“Самаакупнасць + якасць — фармат вячэрняга сеанса”

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Каментарый з нагоды Максім БУДАНАЎ, дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

- Максім Аляксандравіч, з чым усё ж такі звязаны недастатковы інтарэс беларускага гледача да айчынных стужак у пракаце? Ці ў адной рэкламе справа?

- Вядома, адной рэкламай абысціся нельга. Хоць працаваць у гэтым накірунку трэба больш упарта, асабліва нашай нацыянальнай студыі. Кінатэатры не маюць дастатковых сродкаў, а галоўнае - магчымасцей, каб ствараць рэкламныя ролікі і друкаваныя матэрыялы. Ва ўсіх галінах рэкламай і продажам займаецца вытворца, і кіно тут - не выключэнне. Паглядзіце на рэкламныя матэрыялы тых жа расійскіх кампаній! І зірніце на прадстаўніцтва "Беларусьфільма" на любым расійскім кінарынку!.. Па нарматывах да 5% бюджэту стужкі можна адводзіць на рэкламу, і студыі гэтым трэба абавязкова карыстацца, больш энергічна і ярка прапаноўваючы свой тавар на рынку, у тым ліку міжнародным. Стварэнне нейкай спецыяльнай структуры для продажу беларускіх стужак бачыцца з гэтай прычыны немэтазгодным. Наспела патрэба стварыць паўнавартасную маркетынгавую службу на самой студыі.

- Шмат кажуць пра тое, што беларускім стужкам у раскладзе паказаў адводзіцца не самае лепшае месца...

- Дзённыя сеансы - аб'ектыўная рэальнасць. Не сакрэт, што значная частка гледачоў на беларускіх стужках - школьнікі, студэнты, якіх прыводзяць на сеанс педагогі. А сярод наведвальнікаў вячэрніх сеансаў жадаючых глядзець беларускія стужкі куды меней. Прымушаць глядзець людзей фільмы - нельга. Відавочна: калі студыя зацікавіць сваёй прадукцыяй апошнюю катэгорыю, то кінатэатры будуць ставіць яе карціны і на вечар. У адваротным выпадку ўстановы панясуць страты. Гэта за савецкім часам існавала адзіная сістэма кіравання кінагаліной, цяпер жа няма нават адзінай схемы падпарадкавання кінавідэапракатных устаноў. Частка з іх падпарадкавана аблвыканкамам, частка - абласным упраўленням культуры. Дэпартамент каардынуе дзейнасць кінапракату, аказвае дапамогу па стварэнні нарматыўнай базы і іншым, але адказваць за працэнт беларускага кіно ў рэпертуары пры такіх умовах, пагадзіцеся, цяжка.

- Тым не менш, не магу не зазначыць: мастацкая якасць беларускіх стужак у апошнія гады стала значна вышэйшая...

- Так, але спыняцца на дасягнутым яшчэ вельмі рана. Студыя перажывае складаны перыяд рэканструкцыі, але большай праблемай можна лічыць недахоп кадраў, у тым ліку так званага "сярэдняга звяна", людзей унікальных кінематаграфічных прафесій. Не хапае і вопытных рэжысёраў, а новае пакаленне толькі спасцігае таямніцы майстэрства. Трэба разумець, што кланіраваць таленты нельга, іх трэба гадаваць, ствараць спрыяльныя ўмовы для жыцця і творчасці, у тым ліку і фінансавыя. Тады павысіцца і якасць саміх стужак. А сёння некаторых творцаў клапоціць толькі ўзровень катэгорыі, што атрымае іх стужка, ад якой залежыць памер ганарараў. Заробак аўтараў стужкі павінен таксама і ад касавых збораў ці фестывальных узнагарод. У Расіі даўно выкарыстоўваецца конкурсная сістэма атрымання дзяржаўнай падтрымкі. Правы на пастаноўку павінны атрымліваць толькі высакаякасныя сцэнарыі, стужкі па якіх маюць шанцы на добры прыбытак. Канцэпцыя развіцця кінематаграфіі на бліжэйшыя пяць гадоў, узгодненая з Кіраўніком дзяржавы, якраз прадугледжвае паступовы пераход да самаакупнай вытворчасці, чаго нельга дасягнуць без павышэння мастацкай якасці пастановак.

- Кажуць, справу можа зрушыць з месца так званы нацыянальны праект...

- Безумоўна. Пракатчыкі да гэтай пары ўспамінаюць "Анастасію Слуцкую" Юрыя Елхава, якая практычна акупіла сябе ў пракаце. Мы зараз якраз і займаемся тым, што рыхтуем сцэнарную глебу для будучых нацыянальных праектаў. Мяркуецца, што гэта будзе стужка на гістарычную тэматыку, таму ўжо вядуцца адпаведныя кансультацыі з вучонымі, у тым ліку - з Нацыянальнай акадэміі навук. Але, падкрэслю, без зацікаўленай сумеснай працы ўсіх бакоў, адзінага кіравання, справа па папулярызацыі айчыннага кіно будзе развівацца досыць марудна.