабавалі сябе ў саунддраме - навамодным маскоўскім "вынаходніцтве", задэклараваным рэжысёрам Уладзімірам Панковым. Для таго, каб уявіць увесь напал "супрацьстаяння" вакол канчатковага прадукту- спектакля, варта ўявіць сабе, што пад радыкальны эксперымент і "саундызацыю" трапіла не толькі звыклая манера акцёрскай ігры паводле школы перажывання, але і сам аўтарскі тэкст Чэхава, ператвораны ў адвольна скампанаваную лапікавую коўдру. З яе людзі дасведчаныя змогуць "вылоўліваць" тыя ці іншыя аўтарскія акцэнты. І хаця сярод беларускіх рэжысёраў у свой час былі такія смельчакі, якія спрабавалі рухацца ў сваіх эксперыментах гэткім жа шляхам, падобны розгалас ім і не сніўся.

Новыя флагманы

І ўсё ж застанецца ў найноўшай гісторыі беларускага тэатра мінулы сезон найперш тым, што цягам яго была завершана змена мастацкага кіраўніцтва трох нацыянальных драматычных тэатраў. Усе важкія аргументы аб тым, што тэатр мусіць развівацца, разнастаіць сваю прапанову гледачам і, нарэшце, прызнаць, што на двары даўно ўжо ХХІ стагоддзе, якое настойліва вымагае "новых форм", раней сутыкаліся з іншымі контраргументамі: усё ніяк не ўзнікала на гарызонце хаця б прыблізна роўнавялікіх папярэднікам фігур.

Але з часам праблема гэтая не "рассмоктвалася", і, урэшце, першая ластаўка і своеасаблівы "эксперымент" - прызначэнне на пачатку мінулага года на пасаду галоўнага рэжысёра  Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Сяргея Кавальчыка - далі падставы гаварыць пра тое, што сам па сабе факт замены мэтраў на пасадах мастацкіх кіраўнікоў тэатраў на больш маладых і энергічных рэжысёраў, у прынцыпе, магчымы, і, больш за тое, праходзіць ён можа абсалютна "бяскроўна", без пафасных скідванняў папярэднікаў (той жа Барыс Луцэнка і па сённяшні дзень працягвае працаваць у Рускім тэатры ў якасці штатнага рэжысёра) і дэкларацый аб пачатку "новага лепшага жыцця".

Нацыянальны ж акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы атрымаў у якасці новага мастацкага кіраўніка Мікалая Пінігіна. Факт гэты ўсцешыў літаральна ўсіх: ад самой трупы тэатра, што не проста ведае гэтага рэжысёра ў рабоце, але і шчыра падтрымлівае тыя мастацкі арыенціры, якія ён прапануе, да гледачоў. Апошнія, затаіўшы дыханне, чакаюць чарговай яго прэм'еры. Сам Мікалай Пінігін акрэсліў сваю мастацкую пазіцыю наступным чынам: на сцэне Купалаўскага тэатра павінна быць цікавая, актуальная, а самае галоўнае - высакаякасная драматургія, незалежна ад яе "нацыянальнай прыналежнасці". Балазе яркія і таленавітыя акцёры ў тэатры для гэтага ёсць, і яны ні ў чым не саступаюць піцерскім, дзе ў БДТ імя Таўстаногава працаваў рэжысёр.

Як і Мікалай Пінігін у свой час, Рыд Таліпаў, што "атрымаў" Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа літаральна напрыканцы сезона, таксама цягам многіх гадоў марыў мець "свой" калектыў. Але, у адрозненне ад мастацкага кіраўніка Купалаўскага, увесь час працаваў як "вольны стралок". Вось і з віцебскай трупай ён пазнаёміўся раней: пад час працы над пастаноўкамі "Кацярына Іванаўна" і "Васа Жалязнова" са Святланай Акружной у галоўных ролях. Зрэшты, нечаканасць з'яўлення яго кандыдатуры ў якасці новага флагмана Коласаўскага тэатра мае як свае плюсы, так і пэўныя "падводныя камяні". З аднаго боку, прыход у калектыў "старонняга" чалавека можа, пры разумным падыходзе, ажывіць унутрытэатральнае творчае жыццё і даць магчымасць паіншаму праявіцца творчым індывідуальнасцям акцёраў. Але, з іншага, любая агульная праца (і тэатральнае мастацтва - не выключэнне) патрабуе наяўнасці ядра аднадумцаў, якія з гатоўнасцю падставяць плячо ў патрэбны момант.

Цяпер, у бліжэйшыя ж сезоны, перад кожным з новых тэатральных капітанаў паўстануць свае спецыфічныя задачы: перад Мікалаем Пінігіным- прыстасаванне да работы ва ўмовах рэканструкцыі "з поўным высяленнем"; перад Рыдам Таліпавым - прывучаць да сябе як артыстаў-коласаўцаў, так і віцебскага гледача; перад Сяргеем Кавальчыкам, які ўжо паспеў абазначыцца дэбютнай пастаноўкай на Горкаўскай сцэне, - утрымаць у руках свой "крэдыт даверу" і адшукаць для тэатра праславутае "лица необщее выраженье".

Пра "бедных сваякоў" закіньце слоўца...

