Час, калі вяртаецца страла

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

У дзяцінстве аўтар гэтай выстаўкі ўяўляў сабе, што “высока над намі знаходзіцца небарай, поўнае каляровых птушак, і што страла, высока пушчаная з добрага лука, вярнуўшыся, прынясе нам цуд-птушку”. А цяпер “можа, ужо надышоў той час, і страла вяртаецца?”

 Для наведвальнікаў Гродзенскай гарадской выставачнай залы такім цудампадарункам стала экспазіцыя "Зямля майго бацькі" з 80 графічных твораў польскага мастака Анджэя Струмілы. Грамадзянін Польшчы, які нарадзіўся ў 1928 годзе ў Вільні, памятае, што па бацькоўскай лініі ягоны род цесна звязаны з Мінскам. Адсюль - і назва выстаўкі-прысвячэння. Пан Анджэй за сваё доўгае, насычанае падзеямі жыццё павандраваў па свеце. Гэты падарожны вопыт - асэнсаванне культурнай спадчыны - адлюстраваны ў нізцы гравюр "Кніга". Праз сціслыя і вобразныя выявы складаецца своеасаблівая анталогія сусветнай літаратуры.

Дарэчы, аўтар працяглы час працуе ў галіне плаката, кніжнага дызайну і ілюстрацыі. Нездарма ён на працягу двух гадоў быў кіраўніком графічнай праграмы публікацый Генеральнага сакратарыята ААН у Нью-Йорку. З 1977 года мастак з'яўляўся камісарам сустрэч  "Мастацтва і асяроддзе ў Віграх". У 1997 - 2001- курыраваў міжнародныя пленэры "Integrart".

Зараз А.Струміла з'яўляецца сябрам Праўлення Фонду польскай культуры, сябрам Ваяводскай Камісіі аховы прыроды ў Сувалках. Працуе ў шматлікіх накірунках: жывапіс, графіка, малюнак, фатаграфія, ілюстрацыя, выставачная дзейнасць, сцэнаграфія. Пабачылі свет два тамы яго паэзіі "Маё" і "Як", а таксама шматлікія кнігі аб прыродзе і культуры. Нястомны падарожнік сабраў калекцыі мастацтва і рэчаў матэрыяльнай культуры Далёкага і Цэнтральнага Усходу для Этнаграфічнага музея ў Кракаве і Музея Азіі і Ціхага акіяна ў Варшаве.

Трэба адзначыць, што экспазіцыя, прадстаўленая беларускаму гледачу, акрамя 30 кніжных ілюстрацый, змяшчае таксама 30 графічных лістоў нізкі "Метафара" і 20 работ серыі "Торс".

На здымках: А.Струміла. З серыі "Торс". А.Струміла. "Грузінская паэзія".