“Адзігітрыя” аб’яднала народы

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

VI Міжнародны праваслаўны маладзёжны фестываль “Адзігітрыя”, які праходзіў з 1 па 5 жніўня ў Віцебску і раёне, згуртаваў выканаўцаў аўтарскай праваслаўнай песні з Беларусі, Расіі і Украіны. Гала-канцэрт у Летнім амфітэатры выклікаў цікавасць у мясцовых жыхароў: ён сабраў больш за 800 чалавек. Завяршыўся ж фестываль 10 жніўня, калі ў выніку хрэснага ходу ўдзельнікі прыйшлі ў Смаленск, да цудадзейнай іконы Прасвятой Багародзіцы ў Свята-Успенскім кафедральным саборы.

Мерапрыемства праходзіла пры падтрымцы Віцебскага аблвыканкама. Размясціліся ўдзельнікі ў летніку "Дружба", які знаходзіцца недалёка ад вёскі Вораны, што за дзесяць кіламетраў ад Віцебска. Па словах дырэктара летніка Вадзіма Піліпчука, 1 і 2 жніўня каля 150 выканаўцаў рыхтаваліся і ўдзельнічалі ў конкурснай праграме, вынікі якой можна было пабачыць на віцебскай плошчы Тысячагоддзя і ў Летнім амфітэатры. Яны падзяліліся на дзве ўзроставыя катэгорыі- ад 16 да 30 гадоў і ад 30 гадоў, - і спаборнічалі ў намінацыях "Аўтар-выканаўца", "Выканаўца" і "Аўтарскі калектыў".

Клірык віцебскага Свята-КірылаМяфодзіеўскага прыхода іерэй Павел Мацук, які з'яўляецца арганізатарам фестывалю, распавёў, што асноўная частка ўдзельнікаў - студэнты розных ВНУ, якія цікавяцца духоўнай музыкай і песнямі.

Хрэсны ход з Беларусі ў Расію з'яўляецца заключным этапам Агульнага хрэснага ходу, які сімвалізуе яднанне народаў. Цягам яго адбываліся музычныя канцэрты, а напрыканцы прайшло святкаванне іконы Божай Маці "Адзігітрыі".