Няхай не крыўдзяцца на мяне рэгіянальныя тэатры, што працуюць у такіх гарадах, як Мазыр, Слонім, Маладзечна, Пінск, Бабруйск, але сёння яны міжволі апынуліся ў сітуацыі бедных сваякоў: іх наяўнасць нібыта відавочная, але на самой справе ніхто са "старэйшых братоў" не праяўляе на іх адрас колькінебудзь сур'ёзнага, мэтанакіраванага клопату. І пра тое, чым жа жывуць сёння гэтыя калектывы, не дасць грунтоўнага адказу ніводны з тэатральных дзеячаў.

Яны, гэтыя калектывы, нібы і не шукаюць такой ацэнкі: працуюць паціху, згодна з уласнымі ўяўленнямі пра тое, якім павінен быць тэатр у рэгіёне, суадносяць іх са сваімі сіламі і магчымасцямі. Адны іх спектаклі маюць поспех у мясцовага гледача, другія, нярэдка эксперыментальнага кшталту, атрымліваюць у адказ на сваё з'яўленне глядацкае маўчанне і недаўменне. Але ціхмянасць гэтая прадыктавана зусім не сціпласцю, а, на жаль, - нашай нецікаўнасцю да іх.

Штогод у гэтыя калектывы прыязджаюць па размеркаванні маладыя акцёры. Так, рэгіёны, у адрозненне ад сталічных тэатраў, даюць больш шырокія магчымасці для прафесійнай самарэалізацыі. Там адразу будуць ролі. Але на паверку аказваецца, што тое- адзін бок медаля. Іншы ж- амаль поўнае забыццё. А ўзамен з'яўляецца ўпэўненасць: маўляў, тэатр - справа няўдзячная, і патрэбны ён хіба самім акцёрам.

Зрэшты, не ўсё так песімістычна, як гэта можа падацца: жыццё гэтых калектываў усё роўна ідзе сваім парадкам. Часам ім удаецца выехаць на які-небудзь міжнародны фестываль і паглядзець, чым жа жыве-дыхае тэатральнае мастацтва сёння, раз-пораз да каго-небудзь завітваюць сталічныя рэжысёры і з педагагічнай скрупулёзнасцю працуюць з маладымі акцёрамі, адкрываючы наноў тыя творы, якія сталічная сцэна для сябе альбо "закрыла", альбо палічыла неактуальнымі і не вартымі "вялікай" увагі.

Магчыма, вымалёўваючы такую бязрадасную карціну існавання тэатраў у рэгіёнах, я крыху згушчаю фарбы, але выключна дзеля таго, каб прыцягнуць увагу да гэтых калектываў, якія складаюць чвэрць (!) усіх драматычных тэатраў нашай краіны. Мне надзвычай цікава даведацца, наколькі яны самі адчуваюць сябе часткай тэатральнага працэсу Беларусі? Думаю, адказ на гэтае пытанне я ведаю, бо практычна ні на адным з айчынных тэатральных фестываляў я не бачыла ў шэрагах удзельнікаў тэатраў з гэтых маленькіх гарадоў, за выключэннем хіба што "Славянскіх тэатральных сустрэч" у Гомелі, дзе Беларускі драматычны тэатр імя І.Мележа з Мазыра - пастаянны госць.

Думаецца, варта, нарэшце, удзяліць гэтым калектывам большую ўвагу, стварыўшы для іх сітуацыю своеасаблівых справаздачных гастролей, пад час якіх яны акунуцца ў новую атмасферу і "скурай" адчуюць іншага гледача. Аналітыкі ж змогуць убачыць карціну іх развіцця, адзначыць тыя поспехі і станоўчыя бакі, якія варта культываваць і надалей, а таксама - адсачыць праблемныя моманты, што, магчыма, замінаюць гэтым тэатрам выйсці на іншы, якасна новы ўзровень. Ды і, у рэшце рэшт, падобная тэатральная інтэграцыя намаганняў толькі яшчэ больш актывізуе "ўнутрыцэхавыя" стасункі, без якіх ніводны, нават самы прагрэсіўны, дзеяч, не кажучы ўжо пра цэлы калектыў, не здольны будзе падтрымліваць у сваёй душы творчы агеньчык.

* * *

Не хацелася б завяршаць гэты агляд на песімістычнай ноце, бо мінулы сезон са сваімі будзённасцямі і адкрыццямі яшчэ раз пераканаў у жаданні сучаснага беларускага тэатра не "прозябать в безвестности", а вышукваць новыя гарызонты для ўласнага развіцця і творчай самарэалізацыі. Вось толькі для адных гэта пашырэнне - як "Чайка" ў пастаноўцы дырэктара - мастацкага кіраўніка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Валерыя Анісенкі, якую ён у якасці "падарунку да ўласнага дня нараджэння" ажыццявіў на сваім лецішчы пад Мінскам. Для іншых жа, рэгіянальных, тэатраў - магчымасць выехаць за межы свайго "арэала" і паспрабаваць акунуцца ў іншы, такі блізкі, але адначасова і такі далёкі для іх, тэатральны свет сваёй жа краіны.

На здымках:
 "Ветрагоны" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
 "Памінальная малітва" Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек.
 Спектакль "Што Курт Кабэйн узяў з сабой" Тумбаранчо тэатро (Венесуэла) на "Белай вежы".
 "Хам" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. "Звер" Новага драматычнага тэатра (Расія) на "М.@rt.кантакце".
 "Бліндаж" Рэспубліканскага тэатра юнага гледача.
 "Бег" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага.