З племені пасіянарыяў

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

У сваім артыкуле-эпілогу да альбома “Леанід Лапчынскі. Жывапіс” (Мінск, 2003 г.) Лідзія Лапчынская, удава мастака, піша: “Каб выжыць і развівацца жывапісу — трэба даць магчымасць тварыць тым пасіянарыям, мастакамжывапісцам, якія яшчэ працуюць. І не забываць тых, каму час і лёс не далі ні дажыць, ні дапрацаваць”.

 І гэта так. Кажуць, пасмяротны лёс мастака, у адрозненне ад лёсу звычайнага чалавека, простага смяротнага, вылучаецца тым, што, акрамя жывой памяці блізкіх і сяброў, ён яшчэ мае працяг у "вобразах" твораў, якія застануцца нашчадкам.

Але, на жаль, бывае, што і пакінуўшых нас мастакоў забываюць: іх творы не выстаўляюцца, пыляцца недзе ў музейных сховішчах, пра іх не пішуць мастацтвазнаўцы, - такія творцы аказваюцца, лічы, у нябыце.

Такі лёс мог бы напаткаць і цудоўнага жывапісца і педагога 1960-х- пачатку 1990-х гадоў Леаніда Васільевіча Лапчынскага, якога вось ужо 15 гадоў няма з намі. Але ў яго была муза - жонка Лідзія Вітальеўна, былі сябры і аднадумцы, калегі па вучобе, якія зрабілі для "пасмяротнага жыцця" Л.Лапчынскага вельмі шмат, таксама як і для гледачоў, што адкрылі для сябе бліскучага, не падобнага ні на кога мастака са своеасаблівым поглядам на свет - цудоўны і супярэчлівы, бязлітасны і добры, прывабны і непрыемны.

Пачынаючы з 1995 года, арганізавана некалькі персанальных выставак Леаніда Лапчынск ага, у тым ліку ў мінскім Палацы мастацтва і Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, выдадзены манаграфічны ілюстраваны альбом, сродкі масавай інфармацыі таксама не пакідалі па-за ўвагай жыццё і спадчыну творцы.

Апошняя работа Леаніда Васільевіча - "Прывакзальная плошча" - створана незадоўга да скону жывапісца, у 1994 годзе. І гэтае невялікае палатно - трошкі больш за метр па вялікім боку - стала своеасаблівым сімвалам ягонага жыцця. Тут, за вакзалам, у Вішнёвым завулку, 4, быў прыватны дом мастака, з майстэрняйпрыбудовай, садам і кветкамі; адтуль, з плошчы, да яго апошняй кватэры на Партызанскім праспекце, - усяго тры тралейбусныя прыпынкі; і адсюль жа, з плошчы, ён дабіраўся да мастацкага вучылішча, дзе паспяхова выкладаў шмат гадоў. Такім чынам, Прывакзальная плошча са знакамітымі вежамі - уваход у беларускую сталіцу - як "вобраз" апошняй карціны стала своеасаблівым "уваходам" самога мастака ў іншы, вечны свет...

Леанід з юнацтва палюбіў гарадскі, урбаністычны, пейзаж, а таксама вёску і культурную спадчыну роднай краіны. У сваіх паломніцкіх вандроўках са студэнтамі ён маляваў гісторыка-архітэктурныя помнікі Беларусі як... жывых асоб. Усё, што здавалася на першы погляд простым і звычайным, творца ўзвышаў у жывапісе, узнімаў да ўзроўню вялікага мастацтва, як, скажам, гэта рабілі яго любімыя мастакі: ад французскіх імпрэсіяністаў да Пікаса, фавістаў і яго педагогаў - В.Цвіркі і М.Данцыга.

І ўсё ж, як растлумачыць феномен Леаніда Лапчынскага? Празмернай сціпласцю, няўпэўненасцю ў сабе, тым, што яму, педагогу, настаўніку моладзі, было не вельмі зручна афішыраваць сваю мастацкую дзейнасць, якая насіла глыбока асобасны характар?

Мабыць, і тым, і другім, і трэцім. Так, пры жыцці ён не абараніў свой жывапіс. Не прабіваў локцямі шлях "наверх", не бегаў "па інстанцыях", не ўступаў ні ў якія творчыя суполкі, каб захаваць сваю індывідуальнасць, ніколі не здраджваў калегам і дараваў усім, хто яго крыўдзіў. Ну, а калі з'яўляўся боль - то насіў яго ў сабе.

Час расставіў усё па сваіх месцах. Леанід Лапчынскі як чалавек і мастак высокай выхаванасці, унутранай культуры і моцнага духу - сёння з намі...

На здымках:
Леанід Лапчынскі.
Л.Лапчынскі. "Мазырскі краявід з Кафедральным саборам".
Л.Лапчынскі. "Квітнеючы сад".